Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах - цёмна, і выразна бачна, як гараць сьвечкі. Ля курапацкіх крыжоў ляжаць кветкі, на некаторых крыжах - ручнікі.

Normal 0

Толькі што людзі скончылі ўсталёўваць дзесяць крыжоў, іх зрабіў жодзінскі цясьляр Анатоль Рыбкавец. Дарэчы, амаль усе курапацкія крыжы зробленыя ім.

Сёньня да Курапатаў людзі ішлі дзвума калёнамі, каля дзвюх тысяч чалавек.

Дзесяцікілямэтровым шляхам ад гадзіньнікавага заводу прайшлі актывісты КХП-БНФ, руху "Маладая Беларусь", стваранага руху "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя". Ад Усходніх могілак рушыла калёна сябраў ПБНФ і "Маладога фронту". У пераходзе да Курапатаў гэтыя калёны злучыліся, і калі ўсе прыйшлі ва ўрочышча, дык вельмі выразна было бачна, як на пляцоўцы ля Крыжа пакуты людзі трымаюць вялізны бел-чырвона-белы сьцяг, ён прыблізна 9 на 18 мэтраў. Адбылося фактычна два мітынгі -- больш кароткі ПБНФ і "Маладога фронту" і больш працяглы, які арганізавалі актывісты КХП-БНФ.

А сярод тых, хто браў удзел сёньняшніх мерапрыемствах, было шмат тых, хто ўдзельнічаў у падзеях 30 кастрычніка 1988 году - гэта Віктар Івашкевіч, Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Валер Буйвал, Сяргей Папкоў. Тут былі палітвязьні Рыгор Кійко, Уладзімер Лыжко. У Курапаты прыйшлі Андрэй Кім, Артур Фінькевіч.

Многія зьвярталі ўвагу на даволі вялікую колькасьць супрацоўнікаў у цывільным. Учора увечары, калі ў Курапатах затрымалі вандалаў, што зламалі пяць крыжоў, супрацоўнікаў міліцыі ў Курапатах не было. І за столькі гадоў ніколі вандалы не былі злоўленыя. Я зараз стаю побач з "лавай Клінтана", мэмаерыяльнага знаку "Народу Беларусі ад народа Амэрыкі - дзеля памяці", там ляжаць жывыя кветкі, ёсьць бел-чырвона-белы сьцяг, гараць сьвечкі. Сёньня за тым, як праходзяць Дзяды, назіралі і дыпляматы. Я бачыла і кіраўніка ўкраінскай дыпмісыі Ігара Лехавога. Многія ўдзельнікі акцыі адзначалі, што яна праходзіць паводле той традыцыі, якая была запачаткаваная 20 гадоў таму. Беларусы прыходзяць памінаць сваіх продкаў, і гэта дае ім надзею на будучыні.

Крыжы, якія ўчора парушылі вандалы, некаторыя ляжаць, некаторыя прыстаўленыя да дрэваў. Гэта пяць крыжоў, іх бліжэйшым часам адновяць. Пад час мітынгу было названае імя аднаго з вандалаў, якое пасьпеў пачуць актывіст, які яго затрымліваў. Гэта Ўладзімер Шышко альбо Шынко (прозьвішча дакладна ён ня змог назваць), ён 1990 году нараджэньня.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG