Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У паход за 50 тысячамі галасоў


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Ініцыятыўная група, якая пачне зьбіраць подпісы грамадзянаў Беларусі за зьмяненьне выбарчага заканадаўства, будзе сфармаваная да 10 лістапада.


Пра гэта “Свабодзе” сёньня паведаміў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Менавіта гэтая партыя старшынюе цяпер у АДС.

“Мы хочам скласьці групу з 500—600 валянтэраў, — кажа спадар Лябедзька. — Мяркуем, што асабліва актыўна будуць працаваць нядаўнія кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і іхнія каманды. Каб сабраць столькі людзей на ўстаноўчы сход, патрэбна вялікая заля. І гэта будзе выпрабаваньнем для ўладаў. Калі яны насамрэч гатовыя да дыялёгу, то павінны даць нам адпаведнае месца”.

Апазыцыя хоча ўнесьці ў Выбарчы кодэкс тры істотныя зьмены. Па-першае, забясьпечыць прадстаўнікам палітычных партыяў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, аўтаматычны доступ у выбарчыя камісіі. Па-другое, скасаваць наагул альбо прынамсі жорстка рэглямэнтаваць працэдуру датэрміновага галасаваньня. І па-трэцяе, значна пашырыць правы назіральнікаў, асабліва пры падліку галасоў.

Беларускае заканадаўства прадугледжвае, што для рэалізацыі такой ініцыятывы спачатку трэба сабраць сама менш 50 тысяч подпісаў грамадзянаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG