Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's Ratings Services 3 лістапада зьмяніла прагноз рэйтынгу Беларусі са “стабільнага” на “нэгатыўны”. Standard & Poor's пагоршыў прагноз рэйтынгу Беларусі ў сувязі з ростам вонкавага ціску. Як адаб'ецца гэта на эканоміцы?


Загадчык аддзелу манэтарнага рэгуляваньня Інстытуту эканомікі Міністэрства эканомікі Гарэгін Вардэванян выказаў такое меркаваньне адносна прагнозаў рэйтынгавага агенцтва Standard & Poor's:
“Па вялікім рахунку, на нас гэта не асабліва моцна паўплывае, бо калі гэты крызыс закрануў асноўныя рынкі і ў Эўропе, і ў Амэрыцы, то, хутчэй за ўсё, будзе скарачэньне фінансавых магчымасьцяў для інвэставаньня. Але казаць, што ў нас быў вялізны паток інвэстыцыяў і раптам з-за гэтых нэгатыўных ацэнак ён рэзка скароціцца, таксама нельга”.
Экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык патлумачыў, што паводле ацэнак агенцтва Standard & Poor's Ratings розныя замежныя інвэстары вырашаюць, ці даваць крэдыты краіне, ці не. Беларусь да мінулага году наагул ня мела крэдытнага рэйтынгу, летась атрымала стабільны. Ну, а сёлета прагноз пагоршыўся:
“Шкалу вось гэтага рэйтынгу ўмоўна можна падзяліць на дзьве часткі: спэкулятыўную і неспэкулятыўную. У нас найвышэйшы рэйтынг у спэкулятыўнай частцы гэтай шкалы. А тое, што прагноз рэйтынгу зьмяніўся са стабільнага на адмоўны, адзначае, што мы будзем мець вышэйшыя працэнтныя стаўкі па крэдытах, якія мы здолеем прыцягнуць на вонкавых рынках. Гэта цалкам натуральна, бо для нас толькі зараз зьмянілі гэты прагноз са стабільнага на адмоўны. Для Расеі гэта ўжо даўно зроблена”.
На думку загадчыка аддзелу Інстытуту эканомікі Гарэгіна Вардэваняна, гэтыя рэйтынгавыя ацэнкі могуць выклікаць занепакоенасьць у некаторых ведамстваў — да прыкладу, у Міністэрства фінансаў, якое адказвае за перамовы і працы, зьвязаныя з паляпшэньнем крэдытнага рэйтынгу ў замежных інстытутах:
“Я думаю, што расейскія крэдыты зусім не зьвязаныя з гэтымі ацэнкамі, тут ідуць асабістыя дамоўленасьці, прынамсі паміж краінамі. Але ніяк не зьвязаныя са стаўкамі на міжнародным рынку. У нас жа асаблівыя адносіны. А што тычыцца крэдытаў МВФ — так, сапраўды, гэта можа на крэдытную стаўку паўплываць”.
Сёньня на нарадзе па пытаньнях дзяржаўных гарантыяў для банкаўскіх укладаў Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што “Беларусь апынулася ў найбольш выгадным становішчы перад глябальнымі эканамічнымі выклікамі, якія ўзьніклі”. І назваў фактары гэтага: актыўную ролю дзяржавы, дакладную сыстэму ўладных структур, кіраванасьць эканомікі, пэрспэктыўнае плянаваньне, мабілізацыю ўнутраных рэсурсаў.
Эканаміст Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык мяркуе, што крызыс выявіў карэнныя праблемы беларускай эканомікі:
“Зараз, паводле таго ж “Standard & Poor's”, Беларусі патрэбныя даволі глыбокія рэформы. Пачакаем, як улады адгукнуцца на патрэбы ў гэтых рэформах”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG