Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзяды — 2008: онлайн-рэпартаж <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 /> <img src="/img/icon-video.gif" border=0 /> <img src="/img/icon-listen.gif" border=0 />


Рэпартаж фота і відэа ДАСЫЛАЙЦЕ ВАШЫЯ ФОТА СА СЬВЯТКАВАНЬНЯ НА АДРАС SVABODA@RFERL.ORG

15.35 У Курапатах скончыўся мітынг. Людзі ўсе разам прасьпявалі "Магутны Божа". Зараз яны ставяць сьвечкі, ускладаюць кветкі, усталёўваюць крыжы.

15.25
Намесьнік старшыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў у сваёй прамове сказаў: "Нельга сёньня прыйсьці ў Курапаты, а заўтра сядзець разам з камуністамі". Ён выступіў супраць таго, што дагэтуль у праграме Партыі камуністаў Беларускай ёсьць пункт пра аднаўленьне Савецкага Саюзу. На мітынгу выступіў паэт Генадзь Тумаш, які ўдзельнічаў і ў Дзядах-1988. Ён узгадаў травеньскі рэфэрэндум 1995 года, на якім расейская мова была прызнаная другой дзяржаўнай мовай.


15.15
Валер Буйвал, адказы сакратар КХП-БНФ, заявіў на мітынгу – “Мы павінны браць прыклад з мужнага грузінскага народу, і бараніць нашу Радзіму ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй ад агрэсіўнага акупанта”.

15.10
На мітынгу выступіў намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі, які заклікаў народ штогод прыходзіць у Курапаты і Парк Чалюскінцаў, дзе адбываліся масавыя расстрэлы. Спадар Беленькі прасіў не дапусьціць, каб нейкая расейская фірма будавала казіно ў парку.


Калёна ідзе па вуліцы Каліноўскага (10Mb)


15.00 Па сутнасьці прайшлі два розныя мітынгі. КХП-БНФ — свой наверсе, Партыя БНФ – свой ніжэй, які закончыўся вельмі хутка. Выступіў Лявон Баршчэўскі, удзельнікі ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Пасьля гэтага людзі ўсклалі кветкі да курапацкіх крыжоў.


Выступае Лявон Баршчэўскі (4,3 Mb)


А мітынг КХП-БНФ яшчэ працягваецца. Валер Буйвал распавёў прысутным, што ўчора ўвечары ў Курапатах былі затрыманыя непаўналетнія вандалы, якія разбурылі крыжы. Ён запэўніў, што народ даведаецца праўду, на чыю замову працавалі падлеткі, і вінаватыя будуць пакараныя.

Намесьнік старшыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў падкрэсьліў, што традыцыя шэсьця ў Курапаты жыве ўжо 20 гадоў і будзе жыць. Валер Буйвал зачытаў тэкст звароту лідэра партыі Зянона Пазьняка.

У Курапатах прысутнічаюць амбасадар Украіны Ігар Ліхавы, прадстаўнікі іншых дыпляматычных місіяў


14.55 У Курапаты прыйшла Мая Кляшторная, дачка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага. Па стане здароўя яна не змагла ўжо прайсьці разам з калёнай увесь шлях. Мая Тодараўна распавядае, што для яе значаць сёньняшнія Дзяды:

“Гэты дзень шмат што значыць. Галоўнае — гэта абуджэньне людзей. Людзі рушаць сюды, у Курапаты, і паказваюць, наколькі яны ўжо абуджаныя. Я ўсьцешаная, што Беларусь ужо не засьне. А мне асабіста важна, што ў такой грамадзе нічога ня боязна. Тут адзіным сэрцам усе”.

14.45 Ва ўрочышчы Курапаты пачаўся супольны мітынг, сьпяваюць гімн “Магутны Божа”. Першым выступіў прэсавы сакратар КХП-БНФ Валер Буйвал. Ён распавядае, што для беларусаў азначаюць Дзяды.


Выступае Валер Буйвал (3,8Mb)


Валер Буйвал распавёў прысутным, што ўчора ўвечары ў Курапатах былі затрыманыя непаўналетнія вандалы, якія разбурылі крыжы. Ён запэўніў, што народ даведаецца праўду, на чыю замову працавалі падлеткі, і вінаватыя будуць пакараныя.

14.35 Калёна КХП-БНФ выйшла на Крыжовую алею ў Курапатах. Ва ўрочышчы знаходзіцца яшчэ больш за сотню чалавек. Людзі нясуць вялізны бел-чырвона-белы сьцяг памерам 18 на 9 мэтраў.



14.20 Галава калёны КХП-БНФ ужо знаходзіцца каля падземнага пераходу пад Менскай кальцавой аўтадарогай, у некалькіх хвілінах хады да Курапатаў. Калёна БНФ знаходзіцца зусім непадалёк ад іх

13.45 Калёна партыі КХП-БНФ прайшла скрыжаваньне з Лагойскім трактам. Адлегласьць паміж дзьвюма калёнамі -- каля аднаго кілямэтру. Мяркуецца, што на мітынгу КХП-БНФ будзе зачытаны зварот лідэра партыі Зянона Пазьняка. На другім мітынгу, партыі БНФ выступяць Лявон Баршчэўскі і Ўладзімер Арлоў.


Інтэрвію зь Юрасём Беленькім (1Mb)


13.20 Наперадзе калёны БНФ, што ідзе ад Усходніх могілак зараз па вуліцы Сядых, нясуць вялікі звон. У калёне Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч, Уладзімер Някляеў, Алесь Марачкін, Зьміцер Дашкевіч, Франак Вячорка, Яўген Афнагель. Моладзь сьпявае песьні: "Я нарадзіўся тут", "Пагоню". Паводле арганізатараў, у шэсьці бярэ ўдзел каля тысячы чалавек


Гаворыць Віктар Івашкевіч (2,8Mb)


13.05 Да ўдзельнікаў шэсьця КХП-БНФ праз мэгафон зьвярнуўся былы палітвязень Андрэй Кім, які заклікаў моладзь не забывацца пра продкаў. Для яго гэта ўжо трэцяе шэсьце на Дзяды. Сёньня ў Курапатах моладзь усталюе адмысловы крыж у памяць аб загіблых падчас рэпрэсіяў у 1930-я гады.


Праз паўгораду — на мыліцах (2,3Mb)


12.35 Пачалося шэсьце ад Усходніх могілак. На чале калёны ідуць прадстаўнікі "Маладога фронту". Наперадзе расьцяжка "Дзяды 1988 - 2008". У калёне шмат бел-чырвона-белых сьцягоў і сініх сьцягоў Эўразьвязу, на якіх напісана "Беларусь". Моладзевыя актывісты трымаюць расьцяжкі «Не — рэпрэсіям», «Свабоду Баразенку», "Моладзь за Беларусь», «20 гадоў Дзяды». У шэсьці бярэ ўдзел каля 300 чалавек



“Магутны Божа” ля магілы Быкава (4,7 Mb)


12.25 Калёна спынілася на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Каліноўскага. Прэсавы сакратар КХП-БНФ Андрэй Чахольскі нагадаў, што менавіта адсюль пачалася акцыя на Дзяды 20 гадоў таму. Праз пару хвілін калёна працягнула рух па вуліцы Каліноўскага ў Курапаты.



12.20
На Ўсходніх могілках людзі ўсклалі кветкі да магіл Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Міхася Ткачова, Пімена Панчанкі, Ігара Герменчука, Генадзя Карпенкі, Анатоля Багатырова, Стэфаніі Станюты, Уладзімера Мулявіна. Былі кароткія прамовы Лявона Баршчэўскага, Вінцука Вячоркі, паэт Уладзімер Някляеў прачытаў свой верш, прысьвечаны Васілю Быкаву.


Выступае Ўладзімер Някляеў (2,8Mb)


12.15 Калёна прайшла каля Нацыянальнай бібліятэкі. Людзі сьпяваюць "Магутны Божа". Да калёны далучыўся адзін зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец.


Гаворыць Андрэй Кім (0,5Mb)


12.05 Намесьнік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі заўважыў, што шэсьце пачалося ад адных Курапатаў да другіх; у Парку Чалюскінцаў у 1930-я гады таксама расстрэльвалі людзей. За гадзіну да пачатку шэсьця актывісты партыі ўсклалі кветкі да крыжа, усталяванага ў Парку Чалюскінцаў. У калёне шмат тых, хто ўдзельнічаў у абароне Курапатаў у 2001 годзе: Віталь Кошалеў, Зьміцер Касьпяровіч, Цімох Дранчук ды іншыя.

12.00 Людзі з кветкамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі пачалі зьбірацца на пляцоўцы каля Ўсходніх могілак. Каля могілак дзяжураць міліцыянты.

11.55
Да шэсьця далучаюцца людзі. У калёне, паводле нашых карэспандэнтаў, прыкладна пяцьсот чалавек. Арганізатары сьцьвярджаюць, што ў шэсьці бяруць удзел ужо каля тысячы чалавек.

11.40 На пачатку калёны ідзе Пятро Шашкель, які быў асуджаны ў паўтарагодовым узросьце. Для яго гэта ўжо 20-я Дзяды.
Упершыню за 20 гадоў ў шэсьці ў Курапаты не бярэ ўдзелу Мая Кляшторная, дачка рэпрэсаванага ў 30-я гады паэта Тодара. Спадарыня Кляшторная кажа, што ня можа ісьці па стане здароўя, але ў душы яна разам з удзельнікамі шэсьця.

11.30 Намесьнік Старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі патлумачыў нашаму карэспандэнту, чаму ўдзельнікі шэсьця ад гадзіньнікавага заводу ня будуць аб’ядноўвацца з калёнай, якая зьбіраецца на Ўсходніх могілках. “Мы шмат гадоў змагаліся менавіта за гэтае месца збору на Дзяды ў цэнтры гораду. Таму мы сёлета падалі такую самую заяўку, як папярэднія гады. У адваротным выпадку мы б страцілі гэтае месца,” — сказаў Беленькі


Юрась Беленькі: “Курапаты сталіся хросным ходам для беларускага народу” (5,3Mb)



11.20
Калёна пачала рух. На чале расьцяжка "Дзяды" і 10 новых крыжоў. Людзі з кветкамі, бел-чырвона-белымі сьцягамі. Сярод удзельнікаў тыя, хто быў на мітынгу ў Курапатах 20 гадоў таму — мастак Рыгор Кійко, палітыкі Юрась Беленькі, Сяргей Папкоў, Валер Буйвал. Расьцяжкі “Маладая Беларусь памятае”, “Ушануем ахвяраў Курапат”, "Абаронім Беларусь ад расейскага імпэрыялізму”. Мастак Алесь Пушкін нясе партрэт праваслаўнага сьвятара Георгія Бортніка, растралянага ў 1952 годзе. Рама партрэту закратаваная


11.00 Каля 150 чалавек сабраліся зараз каля гадзіннікава заводу. Лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, аранжавыя сьцягі з надпісам “Маладая Беларусь” і сьцягі арганізацыі “Ініцыятыва”. Прысутнічаюць кіраўнікі КХП-БНФ Юрась Беленькі, Сяргей Папкоў, Валер Буйвал, былыя палітвязьні Андрэй Кім, Цімох Дранчук.

Паводле Валера Буйвала, шэсьце пройдзе традыцыйным маршрутам, без заходу на Ўсходнія могілкі. З тымі людзьмі, якія зьбіраюцца на Ўсходніх могілках, удзельнікі гэтага шэсьця аб’ядноўвацца не плянуюць. Падчас шэсьця ў Курапаты панясуць каля дзясятка новых крыжоў.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG