Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярцінскі: “Уразіла, як моладзь скандавала: “Вандэя!”


Анатоль Вярцінскі

Анатоль Вярцінскі

Сёньня — 20 гадоў з часу правядзеньня ў Беларусі першай масавай антыкамуністычнай акцыі. 30 кастрычніка 1988 году супраць мірных грамадзян, якія зьбіраліся адзначыць Дзень памяці продкаў “Дзяды”, улады накіравалі міліцыю і ўнутраныя войскі. Для разгону дэманстрацыі быў ужыты сьлезацечны газ “Чаромха”.

Гэта была адна з самых масавых акцыяў пэрыяду перабудовы. Паэт Анатоль Вярцінскі ў 1988-м быў галоўным рэдактарам вельмі папулярнага тады тыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Менавіта “ЛіМ” 3 чэрвеня 1988 году надрукаваў артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога сьмерці”. Анатоль Вярцінскі кажа:

“Мы ў нейкім сэнсе падрыхтавалі грамадзкую думку папярэднім нумарам за 28 кастрычніка. Мы далі падрабязную справаздачу аб стварэньні гісторыка-асьветніцкага таварыства “Мартыралёг Беларусі” і ўтварэньні аргкамітэту БНФ. У тым ліку мы далі ў поўным аб’ёме выступ Васіля Быкава. Я ўжо ўнутрана быў гатовы, што мы павінны ў наступным нумары даць адпаведны матэрыял пра “Дзяды”. І гэта было зроблена. Мы замовілі артыкул Віктару Карамазаву і надрукавалі яго на пачатку лістапада, а таксама надрукавалі падборку ўспамінаў удзельнікаў і сьведкаў падзей”.

І хоць улады ціснулі на кіраўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, праўда пра тыя падзеі стала вядомая грамадзкасьці. Акрамя “ЛіМу”, праўду пра Дзяды — 1988 напісалі “Чырвоная змена”, часопіс “Огонёк”, па Беларусікм тэлебачаньні паказалі фільм. Распавядае тагачасны старшыня Дзяржтэлерадыё БССР Генадзь Бураўкін:

Генадзь Бураўкін
“Я хачу напомніць пра фільм, які зьняў тады Ўладзімер Арлоў, зь вельмі няпростым лёсам. Паколькі я быў кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі, мы ўсё ж такі здолелі ня толькі зьняць гэты фільм, але і прабіць яго на экраны”.

На тыя Дзяды, 20 гадоў таму, упершыню народ адкрыта выказваў сваю грамадзянскую пазыцыю, упершыню беларускія ўлады брутальна разганялі мірнае шэсьце. Паэта, тагачаснага рэдактара “Літаратуры і мастацтва” Анатоля Вярцінскага ўразіла наступнае:

“Тут два моманты: мы на ўласныя вочы бачылі, як прымяняўся гвалт у адносінах да людзей, як іх пачалі хапаць і цягнуць у “варанкі”. А другі момант — гэта тое, як моладзь скандавала “Вандэя!” Запомнілася такая карцінка: дзяўчына на плячах у хлопца размахвае сьцяжком і звонкім дзявочым голасам выкрыквае: “Вандэя!” у адказ на заклік палкоўніка, які ўсё зьвяртаўся да людзей, каб яны разыходзіліся. І крык гэты дзявочы дружна падхопліваўся маладымі людзьмі”.

Генадзь Бураўкін узгадвае пра грамадзянскую пазыцыю інтэлігенцыі, якой давялося разьбірацца ў тых падзеях:

“У той камісіі, якая была створаная для разгляду падзеяў каля Ўсходніх могілак, з інтэлігенцыі, акрамя Васіля Быкава, быў народны паэт Пімен Панчанка. Ён быў адным з тых, хто адмовіўся падпісаць заключэньне гэтай камісіі. У яго была газэта на паседжаньні, і ён тады запісаў радкі Якуба Коласа: “Канстытуцыю далі, адчынілі дзьверы, і ў астрог нас павялі, і таўкуць бязь меры”. Вось так ён вызначыў паводзіны ўлады ў той сытуацыі”.


XS
SM
MD
LG