Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія Крыжы памяці ў Рэспубліцы Комі


Міхась Скобла

Міхась Скобла

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя. Эфір 2 лістапада


Гэты чалавек мае дзіўнае для сваякоў і знаёмцаў захапленьне: штогод ён едзе ў Рэспубліку Комі і ўсталёўвае там на месцы масавых лягерных пахаваньняў крыжы. Ушаноўвае памяць загінулых у Гулагу суайчыньнікаў. Не знайшоўшы аднадумцаў у Беларусі, ён адшукаў іх у Варкуце, у Абезі, у Інце, у Салехардзе… І з гэтага шляху яго ня можа зьбіць нішто: ні застрашваньні з боку мясцовых уладаў, ні нават пагроза жыцьцю... Георгі Каржанеўскі – госьць “Вольнай студыі”.

“Мой бацька да 1993 году ня мог пакінуць месца высылкі ў Комі і вярнуцца ў Беларусь”

Міхась Скобла: “Спадар Георгі, па прафэсіі вы – інжынэр вадаправодных збудаваньняў, жывяце ў Валожыне. Як жа вы апынуліся ў далёкай Рэспубліцы Комі, на месцы колішніх савецкіх канцлягероў?”

Георгі Каржанеўскі: “Я хацеў вызваліць бацьку. Мне было два гады, калі яго ў 1951 годзе арыштавалі – не хацеў ісьці ў калгас. Яго судзілі па трох артыкулах, зьвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Польшчы, у падрыхтоўцы збройнага выступу супраць савецкай улады… Вывезьлі ў Комі АССР, у Інту, у лягер “Мінэральны” – найбольш страшны ў сыстэме Гулагу. Там былі “контррэвалюцыянэры”, “здраднікі радзімы”. У 1956 годзе бацьку вызвалілі з-за дроту, але забаранілі адтуль выяжджаць. Ён ня мог нікуды паехаць, асабліва ў Беларусь. А ён інкогніта ўзяў і прыехаў. Памятаю, прыходзіў да мяне ў школу, потым, кажа, схаджу ў адведкі да маці і вярнуся. І – не вярнуўся. Нехта выдаў, і яго схапілі. Патрымалі трохі ў турме ў Наваградку і вывезьлі назад у лягер. Потым ён яшчэ некалькі разоў прыяжджаў, таксама патаемна. Тады абышлося. Але афіцыйна пакінуць Комі ён ня меў права. У 1990 годзе я ад імя бацькі напісаў ліст польскаму прэм’еру Мазавецкаму (бацька ў мяне – паляк, а маці – беларуска), каб дапамог.

Скобла: “Дык нават у 1990 годзе ваш бацька ня мог вярнуцца на радзіму?”

Каржанеўскі: “Не, ня мог. І Мазавецкі даў загад польскай амбасадзе ў Маскве разабрацца ў сытуацыі. У тым жа годзе я паехаў у Інту з прадстаўніком амбасады, польскім тэлебачаньнем і журналістамі. Памятаю, як там зьдзіўляліся: маўляў, з-за аднаго чалавека цэлая дэлегацыя прыехала! Але тым разам мы бацьку ня вызвалілі. Валакіта гэтая цягнулася некалькі гадоў. І толькі ў 1993 годзе бацька атрымаў неабходныя паперы на выезд. Хоць рэабілітаваны быў у 1991-м. Найбольш супраціўляліся ўлады ў Менску, не хацелі яго вызваляць. А калі дакумэнты зь Менску пайшлі ў Інту, іх там прытрымала мясцовае КГБ”.

“Мы хадзілі па Інце, і ён мне паказваў: вось тут ляжыць цэлы этап зь Беларусі. Людзі проста замерзьлі, і іх у агульнай яме закапалі”

Скобла: “А як ад канкрэтнага лёсу роднага бацькі вы прыйшлі да лёсаў тысячаў і тысячаў ахвяраў Гулагу?”

Каржанеўскі: “Па вяртаньні ў Беларусь бацька казаў, што ў яго абавязак перад сябрамі, якія навечна засталіся там, у Комі. І мы паехалі зь ім у Інту – я ж ня мог яго аднаго адпусьціць. Памятаю, як ён хваляваўся, калі паказваў мне тыя мясьціны. “Вось тут, – кажа, ляжыць цэлы этап зь Беларусі. Людзі проста замерзьлі, і іх у агульнай яме закапалі. А цяпер тут хочуць будаваць дом. І сьцены пачалі ўжо ўзводзіць. Нельга тут дом, на магіле, будаваць. Мы не павінны дазволіць гэтага. Хай царкву пабудуюць, але ня дом. Тут не павінны людзі жыць”. І вось я за ім хадзіў па Інце і ўсё запамінаў. Ведаеце, я яму і тут, у Беларусі, ва ўсім дапамагаў, але яго неадольна цягнула ў Інту. І мы зноў ехалі туды. І за кожным разам ён мяне ўводзіў у новае кола праблемаў. Зьяўляліся новыя пахаваньні, новыя прозьвішчы”.

“Беларускі Крыж усталяваны ў Абезі, дзе была зьняволеная Ларыса Геніюш”

Скобла: “Перад нашай гутаркай вы паказалі мне фотаздымкі памятных крыжоў, усталяваных у Рэспубліцы Комі прадстаўнікамі розных народаў. Дзе канкрэтна стаіць Беларускі Крыж?”

Каржанеўскі: “Беларускі Крыж стаіць у Абезі – гэта паміж Інтой і Варкутой. Там была філія лягеру “Мінэральны”, дзе сядзелі найбольш вядомыя людзі. Туды, напрыклад, выслалі князя Сьвятаполка Мірскага. Там адбывала пакараньне Ларыса Геніюш. Там знаходзілася вельмі шмат вядомых людзей. У мяне ёсьць падрабязныя сьпісы, я прывёз”.

Скобла: “З кім вы кантактуеце ў Комі? Ці ёсьць там у вас аднадумцы?”

Каржанеўскі: “Мы з бацькам наладзілі сувязі з тамтэйшымі аддзяленьнямі “Мэмарыялу”. Інцінскае аддзяленьне ўзначальвае спадар Дзямідаў. Але мне найбольш спадабаўся кіраўнік “Мэмарыялу” ў Абезі – Віктар Ложкін. Ён вельмі шчыры і дакладны чалавек, у нас зь ім супрацоўніцтва і цяпер працягваецца. Ён мне дасылае прозьвішчы людзей, магілы якіх там знайшліся, каб сваякі маглі прыехаць і ўшанаваць памяць крэўнікаў. Комі – людзі такія прымхлівыя, і яны хочуць, каб кожны чалавек, які быў бязьвінна загублены на іхняй зямлі, быў ушанаваны. У іх нават на дзяржаўным узроўні прынятая праграма пад назвай “Ачышчэньне”, падпісаная прэзыдэнтам Рэспублікі Комі”.

Помнік у Юр-Шоры, усталяваны ўрадам Літвы


“Літоўская дзяржава займаецца ўшанаваньнем памяці сваіх грамадзянаў у Комі, Польшча займаецца, а Рэспубліка Беларусь – не”.

Скобла: “Я ведаю, што вы зьвярталіся і да беларускіх уладаў у справе ўшанаваньня ахвяраў Гулагу ў Комі. Што канкрэтна вы прапаноўвалі?”

Каржанеўскі: “Я пісаў Аляксандру Лукашэнку і прасіў такую дробязь – узнагародзіць ад імя беларускай дзяржавы Віктара Ложкіна, ён так шмат робіць для беларусаў! Але адказу на свой зварот не атрымаў. Праўда, зь беларускай амбасады ў Маскве Ложкіну прыйшоў падзячны ліст. І ўсё на гэтым. А Віктар заслугоўвае дзяржаўнай узнагароды – ён столькі беларускіх пахаваньняў адшукаў! Там цяпер такія калкі з таблічкамі, а трэба паставіць крыжы. Вельмі шкада, што ў нас дзяржава гэтым абсалютна не займаецца. Літоўская дзяржава займаецца, Польшча займаецца, а Рэспубліка Беларусь – не”.

Скобла: “Як вы ўжо згадалі, у Абезі адбывала пакараньне Ларыса Геніюш. Ці ведае пра гэты факт кіраўнік тамтэйшага “Мэмарыялу” спадар Ложкін?”

Каржанеўскі: “А як жа! Ложкін ведаў, што ў Беларусі выдадзеныя кнігі Ларысы Геніюш, магчыма, ён чытаў яе “Споведзь” у часопісе “Дружба народов” у перакладзе на расейскую мову. А там жа ёсьць цэлы разьдзел успамінаў пра Абезь. І ён зьвярнуўся да мяне: пашукай у Беларусі якія-небудзь кнігі Геніюш, мы зробім экспазыцыю у нашым музэі рэпрэсій. Я кінуўся па кнігарнях – няма кніг Ларысы Геніюш. Дзякуй Богу, дапамаглі добрыя людзі, і кнігі ў Абезь высланыя. Віктар Ложкін паабяцаў пашукаць лягерную справу Ларысы Геніюш. Гэта вельмі важна – ведаць пра той пэрыяд у жыцьці Геніюш. Я чытаў у Сьвятаполка Мірскага, што яна была ў лягеры сьцягам, прычым ня толькі для беларусаў, але і для палякаў, і для ўкраінцаў, і для літоўцаў – для ўсіх вязьняў. Настолькі моцны духам чалавек быў!”

Лясы Рэспублікі Комі нагадваюць могілкі

“Дзеці тых людзей, якія ахоўвалі і забівалі ў лягерах “ворагаў народу”, сёньня ў Рэспубліцы Комі маюць уладу і хочуць схаваць бацькоўскія злачынствы”

Скобла: “Калі зірнуць на мапу, калі зірнуць у той бок з цэнтральнай Эўропы – дзе тая Рэспубліка Комі! На сотні кілямэтраў тайга, а ў тайзе – вядома, якія законы. А вы не баіцеся езьдзіць туды адзін?”

Каржанеўскі: “Ведаеце, комі – талерантныя, добрыя людзі, я іх люблю. А мой бацька, калі там жыў, нават вывучыў іхнюю мову. Я лічу, што за іх паводзінамі, што датычна лягернага мінулага, сочаць спэцслужбы, трымаюць іх “пад каўпаком”. Гэта я зразумеў па адносінах да сябе. Аднойчы я здымаў інцінскія вуліцы, дзе колішнія вязьні будавалі дамы. Да мяне падышоў чалавек, не прадставіўся і хацеў забраць фотаапарат. Добра, што бацька не разгубіўся і крыкнуў мне: “Што ты там зь ім разьбіраесься – дай яму ў морду!” І чалавек разгубіўся, адышоў”.

Скобла: “Вы мяркуеце, што ўлады Комі з падазрэньнем ставяцца да вашай пошукавай дзейнасьці?”

Каржанеўскі: “Я лічу, што дзеці тых людзей, якія ахоўвалі і забівалі ў лягерах “ворагаў народу”, яны сёньня там, на месцы, маюць уладу і хочуць схаваць ранейшыя злачынствы. Працуюць, я сказаў бы, плянава. Здаецца, у 1997 годзе я вяртаўся цягніком зь Інты і саступіў сваё месца нейкаму п’яніцы. Ён лёг на ніжнюю паліцу, а я перабраўся на верхнюю. А там жа ўсе адзін другога баяцца, ніхто ні з кім не гаворыць. Раніцай гляджу – няма таго чалавека, а боты ягоныя – стаяць. Пытаюся ў суседзяў па вагоне – маўчаць. І так ехалі ажно да Яраслаўля. У Яраслаўлі прыйшоў міліцыянт і пытае: чаму вы не папярэдзілі правадніцу, што вашую пляцкарту заняў другі чалавек? Кажу – ён мяне прагнаў. “Вы ведаеце, – кажуць, – гэты чалавек прапаў.” Запісалі мае пашпартныя дадзеныя і паабяцалі паклікаць на апазнаньне, калі знойдуць. Але – не паклікалі, значыць – не знайшлі. Там, перад Пячорай, ад паселішча да паселішча – дзясяткі кілямэтраў. І таго чалавека, мабыць, ваўкі зьелі”.

Скобла: “Ад вашых словаў робіцца непамысна… Вы сапраўды лічыце, што на месцы гэтага няшчаснага чалавека маглі апынуцца вы? І што гэта была сплянаваная кімсьці апэрацыя?”

Каржанеўскі: “Я не магу гэта сьцьвярджаць стоадсоткава. Але мне потым па сакрэце сказала правадніца, што бачыла, як два дужых чалавека выносілі таго пасажыра з майго месца. Але чаму яна не папярэдзіла нікога? І пра гэта ніхто ня ведаў. Усё ноччу адбылося, выкінулі чалавека соннага і босага зь цягніка, ён спаў”.

“Беларускія Крыжы памяці павінны паўстаць у Інце, Салехардзе і Юр-Шоры – на месцы расстралянага лягеру”

Скобла: “Сыходзячы з вамі расказанага, ці плянуеце вы і надалей езьдзіць у Рэспубліку Комі, каб працягваць справу ўшанаваньня згінулых у савецкіх лягерах суайчыньнікаў?”

Каржанеўскі: “Бацька незадоўга перад сваёй сьмерцю паказаў мне месцы, дзе абавязкова трэба паставіць крыжы. Найперш гэта Абезь – там крыж ужо стаіць. Затым у Юр-Шоры, на месцы расстралянага лягеру. Салжаніцын пісаў, што там быў бунт, але гэта ня так. Бацька расказваў мне: расстрэл вязьняў справакавала адміністрацыя лягеру, каб застрашыць вязьняў з другіх лягероў. Я размаўляў з чалавекам, які прысутнічаў пры тым расстрэле. Людзям стралялі ў сьпіну! Там загінулі 66 чалавек, сярод іх было нямала беларусаў. У Юр-Шоры літоўцы паставілі помнік, немцы – вялікі крыж, а беларусы – пакуль нічога. Бацьку я паабяцаў, што ўсталюем крыжы ў Юр-Шоры, у паселішчы Усьць-Уса, у Салехардзе і пабудуем невялічкую каплічку ў Інце. І я цяпер шукаю аднадумцаў. Лепш ехаць двум-тром, чым аднаму…”

Георгі Каржанеўскі (справа) і Віктар Ложкін каля памятных крыжоў у Абезі

“У Рэспубліцы Комі прынятая дзяржаўная праграма ўшанаваньня памяці ахвяраў рэпрэсій, і крыжы там знаходзяцца пад аховай дзяржавы”

Скобла: “У Беларусі ідзе апантанае змаганьне з крыжамі памяці – у Дражне на Старадарожчыне, у Курапатах… А ці ня чыняцца падобныя акты вандалізму ў Рэспубліцы Комі? Там жа, як вы сказалі, пры ўладзе дзеці сталіністаў”.

Каржанеўскі: “Яны кіруюць хіба на нізавым узроўні. Але ж, як я ўжо гаварыў, у Рэспубліцы Комі прынятая дзяржаўная праграма ўшанаваньня памяці ахвяраў рэпрэсій. І крыжы знаходзяцца там пад аховай дзяржавы. Комі хочуць ачысьціць сваю зямлю ад злачынстваў сталінскіх злыдняў. У Беларусі, на жаль, гэтым займаюцца толькі грамадзкія арганізацыі, якім улада чыніць перашкоды. Бабуля мая казала, што 2 лістапада, на Дзяды, душы памерлых назіраюць за тым, як нашчадкі даглядаюць іх магілы. Каму перашкаджаюць крыжы ў Курапатах? Я там начаваў адну ноч, прывозіў харчы юнакам, якія там дзяжурылі. Думаю – што мне ў Курапатах прысьніцца? Прысьніўся голас, які чытаў малітву “Ойча наш”. І раптам крык – пажар! Усе выбеглі з намёту. Бачу – стаіць машына на асфальце, і агеньчык сьвеціцца, значыць – вядуцца здымкі. А нейкі чалавек ходзіць у цемры і гаворыць напаўголасу: “Приём, я в Куропатах”. Значыць – з рацыяй. Хацелі мы яго злавіць, толькі дзе ж у цемры што ўбачыш…Тыя людзі, якія нішчаць крыжы ў Курапатах, яны зьневажаюць Бога і беларускі народ. І прыйдзе час – іх спасьцігне Божая кара”.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG