Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астравеччына: “Мы такая нацыя, што по… і АЭС, і радыяцыя…”


На магчымай пляцоўцы для АЭС пакуль пасьвяць кароў

На магчымай пляцоўцы для АЭС пакуль пасьвяць кароў

Новае падарожжа Свабоды — у Солы, Варняны, Газу, Міхалішкі. Эфір 29 кастрычніка.


Рашэньне ехаць у вандроўку на Астравеччыну прыняў адразу пасьля нядаўняга Беларускага энэргетычнага ды экалягічнага форуму. Як вядома, Нацыянальная Акадэмія навук і Міністэрства энэргетыкі на гэтым форуме сышліся на думцы, што першую атамную электрастанцыю трэба будаваць на Гарадзеншчыне, паміж вёскамі Газа ды Міхалішкі. Хоць Астравецкая пляцоўка, у адрозьненьне ад Кукшынаўскай ды Краснапалянскай, лічыцца найменей вывучанай. І зусім ужо невядомымі былі настроі саміх мясцовых жыхароў, разуменьне імі сытуацыі. Таму, каб карціна атрымалася найбольш яснай, замахнуўся аб’ехаць адразу чатыры навакольныя вёскі ля месца магчымага будаўніцтва АЭС. Паслухаць роскід меркаваньняў людзей рознага веку і розных прафэсій.

Пачаў, аднак, з пасёлку Солы. Ён хоць адміністрацыйна належыць да Смаргонскага раёну, але бліжэй да пляцоўкі, чым сам Астравец. Першыя адказы на вуліцах, увогуле, зьбянтэжылі…

Карэспандэнт: “У вас каля 20 км адсюль пляцоўка будзе збудавана — чулі?”

Спадарства: “Не… Не, ня ведаю… Хай здароўе лепей будзе…” (Сьмяецца.)

Вядомы паэт і былы настаўнік, спадар Мар’ян Дукса зараз на пэнсіі. У Солах жыве каля чатырох дзесяцігодзьдзяў. Кажа, што пільна адсочвае сытуацыю зьверху і зьнізу.

Дукса: “Я напачатку здагадваўся, што будаўніцтва будзе аддадзена кітайцам альбо расейцам. Але ж мо будзе пад кантролем МАГАТЭ? Зьдзівіла, што выбралі астравецкую пляцоўку, бо былі ўпэўненыя, што магілёўская будзе…”

Карэспандэнт: “У Горках былі масавыя пратэсты. Ці будуць тут?”

Дукса: “З боку Літвы — канечне. А вялікіх пратэстаў ня будзе, тым больш яны мала на што паўплываюць. У кіраўніцтва, як ім здаецца, ёсьць аргумэнты, што могуць пераканаць — “Беларусі энэргія патрэбна, энэргарэсурсы даражэюць, а гэта нашмат таньней…”

У тым, што ўлады насамрэч робяць усё, каб падтрымліваўся інфармацыйны вакуўм, а сацыяльна-псыхалягічная сытуацыя заставалася спакойнай, я пераканаўся неўзабаве. 60-гадовы кіроўца, спадар Забранскі, замятаў ля школы лісьце. Маё пытаньне зразумеў зь лёту.


Забранскі: “Я даўно ведаю! А нам усяк хораша. Я ў ракетных служыў, прайшоў Чэхаславакію. Каля Солаў, праз рэчку, стаялі ракеты. Ігналіна побач. Там усё замерана. Галоўнае, каб збою не было. Жывем жа…”

У вучняў 11 клясы, што выйшлі на перапынку пакурыць, у галовах пакуль, як самі сказалі, “поўная каша”.

Хлопцы: “Чулі, чулі! Радыяцыя — гэта дрэнна. Як што зробіцца, будзе забруджаная тэрыторыя, здароўе страчанае… А я думаю, ня надта дрэнна. Электраэнэргія будзе. Калі грыб падымецца, яго аднесьці можа ветрам… З Чарнобыля і патапілі гэты грыб у Беларусі — тры чвэрці на нас пайшло!”

Дырэктар школы Аляксандар Сівіцкі таксама спакойны:

Сівіцкі: “Калі ўлічыць вопыт тае самае Францыі, дзе атамная энэргія выкарыстоўваецца, дык людзі жывуць спакойна. І недарагая электраэнэргія. Калі будуць сучасныя тэхналёгіі, мо й ня трэба моцна хвалявацца. Трэба ўсе меры перасьцярогі прыняць, каб такога, як у Чарнобылі, не адбылося ніколі…”

Муж і жонка Ганна ды Казімір Сантоцкія 5 год як на пэнсіі. Жывуць адны — дзеці разьляцеліся па краіне.

