Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Два БНФ, дзьве калёны— хоць разрывайся на часткі”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 3 лістапада, панядзелак.


Да дня памяці продкаў “Дзяды” дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі зладзіла масавае шэсьце ў Курапаты. Сёлетняе шэсьце на “Дзяды” праходзіла дзьвюма калёнамі: Партыя БНФ і яе прыхільнікі рухаліся ад Усходніх могілак, Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ -- ад менскага гадзіньнікавага заводу. Камэнтары слухачоў:

Ільля Копыл, Менск: “Вярнуўся з Курапат. У мерапрыемствах на Дзяды я прымаю ўдзел штогод. Гэтым годам мяне напаткалі цяжкасьці. Два БНФ, дзьве калёны, хацелася ісьці там і там — хоць разрывайся на часткі”.

Спадар: “На Дзяды каля дзьвюх тысяч людзей сабралася. Дык адкажыце на пытаньне: колькі сяброў у КХП БНФ, у партыі Паўла Севярынца і іншых?”

На пытаньне адказваюць намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Папкоў і лідэр у стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Павал Севярынец:

Папкоў: “Мы чалавека ня ведаем, ня ведаем, зь якой мэтай ён цікавіцца гэтым пытаньнем. Няхай прыходзіць у партыю, актыўна паводзіцца і тады даведаецца”.

Севярынец: “На сёньня ў актыве Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі каля 1 770 чалавек. У асноўным гэта людзі з рэгіёнаў, якія зьяўляюцца вернікамі розных цэркваў. На жаль, ня ўсе яны ў такі дзень могуць прыехаць у Менск. Але нашы сябры ўдзельнічалі ў абодвух шэсьцях. Некаторыя зь іх прайшлі паўдарогі з адным, а паўдарогі зь іншым. Нам не падабаецца падзеленасьць шэсьця, і мне падаецца, што галоўная прычына, чаму людзей было мала, — што ня здолелі дамовіцца паміж сабой два народныя франты”.

У працяг тэмы яшчэ адно пытаньне слухача:

Спадар: “Учорашні дзень 2 лістапада патрабуе сур’ёзнай аналітыкі. Па-першае, не было аніякае рэклямы для народу. Па-другое, адбываюцца два мітынгі паралельна: КХП БНФ сама па сабе, а БНФ сам па сабе. Вам цяжка было дамовіцца? Чаму вы ўвялі ў зман народ? Чаму дзьве калёны, а не адна? Адкажыце на гэтыя пытаньні”.

На пытаньне адказваюць намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі і намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

Беленькі: “Палітычна тут, канечне, разьмежаваньні ёсьць, і гэта абсалютна відавочна. Што тычыцца саміх “Дзядоў”, то агульнанацыянальная акцыя прайшла ў традыцыйным фармаце. Пасьля шэсьця і мітынгу я падыходзіў да розных людзей і быў вельмі ўсьцешаны, бо я не пачуў адмоўных ацэнак”.

Івашкевіч: “Для тых людзей, якія чытаюць незалежную прэсу, а таксама недзяржаўныя беларускія інтэрнэт-сайты, інфармацыі было дастаткова. Чаму людзі не захацелі прыйсьці — гэта асобнае пытаньне. Што тычыцца дзьвюх калён і мітынгаў, то ніякай канфрантацыі у Курапатах не існавала. Паўстае пытаньне: ці быў гэты чалавек сам у Курапатах і ці бачыў там нейкую канфрантацыю? Я яе ня бачыў”.

Напярэдадні “Дзядоў” сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ затрымалі двух непаўналетніх злачынцаў, якія ламалі крыжы ў Курапатах. Выказваньні слухачоў:

Спадар:

“Вандалы ў Курапатах — гэта, відаць, унукі
Тых сталінскіх катаў, а катаў улада хавае.
Іх могілкі ў парадку трымае.
Іх правадыр, як мае быць,
На алеі каля маўзалея ляжыць.
Казаў слухач, яго дзядзька ў Курапатах недзе ляжыць”.


Працягваем праграму яшчэ адным тэлефанаваньнем:

Спадар: “Тэрмінова патрэбна дапамога. Малады беларускамоўны пастар царквы “Боскі дар” Юрась Сьмірноў, таксама вядомы сярод эвангельскіх вернікаў як перакладчык кнігі “Хлеб наш надзённы”, знаходзіцца ў коме ў сталічным шпіталі нумар пяць. З суботы з 25 кастрычніка 2008 году — ужо дзясятыя суткі. Прызначанае лячэньне не дапамагае, ёсьць падазрэньне, што дыягназ вызначаны недакладна. Вельмі патрэбная малітоўная і матэрыяльная дапамога, бо можа спатрэбіцца транспартацыя хворага за мяжу. Тэлефон ягонае сям’і 8-029-563-60-59 (МТС), тэлефон доктара 296-43-89”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG