Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курс даляра ў абменьніках у цэнтры Менску моцна адрозьніваецца ад афіцыйнага. Сёньня паводле курсу Нацыянальнага банку даляр каштаваў 2120 рублёў. Аднак у абменьніках кошт даляра дасягаў 2170 рублёў. Не ўва ўсіх абменьніках былі даляры для продажу.

Набыць, да прыкладу, 5 тысяч даляраў можна было толькі ў адным зь дзесяці абменьнікаў. Найчасьцей прапаноўвалі даляраў 500 ці нават меней. Вось што сказалі ў адным з пунктаў абмену валюты:

Карэспандэнт: “У вас даляры купіць можна?”

Касірка: “Няма”.

Карэспандэнт: “Няма зусім?”

Касірка: “Не, няма”.

Карэспандэнт: “А чаму?”

Касірка: “Ня ведаю. Забралі ўсё. Людзі забралі, кліенты”.

Карэспандэнт: “А што, такая праблема з далярамі?”

Касірка: “Так. Разьбіраюць, і ў банку іх няма таксама”.

У адным з абменьнікаў я пацікавіўся, чаму такая вялікая цана продажу даляра — 2170 рублёў? Там адказалі, што вымушаны былі павялічыць курс, каб неяк зьменшыць попыт. Аднак у гэтым жа абменьніку запытанай сумы даляраў прадаць не змаглі.

Паводле кіраўніцтва Нацбанку, сытуацыя на валютным рынку пагоршылася, бо затрымліваецца паступленьне валюты за прадукцыю, якую пастаўляюць беларускія прадпрыемствы. Многія спажыўцы просяць адтэрміноўкі на 3—6 месяцаў. Таму Нацбанк падтрымлівае сытуацыю за кошт сваіх золатавалютных рэзэрваў, тэмпы нарошчваньня якіх плянуецца паскорыць. А на пачатку лістапада паступіць першая частка расейскага крэдыту ў 1 мільярд даляраў. Маўляў, на валютным рынку ў Беларусі “ўсё нармальна, усё стабільна”.

Аднак кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка мяркуе, што насамрэч сытуацыя ня можа быць надзейнай:

“Калі ў нас дэфіцыт гандлю з Расеяй 8 мільярдаў даляраў, то дзе іх узяць, каб расплачвацца? У правілах паводзінаў палітыкаў — гаварыць у такі час рэчы, якія супакойваюць. Таму тут правільна Пракаповіч робіць. І тут яны самі разумеюць, бо, на дзіва, і ў Лукашэнкі прагучала падзяка жыхарам Беларусі, што яны не пабеглі па грошы, панікі не было”.

Але ж старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч заявіў, што золатавалютных рэзэрваў дастаткова, каб захаваць стабільнасьць беларускага рубля і ў наступным годзе. На гэта спадар Заіка сказаў:

“Ну, няхай кажа. Ён жа як сьвятар выступае: так, Бог ёсьць. Ну, ёсьць стабільнасьць. Калі б ён казаў іншае, то ён быў бы не кіраўніком Нацбанку. Ён мусіць так казаць. Калі б ён сказаў — стабільнасьці ня будзе, то ўсе пабеглі б у абменьнікі і банкі. Калі б ён гэта зрабіў, то гэта быў бы ягоны канец. Беларускае насельніцтва, вядома, страціць. І амэрыканскае, і нямецкае, і францускае. Хто не банкір, тыя страцяць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG