Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы ня будзем рухацца наперад, калі не азірацца назад <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


1 лістапада на магіле Васіля Быкава запалілі сьвечкі

1 лістапада на магіле Васіля Быкава запалілі сьвечкі

2 лicтапада ў Беларусi будуць адзначаць адно з самых аўтэнтычных i асабiстых сьвятаў — Дзяды. Традыцыйна Дзяды спраўляўся да шасьцi разоў на год: масьленiчныя, радаўнiцкiя, траецкiя (духаўскiя або стаўроўскiя), пятроўскiя, але галоўнымi лiчылiся менавiта Восеньскiя Дзяды. Сёньня праваслаўныя адзначаюць менавіта Зьмiтраўскiя Дзяды — першая субота перад 8 лістапада. У каталікоў 1 лістапада — Дзень усіх сьвятых. Звычайна ў гэты дзень і каталікі, і праваслаўныя прыходзяць на могілкі, наводзяць парадак, прыбіраюць магілы продкаў.

Пятро Шашкель
У Курапатах усё прыбрана, наведзены парадак, заўтра людзі сюды прыйдуць каб ушанаваць памяць рэпрэсаваных, усталяваць новыя крыжы. Там я сустрэла Пятра Шашкеля, які бывае ва ўрочышчы кожную суботу:

“Я быў рэпрэсаваны. Рэабілітаваны толькі праз 50 гадоў.
...і ягонае асьведчаньне з закрэсьленымі льготамі
Асуджаны быў у паўтарагадовым узросьце, сасланы разам з маці ў Сібір. І толькі праз 50 гадоў рэабілітаваны.

Дзяды — гэта памяць пра нашых продкаў, пра родных, блізкіх, якія памерлі, якія загінулі. І мы павінны пра іх памятаць. Бо калі не памятаць пра продкаў, пра Дзядоў, мы ня будзем мець ні будучыні, ні нават сёньняшняга дня. Бачым, у якім стане наша краіна, так яно і ёсьць. Уладзе не патрэбна наша гісторыя, наша мінулае — вось так мы і жывём”.

Спадар Шашкель паказаў пасьведчаньне аб ільготах. Як зьдзек — увесь пералік ільготаў — на праезд, на лекі, на камунальныя паслугі і гэтак далей — перакрыжаваны. Ільготаў у рэпрэсаваных больш не засталося…

Шматлюдна сёньня на Ўсходніх могілках. Жанчына сталага веку прыбірае лісьце з магілак родных. Пытаюся, што для яе Дзяды:

Спадарыня: “Дзяды — найперш наша памяць, нашы продкі. І ў сувязі з гэтым, гэта наша будучыня. Бо калі мы ня будзем памятаць тое, што было раней, усе нашыя беды паўторацца, ня будзе каму замовіць за нас слова. Найперш я зьвязваю мінулае з будучым. Гэта сувязь такая непарыўная, наша памяць”.

Карэспандэнтка: “Кажуць, што ў асноўным старэйшае пакаленьне ведае ўсе такія сьвяты, ходзіць на могілкі. А тут шмат моладзі. Вось што для вас Дзяды?”

Юнак: “Наведваньне магілаў бацькоў, дзядоў — у традыцыі маёй сям’і. І кожны год мы з бабулямі, дзядулямі езьдзім на могілкі, магілы продкаў прыбіраем. Але гэта не адзіны дзень ў годзе, калі я згадваю сваіх папярэднікаў. Проста ў гэты дзень, як у ніякі іншы, адчуваецца лучнасьць народа, адчуваецца тая повязь, якая яднае ўсю нашу нацыю, наш народ з нашымі дзядамі, з нашымі папярэднікамі, з тымі, хто стварыў, збудаваў нашу краіну”.

Хлопец: “Пабываў на могілках у сваіх родных, і зараз заехаў сюды, каб пакласьці кветкі знакамітым людзям Беларусі.

Карэспандэнтка: “А каму канкрэтна?”

Хлопец: “У першую чаргу, да Быкава, бо ён сымбаль усяго беларускага і змагар за Беларушчыну”.

Спадар: “Для мяне Дзяды — гэта памяць, гэта сакральнае сьвята, якое нагадвае нам аб нашых памылках, памылках нашых продкаў і ў нейкім сэнсе задае нам шлях наперад. Мы ня можам рухацца наперад, калі мы ня будзем час ад часу азірацца назад. Для мяне Дзяды — гэта ў нейкім сэнсе азіраньне назад”.

У нядзелю беларусы таксама будуць наведваць могілкі, узгадваць пра памерлых.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG