Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мы са сваімі бедамі блытаемся ў чыноўнікаў пад нагамі”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 29 кастрычніка 2008 году


Перад тым як увосень дачакацца цяпла ў камунальных кватэрах, беларускія грамадзяне ў адпаведнасьці са старой савецкай завядзёнкай павінны прынамсі на працягу пяці сутак добра памерзнуць у сваім пазбаўленым ацяпленьня жытле. У такія халодныя кастрычніцкія дні размовы пра тое, якім чынам улада эканоміць на камфорце і здароўі грамадзянаў, можна пачуць і на працы, і ў грамадзкім транспарце, і ў паліклініцы. Пішуць пра гэта і слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду”.

З аднаго з такіх допісаў і пачну сёньняшнюю размову. Нам піша Ганна Рабушка, прадавачка зь Менску:

“Насамрэч мерзьнем мы ня пяць дзён, а значна болей. Для прыкладу, наш ЖЭС дабаўляе ад сябе яшчэ 5—7 дзён. А потым доўга раскачагарваецца, адпампоўвае паветра з сыстэмы... І ў выніку атрымліваецца дзён 12—15 ва ўмовах холаду. І хто прыдумаў, што 18 градусаў — гэта санітарная норма? Яе выпадкова не з турэмных камэр пазычылі? А калі ў кватэры 13—15 градусаў, дык ЖЭС саміх жыхароў і абвінаваціць.

Я плачу за ацяпленьне агульнай плошчы 60 мэтраў, хоць 20 мэтраў ніяк не ацяпляюцца: там няма батарэй. А дзе ёсьць, іх недастаткова: яны замалыя, каб нагрэць усё памяшканьне. Вось і атрымліваецца, што плацім у некалькі разоў болей, чым павінны.

Але абурае ня толькі гэтая прыватная праблема. У нас чыноўнікаў, дэпутатаў прызначае і рассаджвае па цёплых месцах сам Лукашэнка. І чамусьці яны ўсе як адзін ня любяць простых людзей. Такое ўражаньне, што мы проста блытаемся ў іх пад нагамі са сваімі бедамі, праблемамі. Ніводнага пытаньня ў іхных кабінэтах ня вырашыш. І апазыцыя зь імі заадно: хоча ў кабінэты, далей ад народу”.


Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Ганна Рабушка разважае пра цяперашняе становішча Беларусі ў сьвеце. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Цяпер у нас з усіх бакоў — ворагі. Візы — недаступныя. З нашых людзей сьмяюцца. Беларусам давялося ехаць батрачыць за межы сваёй краіны. І адначасова людзі навыперадкі бягуць галасаваць за ўладу падчас датэрміновага галасаваньня. Цяпер вось Лукашэнка зьявіўся на людзях са сваім апранутым у вайсковую форму сыночкам. І генэралы, як алавяныя салдацікі, аддаюць гэтаму хлопчыку чэсьць. І што нас чакае наперадзе?” .

Кіраўнік гораду, раёну, вобласьці, які сваёй пасадай абавязаны выключна іншаму высокапастаўленаму чыноўніку, які не трымае перад людзьмі справаздачы і не залежыць ад іхных сымпатыяў і антыпатыяў, адпаведным чынам і ставіцца да гэтых людзей. Зрэшты, і ад выбарнасьці кіраўнікоў рэгіёнаў, і ад падсправаздачнасьці іх беларускія грамадзяне адмовіліся больш як дзесяць год таму, падчас рэфэрэндуму 1996 году. Праўда, наконт таго, ці адпавядалі вынікі таго плебісцыту рэальным настроям людзей, існуюць розныя меркаваньні. Цалкам свабодных і дэмакратычных выбараў і рэфэрэндумаў у Беларусі пасьля 1994 году не было.

Праблема, якая хвалюе сёньня многіх людзей, — глябальны фінансавы крызіс. Нягледзячы на тое, што беларускія ўлады супакойваюць грамадзянаў,— маўляў, Беларусь ён не зачэпіць альбо амаль не зачэпіць,— даверу да гэтых супакойваньняў многія ня маюць. Наш слухач Алесь Мішчанка з гэтай нагоды піша:

“Мая бабуля, якая на сваім вяку перажыла не адну дэвальвацыю грошай (у яе ў Ашчадным банку ў 1990 годзе ўлады скралі і дагэтуль не вярнулі 10 тысяч паўнаважкіх савецкіх рублёў), усім нам, сваім унукам, раіць: як толькі правадыры пачынаюць супакойваць, што з грашыма ў банках усё будзе ў парадку, што дзяржава цалкам усім усё гарантуе — не марудзьце і ўкладайце грошы ў што-небудзь надзейнае. Асабіста яна купляе муку, цукар, алей... Раней мы зь яе пасьмейваліся, але апошнім часам сьмяяцца нешта ня хочацца. У эканоміцы яўна адбываецца нешта нядобрае. У банку цяжка атрымаць крэдыт, цяжэй стала купіць валюту. Зь перабоямі пачалі працаваць некаторыя заводы.

І чаго чакаць далей? Можа, усё ж нас гэтае ліха і абміне — фондавыя біржы да нас не дайшлі, а падзеньне біржавых індэксаў у Беларусі мала каго хвалюе.”


Большая частка даходаў беларускага бюджэту — гэта грошы ад экспарту на замежныя рынкі нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў, харчаваньня, аўтамабіляў ды трактараў. Кошты на ўсё гэта зьніжаюцца, як і попыт. Імкліва таньнее нафта, значна скарачаюцца заяўкі з Расеі і Ўкраіны на пастаўкі беларускай тэхнікі. Імпартэры калійных угнаеньняў у Эўропе, Паўднёва-Ўсходняй Азіі і Бразіліі сталі адмаўляцца ад раней заяўленых аб'ёмаў закупу беларускай солі. І немагчыма разьлічваць на тое, што ў выніку ўсё гэта не адаб’ецца на стане беларускай эканомікі, а значыць, і на даходах беларускіх грамадзянаў.

Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну разважае пра тое, чаму беларускія прафсаюзы, адрозна ад заходніх, не наладжваюць масавых акцыяў пратэсту, дамагаючыся для найманых работнікаў лепшых эканамічных умоў. Слухач піша:

“Паглядзіш тэлебачаньне — паўсюль у Эўропе страйкі. Спыняюць працу, патрабуючы падвышэньня заробкаў ці паляпшэньня ўмоў, авіядыспэтчары, чыгуначнікі, паліцыянты, мэдыкі. Чаму ўсё гэта магчыма ў Эўразьвязе? Таму што там дзейнічаюць прафсаюзы, дый людзі больш аб’яднаныя. А што ж у нас у Беларусі? Мала таго, што кантрактная сыстэма душыць працоўных, дык яшчэ і прафсаюзы падтрымліваюць працадаўцаў. Няўжо гэта і ёсьць дасягненьне так званай “сацыяльна арыентаванай” дзяржавы? Патыхае ад гэтага нейкім смуродам. Лічу, што Лукашэнка сам задушыў прафсаюзы і лічыць гэта дасягненьнем дзяржавы. Але такое “дасягненьне” вельмі сумнеўнае”.

Цяперашнія афіцыйныя прафсаюзы, як і многія іншыя падкантрольныя грамадзкія арганізацыі, сёньняшняя ўлада атрымала ў спадчыну ад папярэдніцы — камуністычнай сыстэмы. Так што і ствараць нічога не спатрэбілася. У Савецкім Саюзе прафсаюзы называлі “школай камунізму”: адпаведнае ленінскае выслоўе было зьмешчана на кожнай старонцы прафсаюзнага білета. І ці магчыма было, каб адміністрацыя гэтай, так бы мовіць, “школы” ўзьнімала “вучняў” на нейкія пратэсты супраць дырэктара? Прафсаюзныя актывісты моўчкі зацьвярджалі любыя рашэньні парткаму ды адміністрацыі і абмяжоўваліся дзяльбой санаторных пуцёвак ды месцаў у рабочых інтэрнатах.

Аб правах найманых работнікаў разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” і Алена Пустакова зь Менскага раёну. Слухачка піша:

“Зьдзіўляюся нашай запалоханасьці, неарганізаванасьці, пакорлівасьці. Рабочага могуць звольніць за найменшую правіну — а ягоныя калегі маўчаць. Я разумею, у кожнага — сям’я, дзеці, новае месца працы знайсьці цяпер цяжка. Але ж немагчыма цярпець, калі аб цябе выціраюць ногі. Кантракт у руках адміністрацыі стаў чымсьці кшталту дубіны, якую пускаюць у ход пры любой нагодзе. І чаму мы такія неарганізаваныя і пакорлівыя, ня ўмеем абараніць уласнае пачуцьцё годнасьці?”

Вось у такіх сытуацыях і патрэбен незалежны прафсаюз, спадарыня Алена. Аднаму рабочаму цяжка супрацьстаяць ціску адміністратыўнай машыны: яго імгненна звольняць, замяніўшы іншым, больш паслухмяным. А вось ігнараваць рабочую салідарнасьць, масавы пратэст ніякая адміністрацыя ня здольная. Дзеля таго каб не дапусьціць такога масавага супраціву, улада любымі спосабамі імкнецца забараніць стварэньне незалежных прафсаюзаў у рабочых калектывах.

Аўтар апошняга на сёньня ліста — Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёну — зьвярнулася да нас з крыўдай. Яна наракае на тое, што ня ўсе яе шматлікія допісы гучаць у эфіры. Слухачка піша:

“Часта дасылаю вам лісты і тэлефаную, бо вы, у адрозьненьне ад афіцыйнай прапаганды, паведамляеце праўдзівыя навіны, не прыхарошваеце рэчаіснасьць. А паўпраўда горшая за непрыкрытую хлусьню. Праўды ж у нашай краіне днём з агнём ня знойдзеш.

Усё больш прыходжу да высновы, што ўсё ў нас упіраецца ў беднасьць. Мы ўсе — нехлямяжыя жабракі, жывем на мізэрныя зарплаткі. І калі ўлада спрабуе чымсьці хваліцца — гэта выглядае абуральна і сьмешна. Бо хваліцца няма чым. І як у гэтай краіне можа рэалізаваць сябе разумны і сумленны чалавек?

Незадаволена я і вамі, Радыё Свабода. Ніводзін мой ліст вы не прачыталі цалкам. Дык навошта тады вам дасылаць гэтыя лісты?”


На жаль, спадарыня Сакаловіч, мы ня маем магчымасьці цалкам агучваць у эфіры ўсе лісты слухачоў. Асабліва такія даўгія, якія часта дасылаеце вы.

Мы высока цэнім і шануем дзейнасьць нашых актыўных аўтараў, якія часта пішуць і тэлефануюць на “Свабоду”. І ўсё ж пры падрыхтоўцы перадач паводле тэлефанаваньняў і лістоў найперш зьвяртаем увагу на тых аўтараў, хто ўпершыню зьвярнуўся да нас, чые расповеды, назіраньні, уражаньні яшчэ не гучалі на хвалях “Свабоды”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.


Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG