Лінкі ўнівэрсальнага доступу


30 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падчас нарады заявіў пра перамены ў эканамічнай палітыцы. Ці можна чакаць лібэралізацыі? Чым выкліканы такія заявы? Ці можа стаць Лукашэнка беларускім Піначэтам?

Удзельнікі: былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевічі эканаміст Леанід Злотнікаў.


Паварот у эканамічнай палітыцы

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “14 гадоў Лукашэнка быў праціўнікам рынкавых рэформаў. Ён крытыкаваў эканамічныя пераўтварэньні ў суседніх посткамуністычных краінах. Дзяржаўная ідэалёгія будавалася на канцэпцыі адмысловай беларускай сацыяльнай мадэлі, пры якой дзяржава мае ў эканамічных працэсах паноўную ролю. Лукашэнка даводзіў, што прыватная ўласнасьць ня мае перавагі над дзяржаўнай, называў бізнэсоўцаў “вашывымі блохамі”, узмацнялася дзяржаўнае рэгуляваньне і рэглямэнтацыя ўсіх сфэр эканамічнага жыцьця. І, што вельмі важна, такая палітыка мела рэальную падтрымку большасьці грамадзтва — пра гэта сьведчаць незалежныя сацыёлягі.

І раптам Лукашэнка абвяшчае паварот у эканамічнай палітыцы. Ён заявіў, што свабодная эканоміка і рынак — гэта нядрэнна, заклікаў зрабіць рашучыя крокі дзеля лібэралізацыі, дэбюракратызацыі эканомікі, адмяніць дэкляраваньне банкаўскіх укладаў, увесьці заяўны прынцып рэгістрацыі прадпрыемстваў.

Ці можна ўсур’ёз казаць пра паварот у эканамічнай палітыцы? Ці гэта зьмена курсу, ці зьмена рыторыкі? Бо заявы пра лібэралізацыю былі і раней, напрыклад, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Можа, гэта проста піяр для дэлегацыі МВФ, якая вядзе перамовы пра выдачу Беларусі крэдыту, ці падрыхтоўка да інвэстыцыйнага форуму ў Лёндане?”


Ці будзе эканамічная лібэралізацыя?

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч: “Цяжка сказаць адназначна. Думаю, будзе нешта сярэдняе паміж зьменай курсу і рыторыкай. Зразумела, мяняецца рыторыка, але і курс павінен будзе мяняцца. Бо адбываецца ўсьведамленьне неэфэктыўнасьці той мадэлі разьвіцьця, якая сфармавалася ў Беларусі. Паводле ўзроўню заробкаў і пэнсій Беларусь у 2,5—3 разы адстае ад дзяржаў, якія выбралі дэмакратыю і рынак: Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Літвы. І атачэньне Лукашэнкі, некаторыя дзяржаўныя інстытуты, кшталту Акадэміі навук, падштурхоўваюць яго да рэформаў”.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў: “Кардынальных зьменаў пакуль няма. Лукашэнка казаў пра зьмены ў эканамічнай палітыцы падчас выступу ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем вясной гэтага году. Але прайшло паўгода, і нічога значнага ў пляне лібэралізацыі не адбылося.

Згодзен з тым, што ёсьць людзі ў атачэньні Лукашэнкі, якія разумеюць, што беларуская мадэль ідзе ў тупік. Але там яшчэ больш людзей і інстытутаў, якія супраціўляюцца рэформам. Напрыклад, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Мытны камітэт, Міністэрства падаткаў і збораў.

Сам Лукашэнка паводле свайго сьветапогляду — не лібэрал, ён прыхільнік адміністрацыйных мэтадаў. Але пад узьдзеяньнем сусьветнага крызісу Беларусь апынулася ў цяжкім фінансавым стане. І гэта вымушае Лукашэнку нешта мяняць”.


Чым выкліканы паварот у палітыцы?

Карбалевіч: “Вось і мае суразмоўцы, і большасьць экспэртаў кажуць, што зьмена курсу выкліканая эканамічнымі цяжкасьцямі. Але эканамічныя цяжкасьці былі і раней. У канцы 1990-х гадоў, асабліва пасьля расейскага дэфолту, існавалі і цяжэйшыя праблемы. Сярэдні заробак падаў да 30 даляраў, зьявіўся дэфіцыт харчаваньня, у некаторых рэгіёнах уводзіліся карткі, не было чым плаціць за газ і інш. Але ў тых умовах Лукашэнка рабіў крокі па ўзмацненьні мабілізацыйнай эканомікі. А вось цяпер, наадварот, ён робіць дыямэтральна процілеглыя высновы. Чаму?”

Другі момант. Вось, сп. Багданкевіч, вы кажаце, што адбываецца ўсьведамленьне неэфэктыўнасьці той мадэлі разьвіцьця, якая сфармавалася ў Беларусі. Але ж Лукашэнка кажа, што наадварот, крызіс пацьвердзіў правільнасьць нашай эканамічнай палітыкі і няправільнасьць палітыкі Захаду. І цяпер на Захадзе выкарыстоўваюць мэтады, якія прымяняліся ў Беларусі. Дык навошта тады мяняць сваю палітыку?

Багданкевіч: “Сярод кіроўнай эліты адбываецца ўсьведамленьне крызісу беларускай мадэлі. І гэта ўплывае на Лукашэнку. Па-другое, стан нашай эканомікі нельга поўнасьцю зьвязваць з сусьветным фінансавым крызісам. Бо ў нас няма фондавага рынку.

Але крызіс разьвіваецца зь іншых прычын. Ён выяўляецца ў вялікім дэфіцыце гандлёвага балянсу. Ніколі раней такога не было, каб імпарт з Расеі пераважаў экспарт у Расею амаль на 9 млрд. даляраў . І гэта пры ўмове вялізных субсыдый з боку Расеі ў выглядзе льготных цэн.

У Эўропе востры фінансавы крызіс, але там інфляцыя 4%. А ў нас будзе 16-20% інфляцыі за год. Абвастрылася праблема прыцягненьня вонкавых інвэстыцый. А вонкавыя даўгі мінулым годам падвоіліся. Трэба больш прамых інвэстыцый. А без эканамічнай лібэралізацыі ўнутры краіны гэта немагчыма. Усё гэта вядзе да таго, што Лукашэнка вымушаны дэкляраваць і нешта рабіць у пляне эканамічнай лібэралізацыі.

Злотнікаў: “Цяпер пагрозы беларускай эканоміцы, палітычнаму жыцьцю значнейшыя, чым у канцы 1990-х гадоў. Паводле маіх разьлікаў, цяпер Беларусь спажывае больш на 20—25%, чым можа даць наша эканоміка. Памер расейскіх датацыяў будзе зьніжацца па меры зьніжэньня сусьветных цэнаў на нафту і нафтапрадукты.

Растуць вонкавыя даўгі. Напрыклад, у 2005 годзе даўгі складалі 5 млрд. даляраў, а цяпер — паміж 14 і 15 млрд. Калі Беларусь ня зможа іх вярнуць, то будзе дэфолт. Узровень жыцьця можа панізіцца”.


Ці можа Лукашэнка стаць беларускім Піначэтам?

Карбалевіч: “Дык ці пачнецца ў Беларусі пад ціскам пагроз працэс аўтарытарнай трансфармацыі — то бок рынкавых рэформаў у эканоміцы пры захаваньні аўтарытарнага палітычнага рэжыму? Ці ўсё ж Лукашэнка можа стаць беларускім Піначэтам?”

Багданкевіч: “Лукашэнка ня здольны на сыстэмныя пераўтварэньні. Бо, напрыклад, яны прадугледжваюць вяршэнства закону. Не магу ўявіць, каб Лукашэнка і ягонае атачэньне ня ўмешваліся ў гаспадарчае жыцьцё. Напрыклад, ня ўмешваліся ў працу банкаў падчас пасяўной кампаніі.

Рынкавыя рэформы патрабуюць дэмакратыі. Бо патрэбна адкрытая дыскусія пра пэрспэктывы разьвіцьця краіны. А гэтага няма. Таму ў кірунку рэформ будуць рабіцца некаторыя вымушаныя крокі, але яны ня будуць сыстэмнымі”.

Злотнікаў: “Па-першае, пераход да рынкавай эканомікі не абавязкова павінен прадугледжваць дэмакратызацыю палітычнага жыцьця. З досьведу краін Паўднёва-Ўсходняй Азіі і Чылі пры Піначэце вядома, што лібэральная эканоміка можа суіснаваць і з дыктатурай. А ў часы крызісу дэмакратыя можа і перашкаджаць рэформам.

Сапраўды, нейкія часовыя крокі ў кірунку лібэралізацыі падчас сусьветнага крызісу, дзеля атрыманьня крэдытаў могуць быць. Распрацоўку заканадаўства ў эканамічнай сфэры трэба даручыць бізнэс-асацыяцыям. Інакш будзе 5 крокаў лібэральных і 10 крокаў да каманднай эканомікі. Лібэралізацыя эканомікі — гэта не стратэгія, а тактыка”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG