Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самыя ветлівыя міліцыянты служаць у ДАІ


У Віцебску прайшоў конкурс на самага ветлівага міліцыянта. Праўда, узровень выхаванасьці супрацоўнікаў міліцыі мела магчымасьць ацаніць толькі абласное начальства: цывільных асобаў у журы не запрашалі, і меркаваньнямі тых, чые непасрэдныя інтарэсы мусіць бараніць міліцыя, ніхто не пацікавіўся.

30-га кастрычніка каля 50-ці прадстаўнікоў розных рэгіёнаў Віцебшчыны зьехаліся ў абласную міліцэйскую управу. Тут ужо трэці раз праходзіў штогадовы конкурс на самага ветлівага міліцыянта – конкурс, абвешчаны ў 2006-м годзе паводле распараджэньня Міністэрства унутраных спраў, загадана праводзіць у кожнай вобласьці Беларусі.
Міліцыянты з райцэнтраў Віцебшчыны і самога Віцебску мусілі падрыхтаваць сваю “візытоўку” – прадставіць сябе асабіста і сваё падразьдзяленьне. І ўжо непасрэдна ў часе конкурсу ад удзельнікаў патрабавалася прадэманстраваць узровень прафэсійных ведаў, у тым ліку веданьне апошніх дакумэнтаў – загадаў, указаў і інструкцый. А таксама ўзяць удзел у інсцэніраванай канфліктнай сытуацыі, разыгранай з удзелам калег-міліцыянтаў. Камусьці давялося выступаць нібыта на бацькоўскім сходзе, дзе незадаволеныя “бацькі” пратэстуюць супраць прымусовай “флікерызацыі”. Нехта мусіў памірыць мужа і жонку падчас сямейнага скандалу або пераканаць падлетка ў шкодным узьдзеяньні піва ды пакараць гандлярку, якая прадала алькагольны напой няпоўнагадоваму…
Паводле Аляксандра Казючыца, супрацоўніка аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў абласной міліцэйскай управы, асабліва цікава было глядзець менавіта апошні этап конкурсу:
“Самы цікавы – гэта трэці конкурс, дзе сытуацыі разыгрываліся. Удзельнік мусіў паказаць, як трэба выходзіць з канфліктнай сытуацыі. Яму там і хамілі, і ўвогуле… Удзельнічалі ж таксама нашы міліцыянты, якія сустракаюцца штодня зь людзьмі, дзе лепш падкавырнуць, дзе нешта неяк абыграць. А журы глядзела, як нашы міліцыянты зносяцца з грамадзянамі, як яны ўвогуле могуць размаўляць. Лепшыя паказьнікі ва ўсіх намінацыях былі ў інспэктара патрульна-паставой службы ДАІ, старшага лейтэнанта Віктара Родчанкава. Дарэчы, летась першае месца заняў таксама супрацоўнік ДАІ – нездарма яны болей за ўсіх зь людзьмі зносяцца, кантактуюць,” – распавёў пра вынікі конкурсу на самага ветлівага міліцыянта супрацоўнік управы МУС Віцебскага аблвыканкаму Аляксандр Казючыц.
Ён падкрэсьліў, што гэты конкурс мусіць мацаваць прэстыж прафэсіі міліцыянта. Аднак у журы былі запрошаныя адны прадстаўнікі міліцэйскага кіраўніцтва вобласьці, і гэта ім давялося ўбачыць адразу некалькі дзясяткаў самых выхаваных супрацоўнікаў.
Шэраговым жыхарам Віцебску, апытаным на вуліцах гораду, найчасьцей даводзілася назіраць зусім іншыя карціны.
Спадар: “У беларускіх міліцыянтаў зь ветлівасьцю ўвогуле вялікія праблемы. Для пачатку было б няблага пастарацца, каб віцебскія міліцыянты падчас патруляваньня вуліц ня лаяліся матам, гучна і непрыгожа.”
Спадарыня: “Днямі мне давялося назіраць, як міліцыянты прыяжджалі да маіх суседзяў разьбіраць сямейны скандал. Чула, што крылі матам і пацярпелых, і вінаватых.”
Спадар: “Мне давялося сустракацца з рознымі міліцыянтамі – і зь ветлівымі, і з грубымі. Калі міністрам стаў Навумаў, то ён пачаў зьвяртаць на гэта ўвагу – я так разумею, таму, што людзі пісалі шмат скаргаў на міліцыянтаў, якія яны грубыя, нетактоўныя. Нават была прынятая нейкая пастанова, як павінны паводзіць сябе міліцыянты са звычайнымі грамадзянамі. І правядзеньне вось такіх конкурсаў на самага ветлівага міліцыянта сьведчыць пра тое, што ў гэтым напрамку ня ўсё добра.”
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў згадаў нядаўні судовы працэс над супрацоўнікамі міліцыі, якія зьбілі ўрача “хуткай дапамогі” толькі за тое, што ён зрабіў ім заўвагу:
“Двое міліцыянтаў зьбілі цьвярозага ўрача, зьбілі яго так, што каб не своечасова зробленая апэрацыя, то чалавека, можа, і не было б ужо ў жывых. Проста выключная ветлівасьць! Яшчэ міліцыя ветліва прымае незаконныя рашэньні. Усё робіць ветліва, толькі часта супрацьзаконна! Калі мае правы супрацоўнікі міліцыі будуць бараніць нават і няветліва, я буду гэтым задаволены! А калі яны будуць ветлівыя, але правы мае ды іншых грамадзянаў будуць парушацца, то я ў такой ветлівасьці ня бачу аніякага сэнсу,” – гаворыць віцебскі праваабаронца Павал Левінаў.
Колькі месяцаў таму спадара Левінава пакаралі арыштам ды штрафам нібыта за нецэнзурную лаянку на адрас міліцыянтаў. Тое, што брыдкасловіў ня ён, а супрацоўнікі міліцыі, праваабаронцу давесьці так і не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG