Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам многіх гадоў, бываючы ў родных мясьцінах, кожны раз наведваю магілы пахаваных на праваслаўных могілках у Cупрасьлі бацькі, маці і брата. Не чакаю для гэтага ні Радаўніцы, ні іншага асаблівага ў праваслаўных дня памінаньня нябожчыкаў, аднак назіраю, што каталіцкія “Ўсіх сьвятых” і “Дзень задушны” прыняліся ва ўсіх канфэсіях і нават сярод атэістаў.


Некалі пашыранае і зразумелае сярод усіх канфэсіяў паняцьце — вясеньнія альбо восеньскія Дзяды — сёньня тут амаль не ўжываецца. Аднак усе хрысьціяне прынялі за сваю традыцыю дзень памінаньня продкаў на пачатку лістапада, тым болей што ў праваслаўных гэты дзень супадае зь “Дзімітрыевай памінальнай суботай”. “Дзяды”, хутчэй за ўсё, асацыююцца са славутай рамантычнай драмай Адама Міцкевіча. Відавочна, ня ўсе разумеюць адрозьненьне дня “ўсіх сьвятых” 1 лістапада і “задушнага дня” 2 лістапада, не практыкуецца надмагільнай трызны, як гэта ў праваслаўных бывае на Радаўніцу, але звычай наведваньня магілаў продкаў, ускладаньня кветак і запальваньня сьвечак ды лямпадаў (“зьнічоў”) у канцы кастрычніка і пачатку лістапада стаў паўсюдным. Людзі масава едуць на магілы блізкіх нават за сотні кілямэтраў, з прычыны надвор'я і ажыўленага руху на дарогах штогод гінуць сотні людзей, сапраўднае жніво маюць прадаўцы лямпак і вянкоў, але традыцыя аказваецца мацнейшай за ўсе перашкоды.

Гэта асаблівы дзень яшчэ і таму, што на могілкі — ці то канфэсійныя, ці так званыя “камунальныя”, для нявернікаў альбо для тых, хто ў канфлікце з Царквою, пахаваных паводле сьвецкага рытуалу, безь сьвятара, — прыходзяць і тыя, што бываюць на іх часта, і тыя, што наведваюць іх раз на год. Ушаноўваюць памяць нябожчыкаў і актыўныя вернікі, і тыя, хто перастаў наведваць храмы альбо ўвогуле іх не прызнае. Відавочна, нябожчыкі аб'ядноўваюць усіх у роздуме над містэрыяй жыцьця і сьмерці, выклікаюць роздум над замагільным сьветам, якога мы ня ведаем. Для адных гэта неба, месца вечнага спачынку, які людзі заслужылі сваім жыцьцём і добрымі ўчынкамі. Для іншых гэта нейкае бліжэй неакрэсьленае быцьцё ў іншым вымярэньні альбо проста нябыт. Чалавек памёр, цела згніло — і гэта ўсё. Усе мы прыгадваем блізкіх, якіх ужо няма сярод жывых, сяброў, якіх ужо няма. Узгадваем, як мы ставіліся да іх пры жыцьці, неаднойчы адчуваем дакор сумленьня, што не апекаваліся як трэба старымі бацькамі, што спрычынілі ім шмат гора, што не аказвалі належнай увагі, не знаходзілі часу для блізкіх і сяброў. Думаем, як склалася б іхнае жыцьцё, калі яны яшчэ жылі, прыгадваем пражытыя разам часіны.

Прынята лічыць, што боязь сьмерці — самае першабытнае пачуцьцё. Асноўны закон біялёгіі — захаваньне свайго жыцьця, і толькі пасьля, на другім месцы, захаваньне роду. Чалавека наагул, у адрозьненьне ад усіх астатніх жывых істотаў, адзначае ўсьведамленьне сьмяротнасьці. Чалавек ведае, што раней ці пазьней памрэ, і з гэтай наканаванасьцю лёсу спрабуе справіцца з дапамогай ці то рэлігіі, ці то філязофіі, ці то псыхалёгіі. Я некалькі разоў быў сьведкам агоніі чалавека, чуў ягоны апошні ўздых. Як сьвятар гаварыў рутынныя фразы пра несьмяротнасьць душы, што сьмерць — гэта не канец, але пачатак новага і лепшага стану. Але ўявіце сабе такую сытуацыю. Што сказаць, калі побач у дзьвюх трунах бацька і 20-гадовая дачка, маці і жонка ў шпіталі ў коме, а на паховінах прысутнічаюць толькі ацалелы 10-гадовы сын і ягоны старэйшы брат, які ў час трагедыі быў у войску? Праехалі болей як тысячу кілямэтраў з-над Балятону, але разьбіліся за пару кілямэтраў ад хаты. У такі момант цяжка ўстрымацца ад сьлёз і знайсьці хоць бы нейкае рэлігійнае вытлумачэньне такой трагедыі сям'і. Чаму нібыта міласэрны Бог дапусьціў такое? Тым болей што праз пару месяцаў загінуў і старэйшы сын-вайсковец — утапіўся ў звычайнай сажалцы непадалёк ад хаты...

Характэрна, што і Царква, і атэісты моцна падкрэсьліваюць значэньне добрых учынкаў. Мой знаёмы распавёў, што ўдзельнічаў у сьвецкім пахаваньні нейкага партыйца. Гучэла жалобная музыка, былі сьвечкі, кветкі, была прамова сьвецкага вядучага жалобнай цырымоніі (дарэчы, былога супрацоўніка службы бясьпекі). Ён нічога не гаварыў пра несьмяротнасьць душы, ня згадваў ні пра Бога, ні пра неба, ні пра пекла, але затое моцна падкрэсьліваў заслугі нябожчыка, тое добрае, што той у жыцьці зрабіў і дзякуючы чаму ён будзе жыць у памяці людзей. Дарэчы, і Царква моліцца аб тым, каб захавалася пра нябожчыка “вечная памяць”.

Мабыць, у выпадку нябожчыкаў памяць — галоўнае, але памінаньне памерлых патрэбнае і нам — яшчэ жывым. Наша памяць дазваляе нам далей суіснаваць з тымі, каго ўжо фізычна няма. Калі яны захоўваюцца ў нашых сэрцах — дык існуюць. Дзякуючы памяці жывыя і памерлыя складаюць адну містычную цэласнасьць. Калі стаіш над магіламі блізкіх і знаёмых, можа ўзьнікнуць і такая думка: а ці будуць наагул і як будуць успамінаць пра мяне? Гэта пэўны стымул для таго, каб часьцей задумоўвацца над сваім жыцьцём, каб пражыць яго лепей, разумней.

У мяне падчас агульных памінаньняў памерлых, у прыватнасьці на Дзяды, ня раз узьнікала пытаньне: “а навошта вы ўсе працеся на могілкі якраз у гэты дзень? Ці ж не належала б памятаць пра памерлых заўсёды і наведваць іхнія магілы часьцей і ў іншыя дні? Ці ж не належала б прыбіраць магілы ня толькі раз на год? Аднак калі бачу, што, не зважаючы на восеньскае надвор'е, пранізьлівы вецер, дождж і сьнег, хаця б толькі раз на год гэтулькі людзей на могілках, дык ужо і ня думаю, што гэта проста даніна традыцыі. Зрабіць нешта добрае лепей раз, чым ніколі. Можа, дзякуючы гэтаму дню мы становімся хоць крыху лепшымі, і, можа, наагул з намі ня так і дрэнна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG