Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка сёньня сустрэўся з кіраўніком лібійскай рэвалюцыі Муамарам Кадафі, які знаходзіцца ў Беларусі з трохдзённым афіцыйным візытам.


У часе перамоваў А.Лукашэнка назваў Лібію “сябрам і партнэрам Беларусі”, а Кадафі — “братам Муамарам”.

Візыт лібійскага лідэра ў Беларусь арганізаваны на самым высокім узроўні. У аэрапорце яго сустракаў асабіста Аляксандар Лукашэнка — гэта выключэньне з правілаў, звычайна такую ролю даручаюць прэм’еру ці нават аднаму зь віцэ-прэм’ераў.

Вітаючы госьця ў сваёй рэзыдэнцыі, А. Лукашэнка выказаў радасьць:

“Мы вельмі радыя вашай перамозе на міжнароднай арэне. Мы ведаем, як складана было выстаяць, вытрымаць міжнародныя санкцыі, абсалютна незаконна навязаныя вашай краіне. І пры гэтым вывесьці краіну ў лік дзяржаваў, якія сёньня вызначаюць палітыку ў сьвеце”.

А. Лукашэнка прызнаўся, што яму імпануе палітыка Лібіі ў ААН, што ў Беларусі і Лібіі няма розных падыходаў да асноўных праблемаў пабудовы парадку ў сьвеце, што абедзьве краіны выступаюць за шматпалярнасьць.

“Закрытых тэмаў для нашага супрацоўніцтва зь Лібіяй няма, і мы хацелі б, каб вы падтрымалі імкненьне нашай краіны працаваць у Лібіі. Мы будзем вітаць вашых спэцыялістаў па любых накірунках у нас, ваш бізнэс у Беларусі”.

Муамар Кадафі ў адказ заявіў, што Беларусь працягнула руку дружбы Лібіі ў цяжкі пэрыяд міжнародных санкцыяў, згадаў візыт А. Лукашэнкі ў Трыпалі ў 2000 годзе і запрасіў яго яшчэ раз наведаць Лібію.

Спадар Кадафі таксама выказаў спадзяваньне, што ягоны візыт стане “вялікім штуршком у разьвіцьці адносінаў”. Ён паведаміў, што ўчора сустракаўся зь лібійскімі курсантамі і афіцэрамі, якія вучацца ў Беларусі, і тыя задаволеныя навучаньнем.

Аляксей Кароль
Менскія назіральнікі не выключаюць, што Кадафі захоча пашырыць вайсковае і эканамічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Але істотнага росту яны не чакаюць — двухбаковы таваразварот складае ўсяго 19 мільёнаў даляраў. Для Кадафі Беларусь важная як саюзьнік Расеі, зь якой у яго больш кантрактаў, перакананы менскі палітоляг Аляксей Кароль.

“Любы рэжым імкнецца да пашырэньня сваіх стасункаў у сьвеце. Але канкрэтна візыт Кадафі, я думаю, зьвязаны са стасункамі Расеі і Беларусі. Толькі ў гэтым кантэксьце ён уяўляе нейкі інтарэс для Лібіі, для Кадафі”.

Беларускаму боку цяпер патрэбныя любыя кантакты, каб паказаць, што ён не застаецца ў міжнароднай ізаляцыі. Апрача таго, магчыма, што афіцыйны Менск разьлічвае і на нейкія выгады, мяркуе менскі аналітык па міжнародных пытаньнях Андрэй Фёдараў. Асабліва прыязны прыём Кадафі А. Лукашэнкам ён патлумачыў наступным чынам:

“Можа, яму проста прыемна, можа, гэта асабістыя пачуцьці, у іх шмат у чым падобныя погляды на сьвет, падобнае стаўленьне да Захаду”.

Паводле Андрэя Фёдарава, на імідж Лукашэнкі і ягоныя спробы наладзіць дыялёг з Захадам гэты візыт асабліва не паўплывае, бо Муамар Кадафі нядаўна выпаў з “восі зла”, пайшоў на саступкі і нармалізацыю адносін з Захадам.

XS
SM
MD
LG