Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад звон ад Усходніх могілак да Курапацкага лесу <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня пасьля ўскладаньня кветак на магілы выбітных беларусаў на Усходніх могілках пачалося шэсьце часткі ўдзельнікаў сёньняшняга сьвяткаваньня “Дзядоў”.


Каля пяцісот чалавек сабраліся сёньня на Ўсходніх могілках. Сярод іх былі старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, яго намесьнікі Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Аляксей Янукевіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч. Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да магілаў Уладзімера Караткевіча, Пімена Панчанкі, Міхася Ткачова, Васіля Быкава, Анатоля Багатырова, Генадзя Карпенкі, Ігара Гермянчука й іншых вядомых беларускіх дзеячаў. Ускладаючы кветкі да магілы Васіля Быкава Лявон Баршчэўскі адзначыў:

“Да сьмерці Ўладзімера Караткевіча Васіль Быкаў не імкнуўся вельмі публічна дэманстраваць тыя свае якасьці, якія ён рэальна меў. Якасьці лідэра беларускай нацыі, беларускага Адраджэньня. Але ягонае пачуцьцё абавязку, гонару і годнасьці сказала яму пасьля таго, як адышоў у лепшы сьвет Уладзімер Караткевіч, што ён павінен заняць гэтае месца наперадзе. І менавіта дзякуючы яму і ўтварыўся народны фронт як менавіта шырокі рух. Калі людзі даведаліся, што Васіль Быкаў увайшоў у аргкамітэт народнага фронту многія людзі інтэлігенцыя, рабочыя далучыліся да руху народнага фронту. Якраз сёньня прыпадае дзень чацьвёртай гадавіны, калі гэты камень прывезены з далёкіх фінскіх скалаў бурых быў устаноўлены тут. У гэтым камяні веліч ня толькі духу волата Быкава. Гэта веліч духу і патэнцыялу беларускай зямлі”.

Удзельнікі ўшанаваньня памяці выбітных беларусаў прасьпявалі гімн “Магутны Божа” ля магілы Васіля Быкава. Пасьля гэтага яны рушылі калёнай ад Усходніх могілак у Курапацкі лес. Удзельнікі акцыі несьлі мноства бел-чырвона-белых сьцягоў, а наперадзе калёны звон. Алесь Белы патлумачыў:

“Гэта звон Чарнобылю, гэта звон Хатыні, гэта звон Курапатаў. Гэта звон усяго цяжкага, што ёсьць на сэрцы ў беларуса”.

Адзін з арганізатараў шэсьця Віктар Івашкевіч адзначыў: яго засмучае, што прыйшло людзей меней, чым ён чакаў.

“Гэта сьвята для кожнага і пэрсанальнае. І выхад на Дзяды найперш патрэбны мне для ўнутранага, псыхалягічнага, энэргетычнага ўмацаваньня.Таму я шкадую тых людзей, якія сядзяць зараз у хатах і ныюць, што ў іх няма пэрспэктыў”.

Параўноўваючы сёньняшняе шэсьце з акцыяй, якая адбылася на Дзяды 20 гадоў таму, спадар Івашкевіч адзначыў:

“Я бачу, што ў грамадзтве яшчэ няма адчуваньня магчымасьці зьменаў у бліжэйшы час. І таму мала людзей, якія б выйшлі ўпершыню. Тады ж большая частка выйшла ўпершыню. І для іх гэта было неверагодным, сьмелым учынкам. Тыя, хто ідуць зараз. Яны ня раз ужо выходзілі на акцыі. Але вось далучэньня масы новых людзей пакуль што няма”.

Сярод удзельнікаў шэсьця было шмат моладзі. Сябры грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” несьлі плякат “Не рэпрэсіям. Свабоду Аляксандру Баразенку”.

Мастак Аляксей Марачкін адносна шэсьця сказаў:

“20 гадоў таму на ўзгорку, на полі лунаў адзіны бел-чыровна-белы сьцяг. А сёньня і пальцаў ня хопіць як іх шмат. Цешыць, што мы не забываем нашых продкаў. А самае галоўнае, што ад Дзядоў 88-га года да будучых Дзядоў усё ж шэсьці будуць множыцца. І ёсьць у гэтым аптымізм нейкі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG