Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Прадстаўніцтва Міжнароднага валютнага фонду праводзіць перамовы з кіраўніцтвам Беларусі пра выдзяленьне крэдыту на 2 мільярды даляраў. Адначасна Аляксандр Лукашэнка заяўляе пра лібэралізацыю беларускай эканомікі. Выказваньні слухачоў:

Спадар: “Кіраўніцтва і кіраўнік Беларусі гэтак дэмакратызуюць эканоміку, як дэмакратызавалі мінулыя выбары”.

Спадар:

“Аляксандар Рыгоравіч горы абяцаў,
а пасьля ў старых ільготы адабраў.
Ільготы адбірае, а замест іх ракеты купляе”.

Спадар:

“Мы пакуль што не багаты, але хутка будзе рай:
Падрастае нам на шчасьце Лукашэнка Мікалай”.


У наступным тэлефанаваньні слухач задае пытаньне:

Мікола, Нароўля: “Ці не маглі б вы падказаць дзе можна набыць кнігу “Гісторыя імпэрскіх адносінаў: беларусы і расейцы”?”

На пытаньне адказвае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

“Тая кніга, пра якую казаў слухач “Свабоды”, яна выйшла вельмі маленькім накладам і хутка разышлася. Але аўтар плянуе перавыдаць кнігу, і магчыма, што напачатку наступнага году яна зьявіцца большым накладам. Гэтая кніга складаецца з розных асобных частак. У большасьці яны выходзілі па-беларуску, але затым былі перакладзеныя на расейскую мову, каб гэтую інфармацыю прачыталі ў Расеі ці ў іншых краінах, а таксама — хто ня ведае беларускай мовы. Гістарычны пэрыяд, які аглядаецца ў гэтым выданьні, — ад пачатку расейскай акупацыі да канца ХХ стагодзьдзя. Гэта значыць, што з 1795 году і амаль да сёньняшняга дня. Там аўтараў шмат, але ўкладальнік кнігі — спадар Анатоль Тарас”.

2 лістапада дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі ладзіць шэсьце ў Курапаты з нагоды дня памяці продкаў “Дзяды”. Першая масавая акцыя на “Дзяды” адбылася 20 гадоў таму, 30 лістапада 1988 году, і была гвалтоўна разагнаная. Беларускім “Дзядам” слухачы “Свабоды” прысьвячаюць свае вершаваныя творы.

Мікола Шаравар, Салігорск: “Верш “Мроя аб шчасьці”, прысьвечаны падзеям у Курапатах:

Народ ня чынны ў сьціплых шэрых шатах,
Пазбаўлены жыцьця жывых крыніц,
Ня ведаў ён, як доля ў Курапатах
На дол снапамі ўложвалася ніц.
Я веру, прыйдзе час, на родных гонях
Пасеем зерне веры ў правату,
І сьветач памяці вякоў “Пагоня”
Расьсее векавую немату”.


Людміла Белахвостава:

“Пагоні” штандар узьнімайма цяпер,
Бо б’юць у званы Курапаты
На помач нашай Беларусі,
Мы клічам душы вашыя сюды,
Нашыя “Дзяды”.


Дзякую. Удзельніца першага шэсьця ў Курапаты ў 1988 годзе”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG