Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Дракахруст: мая парада - ня надта слухаць парады


“Што б вы параілі зрабіць новаму прэзыдэнту ЗША ў дачыненьні да Беларусі?”

Я б параіў новаму прэзыдэнту ЗША ня надта слухаць парады, якія даюць яму інтэлігенты кшталту мяне. Інтэлігенты мяркуюць, што ўсё ведаюць – што і як рабіць, але калі яны самі ці нехта іншы бярэцца выконваць іх парады, вынікі звычайна атрымліваюцца вартымі жалю. Усе вялікія палітыкі, у тым ліку і вялікія папярэднікі амэрыканскага прэзыдэнта, імя якога мы даведаемся заўтра, насамрэч стратэгію сваіх дзеяньняў распрацоўвалі, вынаходзілі самі, а ня бралі ў сваіх і тым больш замежных дарадцаў. Калі прэзыдэнт ЗША будзе рабіць тое, што магу прыдумаць я, гэта будзе ня самы лепшы лідэр, а я жадаю Амэрыцы вялікага прэзыдэнта. Ён зараз ёй патрэбны, як ніколі.

Адзінае, што можна было б яму не параіць, а пажадаць – проста зацікавіцца далёкай краінай на Ўсходзе Эўропы, успрыняць яе цяперашні стан, як інтэлектуальны выклік. Гэта як мінімум, прычым мінімум наўрад ці дасягальны – у новага гаспадара Белага дому будуць клопаты нашмат больш важныя, чым Беларусь. Ягоныя папярэднікі спрабавалі даволі вялікі набор сродкаў, каб навярнуць гэтую краіну на шлях палітычнай і эканамічнай свабоды: санкцыі ўводзілі (яны і цяпер адносна Беларусі дзейнічаюць), грамадзянскую супольнасьць падтрымлівалі, пакрокавую стратэгію прапаноўвалі – нічога не мянялася, а ў пэўным сэнсе рабілася нават горш.

Добра было б , каб новы лідэр ЗША зрабіў рэвізію ўсіх гэтых падыходаў і прыдумаў новы, вырашыў беларускую галаваломку. Насамрэч моцныя ідэі кшталту палітыкі стрымліваньня ці пляну Маршала простыя – калі яны прыходзяць камусьці ў галаву, потым усе зьдзіўляюцца, як гэта ніхто не прыдумаў раней такую простую рэч? Але калі і пакуль няма такой ідэі, то адбываецца таптаньне на месцы, бясплённыя спробы зрэалізаваць старыя ідэі, якія былі дарэчнымі для іншых часоў і іншых месцаў, але не спрацоўваюць тут і цяпер.

Ну, а якая гэта магла б быць ідэя? А адкуль я ведаю, я ж на прэзыдэнта ЗША не балятуюся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG