Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле пастановы Міністэрства эканомікі, ад сярэдзіны верасьня гандляры кветкамі, фармуючы кошты, ня маюць права рабіць гандлёвую надбаўку вышэй за 30%. Гандляры кветкамі лічаць, што гэтыя абмежаваньні зьнішчаць іх бізнэс.

Гандляры кветкамі казалі пра набліжэньне кветкавага крызысу адразу пасьля зьяўленьня пастановы №183. А спажыўцы гэта заўважылі на пачатку мінулага тыдня, калі з продажу амаль зьніклі імпартныя кветкі – ружы, герберы і хрызантэмы. Пункты продажу ў цэнтры зачыняліся адзін за адным. Прычынай было прыпыненьне дзейнасьці гуртавікоў-кветачнікаў. Расказвае Анатоль Шумчанка, кіраўнік рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва»:
“Яны замаўляюць кветкі на аўкцыёнах, вялізныя фуры, а ўжо тут нашыя ІП купляюць тавар. Шмат хто пацярпеў, вялікія страты, невядома, як яны здолеюць працаваць далей, будаваць бізнэс на тых умовах, што ёсьць сёньня”...
Гандлярка крамы на бульвары Талбухіна кажа, што працуюць яны “як на парахавой бочцы”, жывучы толькі сёньняшнім днём:
“Калі гэты крызыс быў, калі кветак у горадзе не было, людзі проста з глузду ехалі. Што і зразумела – цяпер жа сэзон, вельмі шмат вясельляў, дый наагул сэзон кветкавы, а кветак у горадзе няма. Я толькі не разумею, чаму людзі маўчаць. Адзін сказаў – не атрымаў выніку, другі сказаў... Але ж калі б усе хорам сказалі, то, магчыма, нехта ды пачуў бы”...
Прачыталі, паслухалі, не зразумелі
Быць пачутымі пакуль што імкнуцца прадпрымальнікі. Яшчэ ў верасьні яны накіравалі ў Міністэрства эканомікі калектыўны ліст з аргумэнтацыяй, чаму 30% надбаўка зьнішчыць іх працу. Але, выглядае, тлумачэньні былі незразумелымі. Анатоль Шумчанка, кіраўнік аб’яднаньня “Пэрспэктыва», распавядае пра вынік сустрэчы ў Мінэканомікі:
Анатоль Шумчанка
“На мінулым тыдні адбылося паседжаньне працоўнай групы ў Дэпартамэнце прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі з удзелам прадстаўнікоў улады і прадстаўнікоў кветкавага бізнэсу. Адзінае рашэньне, што было прынятае – каб прадстаўнікі кветкавага бізнэсу зноў напісалі свае абгрунтаваньні і прапановы на выхад з крызысу”...
У сталічным саюзе прадпрымальнікаў лічаць, што шанцы на адмену 183-й пастановы ёсьць:
“Ідуць паседжаньні працоўных групаў па гэтым пытаньні, але пытаньне ня вырашанае пакуль, застаецца адкрытым... Як і шмат якія з тых, што абмяркоўваліся, зь іншых галінаў эканомікі. Надзея памірае апошняй, таму, канечне, пакуль спадзяемся на станоўчы вынік“...
Каму гэта патрэбна?
На думку гандляркі кветкамі Галіны, пастанова 183 – гэта ня толькі ўдар па гандлярам. Гэта яшчэ і ўдар па правах і інтарэсах спажыўца:
“Людзі ж прызвычаіліся да добрых кветак!!! Гэта ж не мясцовая гвазьдзічка ці ружачка... Пастаянных кліентаў шмат: ведаеш, каму што трэба, падбіраеш... І ўсе разьлічваюць на тое, што кветкі патрэбны! Павінны быць!”.
Але і мясцовыя вытворцы кветак таксама б’юць у званы. Прадпрыемства “Кветкі сталіцы” і вырошчвае, і прадае кветкі. У маркетынгавым аддзеле кажуць, што на дадзены момант попыт перавышае прапановы. Штодзень за 1-2 гадзіны ўсё, што вырасьцілі і зрэзалі, прадаецца:
“Кошты нізкія: ружа 50 сантымэтраў – 2,5 тысячы рублёў, 60 сантымэтраў – 3250... Але ўласна кошт – адно... А ў нас яшчэ ёсьць гандаль, адпаведна аплата арэнды 8 крамаў. Як гэта аплаціць з гандлёвай надбаўкай у 30%? Зноў жа – попыт на кветкі перад 8 сакавіка, іншымі сьвятамі. І ў гэты час прадаваць кветкі па 2,5 тысячы?”.
“Кветкі сталіцы” таксама, як і іншыя, пісалі ў Мінэканомікі тлумачэньні, чаму 30% гандлёвай надбаўкі не дазволяць ім выжыць. І спадзяюцца на станоўчы адказ. У іншым выпадку, па словах маёй суразмоўніцы, прадпрыемства загіне:
“Хай бы яны хоць б на імпартаваную прадукцыю гэта рабілі, але пашкадавалі б уласнага, айчыннага вытворцу! Бо вытворцаў ставяць на калені проста”...
На думку Анатоля Шумчанкі, нядаўні дэфіцыт кветак – гэта толькі пачатак праблем прадпрымальнікаў:
“Гэты крызыс стаў першай ластаўкай таго, наколькі важную ролю ў нашым звыклым жыцьці адыгрываюць прадпрымальнікі. І, “дзякуючы” гэтай пастанове, мы яшчэ адчуем на сабе і адток замежнага бізнэсу, і недаатрыманыя патэнцыйныя інвэстыцыі, якія папросту будуць баяцца ісьці ў нашу дзяржаву”
XS
SM
MD
LG