Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: усушка ці утруска ў краме “Карзінка”?


У Гомлі гандляроў харчовай крамы абвінавацілі ў крадзяжы прадуктаў.


Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля распачаты папярэдні разгляд незвычайнага пазову. Акцыянэрнае таварыства гандлю “Цэнтар” абвінавачвае калектыў крамы “Карзінка № 3” у буйным крадзяжы прадуктаў і прамысловых тавараў і патрабуе спагнаць з калектыву матэрыяльную шкоду ў памеры 13,6 мільёна рублёў.

Адказчыкамі названыя 24 працаўнікі крамы: гандляры, касіры, апэратары, ахоўнікі й грузчыкі. У іх ліку й трое чальцоў незалежнага прафсаюзу.

Праз суд таварыства “Цэнтар” імкнецца спагнаць з кожнага з працаўнікоў ад 60 тысяч да 1 мільёна рублёў. Сума пазову для кожнага залежыць ад пасады й часу працы ў “Карзінцы № 3”.

Выканаўца абавязкаў загадчыцы крамы спадарыня Вольга абвяргае, што нехта краў тавары, яна тлумачыць прэтэнзіі несанкцыянаваным умяшальніцтвам у кампутарную базу крамы:

“На мяне як загадчыцу мільён рублёў павесілі нястачы. Выгадна нястача адміністрацыі “Цэнтру”, бо такое назіраецца ў шэрагу крамаў. Да прыкладу, у краме № 12 “Алёнка”, дзе, як і ў нас, таксама зрабілі інвэнтарызацыю. І там была страшная нястача. Лічу, што гэта сапраўды выгадна кіраўніцтву гандлёвага таварыства. Калі яны спакойна могуць залезьці ў наш бухгальтарскі кампутар, то чаму ня “зьліць” у кішэню частку грошай, тавараў? А пасьля такія дурні, як мы, павінны са сваёй кішэні гэта кампэнсаваць, вяртаць у краму”.

Іншыя адказчыкі прыводзілі канкрэтныя прыклады. Атрымлівае, напрыклад, крама 20 пакетаў малака. У кампутары значыцца — 70 пакетаў. І так на кожным кроку.

Судзьдзя Віктар Казачок, які разглядае пазоў таварыства “Цэнтар”, таксама зьдзіўляўся, што за два месяцы ў “Карзінцы № 3” утварылася нястача ажно на 16,5 мільёна рублёў.

Сыстэмай бухгальтарскага ўліку тавараў у таварыстве гандлю “Цэнтар” зацікавіліся й праваахоўныя органы. Судзьдзя запатрабаваў прадставіць папяровыя накладныя і іншыя дакумэнты.

Наступнае паседжаньне суду прызначана на 11 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG