Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў Меху ў зыску супраць “Белтрансгазу”


Алесь Мех

Алесь Мех

Сёньня Берасьцейскі абласны суд адмовіў у аднаўленьні на працы актывісту Партыі БНФ Алесю Меху, які раней працаваў у Кобрынскім упраўленьні магістральных газаправодаў “Белтрансгаз”. Ён быў звольнены напярэдадні выбараў, пасьля таго, як на патрабаваньне адміністрацыі ня адмовіўся ад удзелу ў выбарчай кампаніі.

Адразу па паседжаньні берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Малей заявіў “Свабодзе”, што рашэньне суду — несправядлівае. Судзьдзі нават не ўзялі пад увагу, што на звальненьне Меха не было згоды прафсаюзнага камітэту прадпрыемства: “Няма дакумэнту аб выніках галасаваньня: колькі чалавек было “за”, колькі — “супраць”. І мы лічым, што калі гэтага няма, то фактычна не было згоды прафкаму на звальненьне Меха. І пракуратура пры праверцы пацьвердзіла, што такога галасаваньня не было. Упэўнены, што гэтага дастаткова, каб суд прызнаў, што была парушаная пасьлядоўнасьць звальненьня, а таму Мех павінен быць адноўлены на працы”.

Афіцыйна Алесь Мех быў звольнены сёлета 30 чэрвеня, пасьля таго як катэгарычна адмовіўся ад прапановы начальства і КДБ ня ўдзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Сёньняшні суд ён таксама лічыць перасьледам за свае палітычныя погляды:

“Рашэньне суду — палітычнае. Мы прадставілі ў суд усе доказы, усе юрыдычныя высновы. Але ж якім было рашэньне, вы ўжо ведаеце”.

Са словаў Алеся Меха, у пракуратуру і ў суды ён накіраваў ужо 8 заяў. Сёньняшняе рашэньне ён таксама абскардзіць у Вярхоўным судзе. На пытаньне, навошта гэта рабіць, калі адмоўны вынік вядомы загадзя, Алесь Мех адказвае:

“Мы павінны паказаць людзям, як з дапамогай кантрактнай сыстэмы чыноўнікі проста распраўляюцца зь непаслухмянымі. І як дзяржава, выкарыстоўваючы ў сваіх мэтах суды, надалей працягвае і ўзмацняе ціск”.

Аляксандар Мех мае дзьве вышэйшыя адукацыі. Больш як 14 гадоў ён працаваў інжынэрам ААТ “Белтрансгаз”.
XS
SM
MD
LG