Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Астраўцы пратэстуюць супраць АЭС


Сёньня актывісты АГП Іван Крук і Мікола Ўласевіч падалі заяўку на правядзеньне пяці пікетаў супраць будаўніцтва атамнай станцыі ў Астравецкім раёне.


Тры пляцоўкі для будоўлі АЭС у Беларусі прызнаныя экспэртамi МАГАТЭ прыдатнымi. Адна зь іх знаходзіцца ў Астравецкім раёне.

Нягледзячы на тое, што канчатковае рашэньне пра месца атамнай станцыі пакуль не прынята, астравецкія актывісты пачалі выступаць супраць яе будаўніцтва.

Сёньня яны аднесьлі заяву на правядзеньне 5 пікетаў у Астраўцы й вёсках Міхалішкі, Варняны і Гервяты, паблізу якіх, на іх думку, плянуецца збудаваць АЭС. Задача пікетаў — праінфармаваць насельніцтва пра сапраўдныя наступствы такой будоўлі.

Мікола Ўласевіч
Мікола Ўласевіч перакананы, што ўлады ўсё ўжо вырашылі, бо, зь яго слоў, больш за паўгода ў раёне ўжо вядуць апрацоўку насельніцтва.

“Праводзяцца сходы ў настаўніцкіх калектывах, у іншых калектывах. Людзям тлумачаць, што гэта вельмі добра, выгадна для раёну. Увесь час падаецца інфармацыя праз раённае радыё й газэту. Ну й апошнія выказваньні спадара Мясьніковіча, прадстаўнікоў Мінэнэрга сьведчаць пра тое, што станцыя тут будзе будавацца”.

Іван Крук
Дадае Іван Крук:

“Пакуль рашэньня няма, але калі яго абвесьцяць, то будзе позна. Паглядзіце, пра экалягічныя наступствы ніхто нічога ня кажа”.

Мікалай Уласевіч ужо выступіў у “Народнай волі” з крытыкай праекту будаўніцтва АЭС менавіта на Астравеччыне. Вось ягоныя аргумэнты.

“На пачатку мінулага стагодзьдзя на гэтым месцы адбыўся землятрус. Гэта сьведчыць пра тое, што крышталічны фундамэнт ня вельмі моцны. Ружа вятроў таксама не спрыяе будаўніцтву. І, нарэшце, Нарачана-Вілейская запаведная зона — яе папросту тут зьнішчаць гэтым будаўніцтвам”.

Што думаюць наконт гэтага мясцовыя людзі?

Крук: “Грамадзтва падзялілася на два лягеры: адны “за”, другія — “супраць”. Эканамічна “за”, а з пункту погляду экалёгіі — “супраць”. Але людзям не даюць ніякай інфармацыі пра тое, якія могуць быць наступствы будоўлі АЭС”.

Іван Крук дадае, што іх галоўнай задачай падчас пікетаў і будзе тое, каб данесьці гэтую інфармацыю да грамадзтва.


XS
SM
MD
LG