Спадарства: “А што ўжо нам баяцца? Мы ўжо пражылі, мо ж моладзі працаваць дзе будзе, бо адна птушкафабрыка ў Солах, і ўсё. На ўсіх ня хопіць. Мо кватэры будуць будаваць. Ідзіце да суседа — ён вам раскажа…”

Сусед, 60-гадовы фэрмэр Мікалай Лось, нарадзіўся і жыў да 1992-га ў чарнобыльскай зоне.

Лось: “Я сам зь Лельчыцкага раёну. А радыяцыі ніколі не баяўся — можа, мы такая нацыя, што похер радыяцыя?! (Сьмех.) Мой сын у Астраўцы дзяржаўны чыноўнік. І ён вельмі зацікаўлены, што адкрыецца будоўля — хацеў зьяжджаць у Менск. Яму сумна. А цяпер жыцьцё само памяняецца…”

Я завітаў да старшыні сельсавету ў Солах Міхаіла Мірскага. Пачуўшы пытаньне, чыноўнік зрабіў, так бы мовіць, “вялікую палітычную паўзу”. Яшчэ ж толькі месяц на пасадзе.

Мірскі: “Ну… Ня маючы сваіх энэрганосьбітаў, вымушаны ісьці на гэта. Частка нашых пойдзе туды, бо шмат у цэнтры занятасьці бяз працы — чалавек 150 працавала на сушыльным заводзе, ня ўсе працаўладкаваныя. Як вымушаная мера. І, як запэўнівае кіраўніцтва краіны, яна будзе бясьпечнай…”

Доўга блукалі на аўто прасёлачнымі дарогамі, перш чым выпадкова заўважылі пасярод вялізнага палетку машыну з надпісам “вышукальная”. Начальнік геафізычнага атраду Леанід Малей паведаміў, што пляцоўка для АЭС плянуецца памерам 5 км у даўжыню і столькі ж у шырыню. Побач мірна пасьвіўся статак з 70 кароў. 28-гадовы пастух з фэрмы “Шульніцкае” СВК “Варняны” Аляксандар Каваленка ахвотна сфатаграфаваўся, сказаў, што пра геолягаў “начальства не дакладала”. Аднак, убачыўшы мікрафон, панічна кінуўся наўцёкі: маўляў, пра забарону стасункаў з журналістамі “начальства строга наказала”.

А за некалькі км заўважыў хату-склад 35-гадовага прадпрымальніка Аляксандра Сакалоўскага. Разам з напарнікам ён купляе ў вяскоўцаў грыбы-ягады. А што робіцца ў яго пад носам, дакладна ня ведае.

Сакалоўскі: “З калодзежа бралі пробу на аналізы. Вяліся геалягічныя працы — узрывалі тут зямлю. Адзнакі ставілі там два месяцы таму — “Белгеалёгія”…”

Карэспандэнт: “А ты разумееш, што калі станцыю будуць будаваць, цябе проста зьнясуць?”

Сакалоўскі: “Канечне, усе ведаюць. Кажуць, і вялікія вёскі. Найбольш не хацелася, каб Астравец стаў вялікім горадам — спакойны, ціхі. Я б не хацеў тут шуміхі, будоўлі…”

* * *

На Астравеччыне жыхарам Газы паведамілі ўжо, што ў выпадку будаўніцтва як мінімум палова вёскі будзе адселена. Цяпер тут за 100 жыхароў. Пэнсіянэры Казакі — былая настаўніца Ніна Іванаўна і мэханізатар Ёсіф Андрэевіч — успрымаюць такую будучыню са скрухай.


Іванаўна: “Пабудуюць, можа, гарадок — добра. А другое — будзе забруджаны запаведнік паблізу, а там Сьвірскія, Браслаўскія азёры. Месцы такія прыгожыя, тут і менчукі лецішчы пабудавалі — добра адпачываць каля Віліі. І лес, і ягады, грыбы — накрыецца ўсё! Ёсьць, хто адзінокія, што кажуць — мы згодныя, каб толькі далі кватэры з дабротамі ў горадзе. А што — нам цяжка дровы нарыхтоўваць. А так будзем сядзець, як паны — пэнсію атрымліваць…” (Сьмяецца.)

Андрэевіч: “Цяпер атрымліваюць каторыя 500, а на ўборцы і каля мільёна камбайнэры. Даяркі 700—900 — круглагадовае ўтрыманьне. У 5 раніцы чуем, стракочуць — косяць, вязуць кармы. Надта ж ня хочацца выяжджаць са свайго кута — будаваліся-будаваліся, а гавораць, то палову, то да рэчкі выселяць! Нам, пэнсіянэрам, ня ехаць, а на магільнік ісьці…” (Сьмяецца.)

Былы заатэхнік, спадар Уладзіслаў Козел ды яго жонка, пані Францішка, ставяцца да сытуацыі з большым фаталізмам.

Спадарства: “Нас не пужае. Усё роўна нікога не застанецца — усе зьяжджаюць. Крама ёсьць, ФАП у Газе — укол даць, ціск вымераць. Я зарабіла пэнсію, выгадавала 5 дзяцей, усяго хапае…”

Уласевіч: “У вэртыкальнай “Газэце Астравецкай” цюраць ім інфармацыю, што будуць працоўныя месцы. Але ж толькі для высокакваліфікаваных спэцыялістаў. А дзе ж яны ў Варнянах, Газе, Міхалішках?! Няма і ня будзе, акрамя для трох падмятайлаў!”



А гэта падключыўся да размовы Мікалай Уласевіч. Цяпер жыве ў Варнянах, але 7 год прапрацаваў у зачыненай цяпер школе ў Газе. Сябра АГП. Звольнены, паводле яго словаў, з палітычных прычынаў.

Уласевіч: “У 2002-м настаўнікам пачалі выплачваць заробкі зь вялікай адтэрміноўкай. І я меў неасьцярогу выйграць суд і адмяніць рашэньне старшыні райвыканкаму пра перанос тэрмінаў выплаты заробку. Гэта стала нагодай, каб мяне перавялі на кантракт, а праз год звольнілі…”

Мы сядзім у хаце спадара Ўласевіча разам з Алесем Дзергачовым, старшынёй філіі Партыі БНФ у Смаргоні, рэдактарам незалежнай газэты “Смаргонскі грак”. Спадар Мікалай прагназуе сытуацыю як прафэсійны географ.

Уласевіч: “На пачатку мінулага стагодзьдзя тут адбыўся так званы Астравецкі землятрус. Разлом у раёне Гудагаю, і пасьля гэтага крышталізаваная парода — будучы фундамэнт — недастаткова магутная. Другі фактар немагчымасьці будаваць — ружа вятроў. Заходні перанос паветраных мас пераважае — гэта значыць, будуць пакрываць усю тэрыторыю РБ. І трэцяе — вялізны патэнцыял Нарачана-Вілейскага водазаказнага краю будзе вокамгненна зруйнаваны. Акрамя таго, ёсьць палітычныя чыньнікі. Рэжым хоча займець прэфэрэнцыі ў стасунках з Эўразьвязам. Калі пагадненьні знойдуцца, дакладна яна ня будзе пабудавана, калі не — будзе на злосьць пад бокам у Вільні. І Масква будзе спрыяць — ніхто грошай ня дасьць, акрамя Расеі. І ніякай энэргетычнай бясьпекі не адбудзецца. Краіне-ізгою ніхто, акрамя яе, ня дасьць уранавую сыравіну, якую самі расейцы купляюць у ЮАР. Яшчэ ў большай ступені будзем у залежнасьці ад яе…”

Дзергачоў: “Дарэчы, у Смаргоні калісьці была ракетная частка, забруджаньне нейкае ёсьць. Ня выключана, што гэта і новы пляцдарм для расейскай ракетнай зброі ў выпадку неспрыяльнай ваенна-палітычнай сытуацыі на плянэце. Дый ракетную зброю лягчэй схаваць ля АЭС, бо ворагу, у выпадку баявых дзеяньняў, не ў ахвоту будзе яе ўзрываць…”

Карэспандэнт: “Алесь, у Горках быў-ткі масавы грамадзянскі пратэст, у якім бралі ўдзел сотні чалавек…”

Дзергачоў: “Мэнталітэт заходні ўважлівы, але спакойны. І Чарнобыль далёка. Бліжэй да Гомельшчыны, дык шмат розных захворваньняў было б. А пакуль што ня бачна небясьпекі…”

Уласевіч: “Старое насельніцтва, моладзі тут няма. А калі ёсьць, у мытні працуюць, памежнікамі, у міліцыі. Усе маладыя зьехалі ў Менск, Гродна, за мяжу. Службоўцы на кантрактах — ня будуць выказваць пратэсту, хоць у душы супраць…”

У Міхалішках завіталі да найбольш слыннага ды заможнага тутэйшага гаспадара — спадара Сьвірыда. Іван Аляксандравіч — экс-дырэктар школы, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. За гэты час яго палітычныя перакананьні зьмяніліся ад поўнай падтрымкі Лукашэнкі да ўдзелу ў спробе імпічмэнту ў 1996-м. Дарэчы, праз вынесеную на вуліцу калёнку ён рэгулярна, зранку і ўвечары, слухае “РС”. Так што завочна мы былі знаёмыя. Таму адразу заглыбіліся ў тэму.


Сьвірыд: “Для мяне Шушкевіч — самы вялікі аўтарытэт, як фізык-ядзершчык. Я яго і Пазьняка выкрэсьліваў, калі балятаваліся ў прэзыдэнты. А ўжо ў другім туры ў кабінцы сказаў: “Саша, можа, пачакаем, хай ідуць гэтыя кіты”. Дык вось, Шушкевіч “за” — і я “за”. У мяне праз дарогу Вілія, хаджу папаласкацца. Пахвалюся — у гаспадарцы карова, цялуха, сьвінаматка са сьвіньнямі, куры, былі гусі, авечкі. Я люблю працаваць. Во гэтага страшна, шкада ўнукаў — мо ж і мяне выселяць? На ўскраіне Міхалішкаў ужо ўсталявалі слупы — “забароненая зона”…”

Карэспандэнт: “Дык вы вызначыліся — “за” ці “супраць”?”

Сьвірыд: “Я — за! Гэта ж інфраструктура, дарогі — людзям будзе лягчэй. Канечне, хацелася б, каб будавалі не расейцы, а заходнікі…”

Карэспандэнт: “Вы рэальную інфармацыю пра будаўніцтва ведаеце?”

Сьвірыд: “Не, ня ведаю. Ведаю толькі, якія круглыя сталы друкуе мой сын, што працуе ў раённай газэце…”

Я патэлефанаваў члену-карэспандэнту Нацыянальнай Акадэміі навук, акадэміку Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналёгій спадару Нікітчанку. Іван Мікалаевіч Чарнобылем ва ўсіх праявах займаўся зь першых дзён пасьля аварыі. У выніку апраменьваньня мае букет хваробаў, інваліднасьць другой групы. Вось яго камэнтар.

Нікітчанка: “З поўнай адказнасьцю заяўляю, што Беларусь амаль уся забруджаная чарнобыльскімі выкідамі. Мала таго, што вецер разносіў, дык самі дабавілі. Мы радыеактыўнае зерне, косьці, травяную муку разьвезьлі па ўсіх камбікормавых заводах, скармілі птушкам і сьвіньням, стварылі кампосты, унесьлі іх у глебу. Што ж яшчэ дабаўляць? На мой погляд, АЭС наагул не патрэбная Беларусі. Яна будзе каштаваць шмат грошай. Добры гаспадар уклаў бы іх у мадэрнізацыю тэхналёгій. Мы яшчэ ў 1991-м прапанавалі тэхналёгіі пасьлячарнобыльскага вырошчваньня ўсіх сельскагаспадарчых прадуктаў. Можна было б эканоміць энэргіі да 30%…”

Карэспандэнт: “Іван Мікалаевіч, а непасрэдна на навакольныя вёскі Смаргоншчыны, Астравеччыны, калі гэта адбудзецца, як будзе ўплываць?”

Нікітчанка: “Гэта вельмі шкодна. Радыяцыя ў любой колькасьці і дозе небясьпечная для арганізму. Ізатопы радыеактыўныя маюць розную колькасьць энэргіі, і лішняя выкідаецца ў навакольнае асяродзьдзе. Спачатку элемэнты патрапляюць у клетку, паслабляюць органы. Падвышаецца ўспрымальнасьць да хваробаў. Таму і нараджальнасьць падае, сьмяротнасьць маладзее — большая ў 2 разы. Тое і для сельскагаспадарчых расьлін. Я выходжу з прапановай — канчайце ўсе праграмы!”

Па дарозе назад сьвежымі ўражаньнямі ад вандроўкі дзелімся са старшынём Смаргонскай філіі Партыі БНФ Алесем Дзергачовым ды яго маладым аднапартыйцам, студэнтам-філёзафам Алесем Ількевічам.

Ількевіч: “Мяне ўразіла ў вандроўцы ня тое, што мясцовыя “за” ці “супраць” — проста абыякавыя! Улада прызвычаіла, што ад іх нічога не залежыць, што ня могуць узьдзейнічаць на сытуацыю. Як мясцовы жыхар я не хачу, каб яе будавалі. З другога боку, калі такая неабходнасьць ёсьць, хачу, каб на дзяржаўных каналах была дыскусія, “про” і “контра”, каб там былі прафэсіяналы. А ў нашай дзяржаве толькі адзін чалавек татальна разьбіраецца ва ўсіх пытаньнях. Патрэбная агульнанацыянальная дыскусія…”

Дзергачоў: “Я гэтую вандроўку ўспрымаю як маніторынг думак непадрыхтаваных людзей, якія ўспрымаюць праблему будаўніцтва АЭС на побытавым узроўні — іх цікавіць, што сёньня будуць мець. Але далей за 2016-ты, калі мяркуецца ўзьвядзеньне, яны ня бачаць. Як гэта паўплывае на пакаленьне, на здароўе беларускай нацыі. Таму выснова — палітыкам, грамадзкім арганізацыям трэба шчыльна працаваць зь людзьмі, тлумачыць аргумэнты ня толькі “за”, але і “супраць”. Фармаваць грамадзкую думку — і вусна, і ў газэтах, і ў пікетах…”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG