Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканоміць дапаможа не Расея, а Захад


Ліхтары на Нямізе а 10-й раніцы
Ліхтары на Нямізе а 10-й раніцы

Сёньня – Міжнародны дзень эканоміі. 20 гадоў таму ў гэты дзень адбыўся першы Інтэрнацыянальны кангрэс прадстаўнікоў ашчадных касаў. Па задумцы ініцыятараў, гэты дзень прысьвечаны ня толькі эканоміі грошай, але эканоміі ў шырокім сэнсе: часу, сілаў, рэсурсаў навакольнага сьвету.

Яшчэ ў мінулым годзе кіраўнік Беларусі паставіў задачу дагнаць разьвітыя заходнія краіны, якія «віртуозна валодаюць мастацтвам беражлівасьці». Плянуецца да 2010 году паменшыць энэргаёмістасьць унутранага валавага прадукту на 31%. Таксама Аляксандар Лукашэнка загадаў адмовіцца ад «дапатопных, абгорнутых шкловатай цеплатрубаў» і паставіць усім лічыльнікі на ваду. А прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі пад час нарады ў Лідзе заявіў, што насельніцтва мусіць поўнасьцю адказваць за спажытыя рэсурсы. Тады яно будзе зацікаўленае ў эканоміі. Аднак грамадзяне і без усялякіх загадаў спрабуюць дзе магчыма эканоміць. Эканаміст Леанід Злотнікаў распавёў пра хатні экспэрымэнт па замене лямпачак на энэргазьберагальныя:
“Калі ў мяне лямпы былі па 60 ват, пяць лямпачак у адной люстры, гэта было 300 ват. Зараз у мяне 5 лямпачак па 15 ват. Гэта ўжо 75, у чатыры разы меней, чым было. Дык вось такі эфэкт толькі ад адной люстры. Асьветленасьць засталася тая ж самая”.
А вось што тычыцца цяпла, то зьберагчы яго не ўдаецца:
“У нашай кватэры стаякі, па якіх паступае гарачая вада – вэртыкальныя і ў сьценах. Яны ідуць наскрозь, на ўсю вышыню дома – ад першага да дзевятага паверха. І там ужо нічога нельга зрабіць. Застаецца толькі адчыняць вокны, калі горача. Мы адчыняем форткі, каб не было так горача. Так па-савецку ўсё было зроблена, камунай, каб усім аднолькава. І пераабсталяваць немагчыма, вельмі цяжка. Гэта ўжо ў новых дамах робяць індывідуальнае рэгуляваньне падачы цяпла ў кватэру. А ў старых дамах нічога не было зроблена і ня робіцца”.
Кампанію па эканоміі ў Беларусі спрабуюць вырашыць адміністрацыйным шляхам: з дапамогай указаў і дырэктываў. Таксама вярнуліся да савецкай практыкі спаборніцтваў сярод арганізацый і рэгіёнаў за лепшыя паказьнікі эканоміі матэрыяльных і паліўна-энэргетычных рэсурсаў. Для пераможцаў зарэзэрваваныя нават 12 месцаў на так званай “Рэспубліканскай дошцы гонару”. Таксама эканомяць за кошт скасаваньня льготаў для насельніцтва – да прыкладу, на праезд у грамадзкім транспарце.
Аднак адмыслоўцы лічаць: каб дагнаць цывілізаваныя краіны, патрэбныя новыя тэхналёгіі, якія, да прыкладу, зьберагаюць цяпло. Паводле эканаміста Барыса Жалібы, Мінстат публікуе штомесячныя дадзеныя, што энэргаёмістасьць нацыянальнага прыбытку паменшылася на нейкія долі адсоткаў:
“Мы ад перадавых эўрапейскіх прадпрыемстваў і краінаў адстаём тут у разы. Яно было і застаецца – па энэргаёмістасьці, матэрыялаёмістасьці і так далей. І тут радыкальнае рашэньне можа быць толькі ў прымяненьні сучасных тэхналёгій”.
Паводле спадара Жалібы, укараненьне гэтых тэхналёгій зьвязана з канкрэтнымі пастаўшчыкамі і грашыма. І ўсё гэта не на Ўсходзе, у Расеі, а на Захадзе. А вось такі рэальны маштабны заходні капітал у рэальны сэктар беларускай эканомікі з гэтымі тэхналёгіямі ня вельмі прыходзіць. Ён больш прыходзіць у банкаўскі сэктар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG