Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Бабкова: “Я бачу гісторыю хутчэй празь літаратуру”


Фота nn.by
Фота nn.by

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – архівіст Вольга Бабкова. Крытыкі называюць яе самым паэтычным гісторыкам сучаснасьці. Яна хоча яшчэ раз нагадаць: гісторыя Беларусі пачалася зусім не ад 1917 году.


Вольга нарадзілася ў Менску, закончыла гістфак БДУ. Усё сваё жыцьцё працуе ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Займаецца позьнім сярэднявеччам – XVI-XVII стагодзьдзямі.

– Я – гісторык-архівіст. І па шчырасьці, упарта не хачу быць навукоўцам. Бачу гісторыю хутчэй празь літаратуру. Рэчы, якія імкнуся пісаць, пра якія штосьці думаю, яны хутчэй набліжаныя да гістарычных, як кажу, эсэяў.

Мая спэцыфіка – працаваць з дакумэнтамі самых простых людзей. Якія пасьля сябе па вялікім рахунку архіўных дакумэнтаў не пакідаюць. Пра іх адно толькі можна чытаць у судовых кнігах. Што цікава, іхныя галасы там абсалютна дакладна чутны. Бо часам яны там натуюцца амаль да драбніцаў простай мовы. І ты бачыш тое размаітае жыцьцё…

– Хацелася б падмацаваць сказанае нейкім гісторыка-літаратурным назіраньнем за далёкай эпохай…

– Я ўжо неяк расказвала слухачам Свабоды пра тое, як лаяліся нашыя далёкія продкі. Тады, дарэчы, былі і пахвалкі, пасьмешкі, патвары, жарты, отпаведзі – яны мелі пэўныя катэгорыі. Яны называліся словамі: заражоныя, злыя, ганебныя, шкарадныя, карчомныя, пярхлівыя, ушчыплівыя, сарамотныя, просныя, плюгавыя – то бок словы, даю цытату са старабеларускай мовы: “непрыстойныя, бяз стыду ўжытыя, неўчцівыя, каторымі людзі ўчцівыя брыдзіцца звыклі і Пан Бог абражоны бывае”. Ці яшчэ цытата: чалавек, “папудзіўшыся гневам, будучы гневам парушаны” ужываў словы: тыран, тыранскі бісурманін, фальшэр, здрайца, згубца, сваволь, зуфалец, злодзей барадаты, садомчык, зрушыцель пакою паспалітага.

Асобна можна сказаць пра абразы, якія тычыліся кабетаў. Кабет маглі называць: курва (што паводле слоўніка Насовіча азначала любадзейка і слова гэтае было “ругацельнае”), цудаложніца, ведзьма, баба ліхая, а асабліва цікавае слова: машкара. Гэтае слова мае досыць цікавую этымалёгію. Яно сустракаецца практычна ва ўсіх славянскіх мовах, а бярэ паходжаньне, напэўна з валоскай ці гішпанскай мовы і азначае маску, карнавальную маску. А ў старабеларускім варыянце магло быць такое: здань, страхоцьце, бязгусту апранутая, распусьніца, а таксама (ёсьць такі варыянт гэтага слова) жабіная скурка, зачараваная ў царэўну.

Варта дадаць, што былі такія словы, якія закраналі гонар маці і яны былі, бадай што, найбольш крыўднымі. Напрыклад: нячыстага ложа сын, няўчціве маткі сын, злое маткі сын, а часам маглі проста “сарамотне чалавеку ў матку налаяць”.

Я думаю, што ці не адсюль пайшлі мацерныя словы, але я ня думаю, што варта іх блытаць з расейскімі матнымі словамі.

– І што, у тыя часы за гэтыя словы судзілі?

– Калі чалавек падаваў за абразу гонару й годнасьці ў суд, то – так, безумоўна, суд разглядаў гэтую справу. Не заўсёды яна даходзіла да пакараньня, але штрафы маглі быць…

– Ну якія факты, дакумэнты з жыцьця заможных людзей уразілі вас?


Знайшла згадку ў судовых кнігах пра мажлівую дату скону славутага Васіля Цяпінскага – дагэтуль яна была пад пытальнікам. І вось праз ускосную згадку ад сыноў стала вядома: ён быў забіты недзе напрыканцы 1599 году ці напачатку наступнага…

Ці згадка пра славутую княжну Сафію Слуцкую, якая цяпер лічыцца праваслаўнай сьвятой. Астанкі яе ў катэдральным храме… Дык вось беручы шлюб зь Янушам Радзівілам (тое я знайшла ў дакумэнтах), яна сказала, што вызнае сябе каталічкай. Гэтыя словы цалкам руйнуюць высновы гісторыкаў канца 19-га стагодзьдзя, якія дзеля прызнаньня нашай зямлі часткай Расеі «зрабілі» яе выключна зонай нібыта праваслаўя…

– А найноўшай гісторыяй вы займаецеся?


– Не, на яе не хапае часу: ранейшы гістарычны пляст Беларусі занадта вялікі…




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG