Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два шэсьці, два мітынгі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У Курапатах адбыліся два мітынгі. Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ правялі мітынг каля помніка, а ўдзельнікі шэсьця ад “Усходніх” могілак – каля крыжа.


Акцыя памяці завяршылася ўскладаньнем кветак на магілы расстраляных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Шараговыя ўдзельнікі акцыі не дзяліліся па партыйнай прыналежнасьці і разам запальвалі сьвечкі і клалі кветкі.

Першы мітынг пачаў старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі каля крыжа. Менавіта там сабраліся ўдзельнікі шэсьця, якія ішлі ад “Усходніх” могілак.

“Сьпісы на расстрэл людзей, безумоўна, большасьць зь іх вывозілі ў Курапаты ў 1937-1940 гадах, зацьвярджаліся асабіста Сталіным і Молатавым. Сумнавядомы сьпіс 15 верасьня 1937 году, дзе Сталін і Молатаў паставілі свае аўтографы ў асуджэньні па першай катэгорыі, а гэта азначае расстрэл у Менску 103 асобаў. З гэтых асобаў 36 – вядомыя літаратары, журналісты да іншыя вядомыя людзі. Тут ляжыць цвет нашай інтэлігенцыі”.

Падчас мітынгу прагучалі вершы, прысьвечаныя Дзядам.

“Абрусам стол заслала маці
І ціха-ціха стала ў хаце.
На стол паставіла яды,
Каб павячэралі дзяды.

На крайчык хлеба палажыла,
Дастала сьвечку, запаліла.
За стол усіх пазвала маці
І ціха-ціха было ў хаце”...


Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч выступіў перад прысутнымі.

“Найноўшае Адраджэньне Беларусі 20 гадоў таму як і Беларускі Народны фронт пачалося з Курапатаў. Яны пачаліся з ушанаваньня ахвяраў камуністычнага тэрору.

Дзеля таго як нацыянальнае Адраджэньне Беларусі ўзьнялося зноў, нам вельмі важна разумець, што без пакаяньня, без ушанаваньня гісторыі, без аналізу тых памылак, якія былі зробленыя нашымі папярэднікамі, мы не дасягнем нічога”.

Лявон Баршчэўскі прыгадаў, што ў Курапатах ёсьць толькі дзьве магілы, на якіх указаныя прозьвішчы забітых. На іншых стаяць толькі безыменныя крыжы. Ён заклікаў усіх запаліць сьвечкі і ўскласьці кветкі.

Тым часам каля помніка мітынг пачаў прэсавы сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Валер Буйвал. Ён зачытаў зварот Зянона Пазьняка з заклікам успомніць людзей, якія навечна засталіся ў Курапатах – пісьменьнікаў, паэтаў, навукоўцаў, а таксама Яўгена Шмыгалёва, падпісанта артыкулу “Курапаты – дарога сьмерці”.

Затым узяў слова намесьнік Пазьняка Юрась Беленькі:

“Я ўзгадваю ўспаміны людзей, якія бачылі як тут ля курапацкіх ямаў ставілі на калені людзей і стралялі ім у патыліцы. Так і Расея, расейскі эн-ка-вэ-дзізм хоча паставіць на калені цэлыя народы і зьнішчыць іх”.

Напрыканцы мітынгу таксама прагучаў верш, прысьвечаны гэтай даце. Гучалі малітвы каля крыжоў. Калі кожнай магілы засталіся кветкі і запаленыя сьвечкі.

Міліцыянты ў цывільным назіралі за акцыяй і здымалі ўдзельнікаў мітынгу на відэакамэру.

XS
SM
MD
LG