Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэйскурант на міліцэйскі дручок


Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Сяргей Шыцікаў адхіліў пазоў актывістаў Пятра Кузьняцова, Андрэя Толчына, Аляксандра Процкі й Натальлі Шчукінай на забарону пікетаў.

Пікеты замаўляліся ў верасьні – падчас агітацыйнай кампаніі па выбарах дэпутатаў парлямэнту. Мэтай замоўнікаў было – патлумачыць сваю пазыцыю на выбарах і агітаваць супраць уладных кандыдатаў, якія балятаваліся ў парлямэнт на другі тэрмін.
Прадстаўніца гарвыканкаму ў судзе Паліна Лабанава патлумачыла, што падставай для забароны стала найперш тое, што актывісты не “ўказалі ў замовах парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў” і не заключылі дамоваў зь міліцыяй, цэнтральнай гарадзкой паліклінікай і спэцаўтапрадпрыемствам на абслугоўваньне пікетаў. Пры гэтым спадарыня Лабанава нават не магла патлумачыць, што азначае “парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў”.
Пазоўнік да гарвыканкаму Андрэй Толчын, у прыватнасьці, патлумачыў у судзе, што ў прэйскуранце паслуг мэдычных установаў і міліцыі не існуе нават тэрміну “абслугоўваньне масавых мерапрыемстваў”. Калі так пойдзе й надалей, то хутка за “ўдар дручком” грамадзянам прыйдзецца яшчэ й прыплачваць міліцэйскаму спэцназу, кажа ён. Але ж і такой “паслугі” няма ў прэйскуранце.
Сёньняшняя адмова судзьдзі Шыцікава ў прэтэнзіях актывістаў да гарвыканкаму ня першая. У сярэдзіне кастрычніка судзьдзя гэтаксама не знайшоў падставаў на адмену рашэньня гарвыканкаму, які забараніў гомельскім палітыкам Уладзімеру Кацору й Васілю Палякову правесьці мітынг і пікеты падчас перадвыбарчай агітацыі ў парлямэнт. І гэта пры тым, што старшыня Цэнтрвыбаркаму паведамляла гомельскім актывістам, што Гомельскаму гарвыканкаму рэкамэндавана на час выбараў не патрабаваць ад заяўнікаў заключэньня дамоваў зь міліцыяй, мэдыкамі ды спэцаўтапрадпрыемствам на абслугоўваньне масавых мерапрыемстваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG