Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газету Слонімскую” ня ўключылі ў падпісны каталёг на 2009 год


Такі адказ атрымаў ад рэспубліканскага прадпрыемства «Белпошта» галоўны рэдактар і выдавец газэты Віктар Валадашчук.


У лісьце падпісаным гендырэктарам “Белпошты” Аляксандрай Чарняк гаворыцца: “Белпошта" як суб’ект гаспадараньня мае права ў сваёй камэрцыйнай дзейнасьці кіравацца эканамічнай мэтазгоднасьцю. Паколькі абавязак па ўключэньні друкаванага выданьня ў каталёг не прадугледжаны заканадаўствам, выбар друкаваных выданьняў для фармаваньня каталёга з мэтай далейшага іх распаўсюду праз падпіску зьяўляецца правам РУП «Белпошта», якое рэалізуецца ім у адпаведнасьці з заканадаўствам.”

Галоўны рэдактар, Віктар Валадашчук, на гэты конт кажа, што “чорны сьпіс”, куды патрапіла яго выданьне, так і не адмянілі, паколькі гэта адмова існуе з 2006 году.

Ён нагадвае таксама, што з 2006 дамову з газэтай разарваў “Белсаюздрук” і мясцовы гандаль. Увесь гэты час”ГС” даходзіць да чытача праз прыватных распаўсюджвальнікаў. Да ўсяго, сёлета рэдакцыі адмовілі ў арэндзе памяшканьня і дагэтуль журналісты ня могуць знайсьці ў сваім горадзе пастаяннага месца для рэдакцыі.

Віктар Валадашчук кажа, што цяпер з нецярпеньнем чакае лістоў ад кіраўнікоў абласнога ўпраўленьня “Белпошты” і “Белсаюздруку”:

“Лісты ўжо павінны былі прыйсьці, але дагэтуль няма. Чаму няма? Аб гэтым я магу толькі здагадвацца. Давядзецца самому тэлефанаваць”.

XS
SM
MD
LG