Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін калгас – 19 крымінальных спраў


Крычаўскі раённы суд пачаў разглядаць крымінальную справу супраць былых кіраўнікоў сельскагаспадарчага прадпрыемства “Бель”.


За злоўжываньне службовым становішчам ды махлярства было заведзена ажно 19 крымінальных спраў. Чацьвёра злачынцаў асуджаныя раней, яшчэ трое — на лаве падсудных.

Крымінальную справу распачалі з ініцыятывы абласной пракуратуры.

За судовым працэсам у Крычаве назірае Мікалай Гердзій, колішні чыноўнік мясцовай вэртыкалі.

Паводле яго, крычаўскі раённы суд у чэрвені ўжо пакараў намесьніцу старшыні, галоўнага заатэхніка, загадчыцу малочнатаварнага комплексу ды загадчыцу лябараторыі. Суд вызначыў, што яны рабілі прыпіскі.

На тым працэсе кіраўнік сельгаспрадпрыемства Мікалай Супранецкі праходзіў сьведкам. Цяпер, кажа Мікалай Гердзій, яму інкрымінуецца злоўжываньне ўладай, службовым становішчам, а таксама крадзеж ды махлярства.

“Інкрымінуецца яму вымаганьне крэдытаў у асабліва буйных памерах — 1,8 мільярда рублёў. Яны зерне й палі закладалі пад некалькі крэдытаў. Акрамя таго, прыпіскі па пасяўных плошчах: больш за трыста гектараў жыта й пшаніцы прыпісалі і больш за шэсьцьдзесят — азімага рапсу”, — цьвердзіць Мікалай Гердзій.

Паказаньні галоўнага агранома гаспадаркі Натальлі Цывунчык і кладаўшчыцы Людмілы Емяльянавай, якія абвінавачваюцца таксама ў злоўжываньні службовым становішчам, суд яшчэ не заслухоўваў.

Як вынікае з паказаньняў сьведак, у гаспадарцы на працягу некалькіх гадоў існавала добра адладжаная сыстэма прыпісак. У яе былі ўцягнутыя камбайнэры, кіроўцы, якія адвозілі з палёў зерне, бугальтары, эканамісты ды кладаўшчыцы.

Працэс вядзе старшыня Крычаўскага раённага суду Алена Азаранка:

“Камэнтароў я пакуль ніякіх не даю. Пакуль, скажам так, вырак па справе ня ўступіць у законную сілу. Абвінавачваньне прад’яўленае за прыпіскі зерня й малака”.

У Крычаўскім райвыканкаме не камэнтуюць судовых працэсаў, зьвязаных зь дзейнасьцю адной зь перадавых гаспадарак раёну:

“Я ня ў курсе справы. Там суд вызначыць, былі там прыпіскі ці не”, — зазначыў у тэлефоннай гутарцы начальнік управы сельскай гаспадаркі й харчаваньня райвыканкаму Ўладзімер Мішчанка.

Крымінальную справу супраць кіраўніцтва “Белі” распачалі з ініцыятывы абласной пракуратуры па выніках праверкі дзейнасьці гаспадаркі камітэтам дзяржаўнага кантролю. У пракуратуры пакуль таксама не жадаюць камэнтаваць судовы працэс.

Былы кіраўнік у аграпрамысловым комплексе Меншчыны Аляксандар Ярашук лічыць, што прыпіскі ў сельскай гаспадарцы застануцца, пакуль яна не асвоіць цывілізаваных рынкавых падыходаў:

“Канчатковы крытэр ацэнкі дзейнасьці кадраў — той самы вал. Чым больш намалацілі, чым больш надаілі, тым лепей выглядае ці то кіраўнік, ці то спэцыяліст. Змагацца з гэтай зьявай адміністрацыйнымі мэтадамі немагчыма. Да той пары, пакуль ня будзе рынкавых адносінаў, пакуль ня зьявіцца ўласьнік. Менавіта пры ўласьніку зьнікае гэтая агідная зьява”.

Ад 2005 году гаспадарка “Бель” улучаная ў склад шасьцідзесяці базавых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Беларусі, якія павінны былі ўжо дасягнуць сярэднеэўрапейскіх паказчыкаў ураджайнасьці, а таксама вытворчасьці малака ды мяса. Але і на сёньня гэтыя пляны застаюцца нявыкананымі.

XS
SM
MD
LG