Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінал у турмах: правакацыі ахоўнікаў ці натура вязьняў?


Паводле незалежных крыніц, штогод ня меней за тысячу злачынстваў адбываецца ўнутры турмаў, калёній і “хімій”, дзе нібыта ідзе працэс выпраўленьня асуджаных. Чаму гэтыя людзі падаўжаюць сваё знаходжаньне за кратамі?

Праваабаронца Кацярына Садоўская згадвае пра крадзяжы ў Гомельскай жаночай калёніі, дзе яна адбыла амаль год:

“Вось сходзяць у лазьню, бялізну памыюць, павесяць сушыцца. Хвіліна пройдзе, здавалася, усе па двары ходзяць, глядзяць, а ўжо нехта крычыць: “Каравул! Кофтачку скралі!” ці “Трусікі скралі!” Так, бывала і такое”.

Гэта жанчыны. А што казаць пра мужчын, злачыннасьць сярод якіх у шмат разоў большая, як і іхная натуральная агрэсіўнасьць…

Ад канца 1990-х гадоў структуру беларускіх калёній і парадкі ў іх нібыта ўдасканалілі: ня стала “зон”, дзе правяць “злодзеі ў законе”, зьявіліся вольныя паселішчы, куды за добрыя паводзіны перасяляюць дабываць турэмны тэрмін, павялічыліся памеры харчовых перадач для вязьняў, а ў некаторых калёніях дазволілі свае тэатры. Нарэшце, кожная трэцяя калёнія ў Беларусі цяпер мае царкву ці малельны дом. І ўсё роўна крадуць, б’юць, забіваюць адзін аднаго. Чаму? Барысаўскі пракурор Уладзімер Шпакоўскі бачыць прычыны ў чалавечай натуры ды выхаваньні:

“У людзей гэтых неўраўнаважаная псыхіка, бо знаходзяцца ў месцах зьняволеньня. Ды дрэннае выхаваньне ў дзяцінстве.
У людзей гэтых неўраўнаважаная псыхіка, бо знаходзяцца ў месцах зьняволеньня.
Ня ўсе ж чыняць злачынствы? Адзін з малаком маці ўсмокча, што нельга красьці і забіваць, а другому колькі ні кажы, ён усё роўна становіцца на злачынны шлях”.

Натура натурай, але і адміністрацыя падштурхоўвае да варожасьці паміж вязьнямі ды правакуе іх на злачынствы. Гэтак мяркуе Васіль Сямашка, які за хуліганства адбыў тры гады ў ізалятары і ў менскай калёніі. Паводле Васіля, да рымскага прынцыпу “падзяляй і ўладар” у Беларусі дадаўся яшчэ адзін: “Лепшы зэк — гэта той, хто думае, што скрасьці”:

“Уся наша турэмная сыстэма пабудавана гэтак, што чалавек пазбаўлены самага неабходнага, каб потым сыстэма магла яму гэтае неабходнае даць ці ня даць. Часта гэта робіцца толькі за грошы. Прыкладам, у сьледчым ізалятары абмяжоўвалі перадачы, але апэратыўны работнік мог дазволіць такую перадачу за плату ў 20 даляраў.

Тое самае было ў калёніі “Адзінка” на Кальварыйскай. Харчаваньне такое дрэннае, што на ім пратрымацца немагчыма. Але за хабар ці стукацтва можна было забясьпечыць сабе дыетхарчаваньне: добры суп, мяса.

Галоўнае тое, што адсутнасьць самага неабходнага правакуе ўнутраныя канфлікты. Вязьні жорстка караюць “пацукоў” — арыштантаў, якія крадуць у сваіх. Але нават тыя, хто б’е “пацука”, у душы яго шкадуюць: “Ну не атрымлівае чалавек з волі перадачу, вось і лазіць па тумбачках, дзе які кавалак сала”.

У якасьці кантрасту Васіль распавёў выпадак, які бачыў у нямецкай турме для нелегальных эмігрантаў: асуджаны папрасіўся ў прыбіральню і адтуль паскардзіўся, што няма туалетнай паперы. Паліцэйскі мусіў прынесьці яму некалькі сурвэтак. У беларускіх сьледчых турмах у прынцыпе туалетная папера для вязьняў не прадугледжаная, нагадвае Васіль.

Былы палітзьняволены Валер Леванеўскі мяркуе, што канфлікты, якія пераходзяць у злачынствы, часьцей альбо правакуюцца прадстаўнікамі адміністрацыі, альбо адбываюцца з-за дзеяньняў адміністрацыі. Я прывёў у прыклад нядаўні выпадак у Барысаўскай калёніі, дзе адзін вязень забіў малатком другога за зьняважлівае слова. Валер Леванеўскі згодны: ёсьць праявы агрэсіўнасьці. Але мяркуе: пры жаданьні адміністрацыі калёній маглі б прадухіліць падобныя сутычкі.

“Калёнія “Ваўчыныя норы”, прыкладам. Гэта станцыя Даманава, Івацэвіцкі раён. Малады чалавек у 18 год патрапіў у калёнію за тое, што парэзаў бабулю. Яго зьбілі, згвалтавалі… Колькі прасіўся, каб перавялі ў іншую калёнію, вучыцца ці што — не
Яго кожны дзень і білі, і гвалцілі, але ніхто на гэта не зьвяртаў увагі.
пераводзяць. Колькі за яго прасіў — нічога. Яго кожны дзень і білі, і гвалцілі, але ніхто на гэта не зьвяртаў увагі. У яго ўжо пальцы былі адсечаныя, ён гніе, а нікому няма справы”.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў мае за плячыма, як кажуць у пэўным асяродку, “тры ходкі”: менская калёнія — яна лічыцца ледзь ня ўзорнай у Беларусі, “хімія” ў некалькіх камэндатурах і жлобінская калёнія строгага рэжыму, дзе ўтрымлівалі рэцыдывістаў. Што падказвае Клімаву гэты досьвед? Ці сапраўды дасьледаваньне прычынаў турэмнай злачыннасьці выводзіць на турэмную адміністрацыю?

“Ды ну! Я магу сказаць адно: у турмах сядзяць далёка не анёлы. Акрамя палітычных і прадпрымальнікаў, далёка не анёлы. Першае — крадуць адзін у аднаго. Другое — калечаньне распаўсюджанае. І забойствы, бо людзі ж неўраўнаважаныя. А карысьлівых забойстваў там няма — якая карысьць? У зэка ж нічога няма, ні-чо-га!”

Пры гэтым Андрэй Клімаў пагаджаецца з думкаю, што інфармаванасьць пра сытуацыю ўнутры калёніі ў прадстаўнікоў адміністрацыі такая, якая дазваляе ведаць усё:

“Там чарга стаіць да апэратыўніка, “стукаюць” адзін на аднаго яшчэ як! Інфармацыі ў іх хапае”.

Былы лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец пра сваю “хімію” ў закінутай вёсцы ў Полацкім раёне згадвае: на Новы год ці Каляды на вуліцу лепш не паказвацца. “Хімікі” абавязкова паб’юць ці яшчэ і пакалечаць. У Паўла яны кралі харчы, а потым мянялі на “максімку” (танны шклоачышчальнік) і беспрабудна пілі тыдзень. Але Павал кажа пра рэцыдыў злачыннасьці ня толькі сярод “хімікаў”:

“У людзей тое паступова робіцца нормай. 70 гадоў камунізму і 14 гадоў гэтага рэжыму разбурылі мараль, паняцьці пра дабро і зло. Адзінае, чаму гэта ня робяць пастаянна і паўсюль амаль усе — баяцца пакуль што”.

XS
SM
MD
LG