Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне пра “экстрэмісцкі” нумар “Свабоды” адменена


Сёньня калегія Гарадзенскага абласнога суду адмяніла рашэньне Івейскага раённага суду адносна № 127 незарэгістраванай газэты “Свабода”.


Паводле заявы, што паступіла з Гарадзенскай абласной управы КДБ, суд у Іўі 9 верасьня прызнаў, што шэраг публікацый газэты мае экстрэмісцкі характар. Справа цяпер накіраваная на новы разгляд.

Наклад газэты быў сканфіскаваны ў менчука Дзяніса Мазура 19 жніўня на дарозе Менск — Горадня. Абласны суд адмяніў рашэньне Івейскага суду на той падставе, што пры разглядзе справы самога спадара Мазура не было.

У сваёй заяве ў гарадзенскі суд ён напісаў, што ня ўдзельнічаў у працэсе, разгляд справы адбыўся павярхоўна, экспэртызы публікацый “Свабоды” не было, і ўвогуле ён ня лічыць сябе адказным бокам, бо толькі транспартаваў газэту, якая была запакаваная.

Дзяніс Мазур прасіў адмяніць рашэньне Івейскага раённага суду. Ягоныя інтарэсы сёньня ў абласным судзе прадстаўляў менскі адвакат Павал Сапелка. Ён так пракамэнтаваў рашэньне аб адмене:

Павал Сапелка
“Я лічу, што ёсьць адзінае законнае рашэньне, якое магло быць вынесена ў дадзеным выпадку. Кожны грамадзянін мае права ўдзельнічаць у судовым паседжаньні, калі разглядаецца справа, якая тычыцца яго”.

Перад судовай калегіяй адвакат зачытаў прызнаную экстрэмісцкай нататку з газэты “Свабода”. У ёй гаварылася пра тое, што ў Менску каля пасольства Расейскай Фэдэрацыі адбыўся пікет салідарнасьці з Грузіяй, ён працягваўся каля пятнаццаці хвілінаў, а адну з удзельніц арыштавалі на дзесяць сутак.

Сапелка: “У гэтым працэсе, які адбыўся сёньня, не вырашалася пытаньне аб абгрунтаванасьці рашэньня ўвогуле, толькі працэсуальная частка. Але калі справа будзе разглядацца судом першай інстанцыі, то паўстане пытаньне: хто ж павінен прывесьці доказы сьцьверджаньняў, на якіх грунтуецца заява кіраўніцтва абласнога КДБ? На мой погляд, калі яны ня будуць прадстаўленыя кіраўніцтвам КДБ, то суд абавязаны будзе вынесьці рашэньне аб адмове адносна гэтай заявы”.

Вядома, што пасьля таго, як Івейскі райсуд суд вынес рашэньне наконт публікацый газэты “Свабода”, у верасьні ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні апынулася новая справа аб прызнаньні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі. У ёй фігуравалі дзевяць чалавек. Пасьля першага выкліку ў суд позваў яны больш не атрымлівалі.

Сапелка: “Я спадзяюся, што ўсе справы, якія знаходзяцца ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні, чакае лёс справы Аляксея Трубкіна, заява па якой была пакінута без разгляду”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG