Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускім грашовым рынку трывае ажыятажны попыт на амэрыканскую валюту. Банкі не спраўляюцца, у бальшыні абменных пунктаў даляры не прадаюцца ўжо некалькі дзён. Чым выкліканы такі звышпопыт? Што правакуе падвышаны інтарэс да замежнай валюты?

У Нацыянальным банку цяперашні ажыятаж вакол канвэрсаванай валюты параўноўваюць з падзеямі канца 2006 году. Тады ўзьнікла пэрспэктыва двухразовага падвышэньня коштаў на расейскі газ, і насельніцтва пачало масава закрываць у банках рублёвыя дэпазыты і штурмаваць абменныя пункты, спадзеючыся перавесьці рублі ў цьвёрдую валюту.

Да сёньняшняга ажыятажу спрычыніўся эканамічны крызіс, які істотна падарваў вагу эўра і паступова апускае яго да даляра — крос-курс эўра да даляра складае 1,27, а яшчэ ня так даўно перавышаў 1,62.

У беларускіх банках курс рубля да даляра ў апошнія дні паўтарае пазыцыі амаль чатырохгадовай даўніны. Калі месяц таму даляр можна было набыць за 2100 рублёў, то, паводле зьвестак на 30 кастрычніка, бальшыня банкаў прадае даляр за 2160 рублёў. Больш даляр каштаваў толькі ў лістападзе 2004 году — 2200 рублёў. Пры гэтым эўра апусьцілася з адзнакі звыш 3000 рублёў да 2795. Але ўбачанае на інфаграфіках трэба спраўджваць — даляраў у касах абменьнікаў вось ужо некалькі дзён няма; усё больш дэфіцытным робіцца і эўра. Нястачу валюты пацьвярджае і прадстаўнік Нацбанку Анатоль Драздоў:

“За лічаныя дні раптам вырас попыт на наяўную валюту. І яе сапраўды пачало не хапаць, бо ў такіх аб’ёмах яе папросту няма ў сховішчах! Але цягам бліжэйшых дзён нацыянальныя валюты будуць у банкі завезеныя і ў неабходных памерах яны зьявяцца. Адзінае, што я проста не рэкамэндаваў бы нашым грамадзянам набываць валюту, калі яна ім не патрэбная для канкрэтных мэтаў — прыкладам, для паездкі за мяжу. А ўвогуле самы разумны варыянт для захаваньня грошай — мець банкавыя зьберажэньні ў розных валютах. І калі курс нейкай валюты зьнізіцца, як зараз адбываецца з эўра, то вы адгуляецеся на курсе іншай валюты”.

На гэтым тле зьявілася інфармацыя, што ля абменных пунктаў зноў прапануюць свае паслугі
Ля абменных пунктаў зноў прапануюць свае паслугі валютчыкі
валютчыкі, якія прадаюць даляры па курсе 2400 рублёў. У Менску знайсьці такіх мянялаў не ўдалося, але ёсьць зьвесткі, што ў рэгіёнах ахвотныя зарабіць на валютным ажыятажы сапраўды ёсьць. Найперш гэта тычыцца Гомельскай вобласьці, куды па валюту едуць украінцы. Ва Ўкраіне Цэнтральны банк адпусьціў фінансавыя працэсы ў вольнае плаваньне, пасьля чаго грыўна пачала імкліва абясцэньвацца — цяпер даюць 6,5 грыўны за даляр замест нядаўніх 5 грыўнаў.

Менскі прадпрымальнік Сяргей Красоўскі, які ад пачатку 1990-х з рызыкай для нэрвовай сыстэмы мяняў валюту амаль 10 гадоў, лічыць, што наўрад ці валютчыкі могуць рэанімавацца ў ранейшых маштабах. Паводле ягоных словаў, беларускае заканадаўства надзвычай жорстка ацэньвае такі занятак, таму рызыкаваць дасьведчаныя людзі наўрад ці будуць:

“У нас жа прафсаюзу свайго і не было, як вы разумееце, таму дакладнай інфармацыі ў мяне няма. Але калі разважыць, то наўрад ці хто зараз будзе гэтым зноў займацца. Па-першае, занадта сур’ёзнае пакараньне за ўсё гэтае свавольства, а па-другое, капеечная эканомія. Таму, як мне падаецца, рэанімацыя наўрад ці магчымая. Дый я яшчэ, дзякуй Богу, з такой праблемай не сутыкнуўся, што зусім няма дзесьці валюты. Але паўтару, што вельмі сур’ёзнае паводле заканадаўства пакараньне. Нават калі адна бабуля іншай бабульцы ля абменьніка штосьці прадасьць-купіць, то такія недзіцячыя штрафы, што любы чалавек, які хоць крыху пра гэта ведае, ніколі на гэта ня пойдзе. Тысячу ці дзьве тысячы рублёў ашчадзіш, а штраф за такія справы нават не ад 10 базавых велічынь, а нашмат больш сур’ёзны”.

Тым часам у Беларусі прыпыняе сваю дзейнасьць прадстаўніцтва расейскага “Альфа-банку”. Дарэчы, абсалютная бальшыня банкаў, якія мелі ў сваёй долі расейскі капітал, яшчэ раней згарнулі крэдытныя і лізінгавыя лініі, бо амаль не атрымліваюць з Расеі фінансавага “сілкаваньня”. Гэтаксама на нявызначаны час замарожаныя праекты ўзьвядзеньня новых будынкаў для банкаўскіх установаў.


XS
SM
MD
LG