Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой будзе замежная палітыка ЗША пасьля выбараў?


У аўторак, 4 лістапада, амэрыканцы выберуць новага прэзыдэнта — або Барака Абаму з Дэмакратычнай партыі, або Джона Маккейна з Рэспубліканскай партыі.


Два дасьведчаныя экспэрты ў замежнай палітыцы ЗША, Майкл Рубін з Амэрыканскага інстытуту прадпрымальніцтва і Алан Ліхтман з Амэрыканскага ўнівэрсытэту ў Вашынгтоне, падзяліліся з нашым радыё сваімі меркаваньнямі наконт таго, чаго сьвет можа чакаць ад Вашынгтону пасьля выбараў.

Маккейн заявіў у выбарчай кампаніі, што ён ня выведзе амэрыканскіх войскаў зь Іраку, пакуль ня будзе ўпэўнены ў канчатковай амэрыканскай перамозе. Абама паабяцаў, што ён пачне выводзіць амэрыканскіх жаўнераў зь Іраку і пераводзіць іх у Аўганістан не пазьней, чым 16 месяцаў пасьля таго, як складзе прэзыдэнцкую прысягу.

Рубін лічыць, што адзіны спосаб, каб вырашыць амэрыканскія вайсковыя праблемы адначасова ў Аўганістане і Іраку, — гэта пабольшыць амэрыканскія збройныя сілы.

Але Ліхтман мяркуе, што пабольшаньне амэрыканскай арміі ў наступных чатырох гадах не зьяўляецца магчымым.

„Абодва хацелі б прыдаць большы прыярытэт Аўганістану, — сказаў Ліхтман. — Абама сказаў, што перакіне войскі зь Іраку ў Аўганістан. Менш ясна, дзе зьбіраецца знайсьці войскі Маккейн, каб падмацаваць амэрыканскую вайсковую прысутнасьць у Аўганістане. Абодва, як здаецца, выступаюць за большую армію, але гэта хутка не наступіць. Бо трэба кожнаму зь іх адказаць на пытаньне: Якім чынам хочаце пабольшыць збройныя сілы, выканаць усе іншыя абяцаньні, паменшыць падаткі і даць рады дэфіцыту фэдэральнага бюджэту, які можа наблізіцца да 1 трыльёна даляраў?”

Другое вельмі важнае пытаньне ў амэрыканскай замежнай палітыцы — стасункі зь Іранам. Амэрыка не купляе іранскай нафты, а таму ня мае эканамічных чыньнікаў уплыву на сытуацыю ў гэтай краіне.

Абодва аналітыкі лічаць, што амэрыканская вайсковая інтэрвэнцыя ў Іране, якой ня выключае цяперашні прэзыдэнт Джордж Буш, не зьяўляецца надта праўдападобнай. Хто б ні стаў наступным прэзыдэнтам, ён будзе галоўным чынам ужываць дыпляматычныя сродкі дзеля таго, каб Тэгеран адмовіўся ад сваіх ядзерных амбіцый.

І трэцяе прыярытэтнае пытаньне амэрыканскай палітыкі — Расея.

Ліхтман кажа, што Маккейн у Амэрыцы зьяўляецца адным з апошніх ваяроў „халоднай вайны”, таму ягоная палітыка ў адносінах да Расеі будзе больш цьвёрдая, чым у выпадку Абамы.

„Нельга ўявіць сабе Абамы, які сказаў бы тое, што сказаў Маккейн — я паглядзеў Пуціну ў вочы і ўбачыў там КГБ, — сказаў Ліхтман. — Гэта не падыход Абамы. Ён больш спакойны, у яго больш нюансаў, чым у Маккейна”.

Рубін дадае, што розьніцу ў падыходах абодвух кандыдатаў да Расеі было відаць у іхных рэакцыях на расейска-грузінскую вайну. Маккейн выразна заявіў, што агрэсарам зьяўляецца Расея, тады як Абама заклікаў абодва бакі праявіць стрыманасьць.

„Яшчэ іншая розьніца, якую выявіў расейска-грузінскі канфлікт, гэта тэндэнцыя ў сэнатара Абамы бачыць кожны канфлікт у ізаляцыі, на прыклад, бачыць расейска-грузінскі канфлікт толькі як канфлікт паміж Расеяй і Грузіяй — сказаў Рубін. — Сэнатар Маккейн мае схільнасьць разглядаць кожны канфлікт як прэцэдэнт і, на прыклад, можа разважаць так — калі мы не падтрымаем Грузіі, што гэта будзе абазначаць для Ўкраіны?”

XS
SM
MD
LG