Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу выбралі сабе кіраўніцтва. Старшынём новага парлямэнту стаў колішні старшыня Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Андрэйчанка. Ён у сваю чаргу прапанаваў сабе ў намесьнікі Валерыя Іванова — ніжэйшага рангам вэртыкальніка, які дасюль кіраваў Шклоўскім райвыканкамам. Такім чынам Іваноў папоўніў магілёўска-шклоўскае зямляцтва, якое асела ў Менску пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Якія дывідэнды дае статус земляка прэзыдэнта? Якія якасьці трэба мець, каб атрымаць штуршок да скачка па кар’ернай лесьвіцы?

Пасьля перамогі Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году пакаваць чамаданы ў сталіцу пачалі землякі-паплечнікі, якія дагэтуль бачылі Менск у найлепшым выпадку ў часе камандзіровак ці шопінгу па Камароўцы. Аднак за некалькі гадоў менавіта яны апанавалі цэнтральны апарат, амаль паўтара дзясятка гадоў робячы надвор’е на палітычным небасхіле Беларусі.

Сьпіс нараджэнцаў Магілёўшчыны, якія прыехалі заваёўваць Менск у якасьці “ліміты”, але пакінулі адметны сьлед у гісторыі краіны, надзвычай шырокі. Многія зь іх цяпер не ў фаворы, аднак іх запатрабаванасьць на пэўным этапе была абсалютна адраснай. У адной асобе выкладчык геаграфіі ў шклоўскай школе і міліцыянт Уладзімер Канаплёў за некалькі гадоў перакваліфікаваўся ў старшыню Палаты прадстаўнікоў. Алег Бажэлка з пасады пракурора Шклова ўзьляцеў у крэсла генэральнага пракурора Беларусі. Надзея Ермакова, кіраўніца шклоўскіх аддзяленьняў Дзяржбанку СССР і філіі “Белаграпрамбанку”, узначаліла “Беларусбанк”. Мэр Менску Міхаіл Паўлаў таксама чалавек у сталіцы не выпадковы, ён — зямляк прэзыдэнта.

Аднак Шклоў занадта малы, каб забясьпечыць кадрамі ўсе дзяржаўныя ўстановы. Неўзабаве пачалася сэлекцыя ў іншых гарадох Магілёўшчыны. Усёмагутным прэзыдэнцкім “заўгасам” стаў Іван Ціцянкоў, які да абраньня дэпутатам Вярхоўнага Савету прайшоў на Магілёўшчыне амаль аналягічны з Лукашэнкам аграрны шлях — ад заатэхніка і дырэктара саўгасу да партыйнай працы ў Краснапольлі. На пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта быў прызначаны Леанід Сініцын — колішні інструктар сэктару Магілёўскага абкаму КПБ. З Бабруйску ў 1996 годзе на пасаду старшыні Цэнтравыбаркаму мабілізаваная загадчыца юрыдычнай службы райвыканкаму Лідзія Ярмошына. Васіль Даўгалёў перакачаваў праз кантрольныя структуры ў дыпляматы з магілёўскага “Хімвалакна”. З магілёўскіх СМІ пачалі імклівы кар’ерны рост Рыгор Кісель (з рэдактара “Магілёўскіх ведамасцяў”) і Ягор Рыбакоў (з абласнога тэлебачаньня). Праўда, экс-кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рыбакоў вярнуўся на радзіму арыштантам — адбывае цяпер пакараньне ў Шклоўскай калёніі. З пасады рэктара Магілёўскага дзяржунівэрсытэту ўзьляцеў да міністра адукацыі Аляксандар Радзькоў… Канца-краю гэтаму сьпісу практычна не відаць, а днямі ён пашырыўся дзякуючы шклоўскаму вэртыкальніку Юр’ю Іванову — навасьпечанаму намесьніку старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Зрэшты, як кажа нараджэнка Беларусі, адна зь яскравых асобаў расейскай палітыкі Валерыя Навадворская, сытуацыя зь зямляцтвам у абедзьвюх краінах вельмі падобная: у Беларусі ўладараць магілёўскія, у Расеі — піцерскія:

“Калі б людзі яшчэ былі прыстойныя, то ня так страшна. Але яны цягнуць ня столькі субутэльнікаў, колькі хаўрусьнікаў. Толькі Пуцін цягне ня шклоўскіх, ён цягне піцерскіх. Аднак ня піцерскіх дысыдэнтаў, ці ня так? І ня піцерскую інтэлігенцыю. А такіх, як ён — альбо чэкістаў кшталту Чаркесава, альбо прагматыкаў, якія гатовыя працаваць на каго заўгодна, хоць на самога д’ябла, як Кудрын. Так і Лукашэнка. Ён робіць выбар зусім не на прыхільнікаў незалежнасьці, не на інтэлігенцыю, не на дэмакратаў, а на такіх, як ён, дробных калгасных маньякаў. Гэта натуральна: чалавек падбірае сабе банду, усё робіцца па крымінальным прынцыпе. Паколькі да абраньня на гэтую пасаду ён, відавочна, быў у “маліне” старшыняў калгасаў (гэтаксама як Пуцін быў у чэкісцкай “маліне”), то “маліну” ён цягне за сабой, каб мець яе пад рукой. “Маліне” ён давярае. Там у іх існуюць пэўныя правілы паводзінаў, і яны лічыць, што гэтыя не падвядуць. Як Лукашэнка, так і Пуцін”.

Кланавасьць у палітыцы — звыклая рэч для Сярэдняй Азіі ці Закаўказьзя. Прадстаўнікі кланаў прыбіраюць да рук цэлыя галіны эканомікі,
Кланавасьць у палітыцы — звыклая рэч для Сярэдняй Азіі ці Закаўказьзя.
умацоўваючы сваю фінансавую магутнасьць. Так, у Казахстане кланы сфармаваныя на падставе родаплемянных сувязяў. У Азэрбайджане, як і ва Ўзбэкістане, кланы склаліся па тэрытарыяльнай прыкмеце. Праўда, у Азэрбайджане гэта супадае з паняцьцем “зямляцтва”, і іншыя нацыянальнасьці ня могуць быць у азэрбайджанскім клане. А вось у ташкенцкую ці самаркандзкую палітычна-фінансавую групоўку ўваходзяць прадстаўнікі розных рэгіёнаў, што ўзмацняе іх кантроль над сытуацыяй. Апроч таго, ва Ўзбэкістане, Таджыкістане і Туркмэністане спрацоўваюць іншыя важныя фактары — сваяцкія сувязі, сяброўскія адносіны і г.д.

28 кастрычніка адзначаецца Дзень Незалежнасьці Туркмэністану. Тамтэйшы журналіст Чары Анамурадаў яшчэ падчас прэзыдэнцтва Сапармурада Ніязава быў асуджаны да працяглага тэрміну зьняволеньня па абвінавачаньні ў паклёпе на ўладу, адседзеў 4 гады, зь цяжкасьцямі зьбег за мяжу. Пасьля сьмерці “бацькі ўсіх туркмэнаў” і прыходу да ўлады Гурбангулы Бэрдымухамэдава спадзяваўся на кардынальныя зьмены ў структуры адной з самых закрытых краінаў сьвету. Аднак, кажа суразмоўца, кланавасьць ва ўладзе дазваляе разьлічваць толькі на нейкія касмэтычныя зьмены, якія не кранаюць сутнасьці аўтарытарнай улады. Незадоўга да сьмерці Ніязава хадзілі чуткі, што Бэрдымухамэдаў — пазашлюбны сын Ніязава. На карысьць вэрсіі пра ня толькі зямляцкія, але й кроўныя дачыненьні Ніязава і Бэрдымухамэдава сьведчыць і тое, што, хаця на пераходным этапе ўлада мела адысьці да старшыні Мэджлісу Атаева, супраць таго нечакана распачалі крымінальную справу:

“І хоць ён таксама быў пры ніязаўшчыне, але нават унутры гэтай кодлы пачалася канкурэнцыя. Па канстытуцыі павінен быў узначаліць дзяржаву пасьля прэзыдэнта кіраўнік Мэджлісу. Урад таксама спасылаўся на канстытуцыю, але няма ніякай магчымасьці кантраляваць сытуацыю. Таму калі там штосьці зьмяняецца, то з улікам невялікіх адыходжаньняў ад генэральнай лініі вучня, выхаванага ва ўмовах ненасытнага рэжыму Ніязава. Дарэчы, як і пры Ніязаву, усе дысыдэнты застаюцца ў разьмеркавальніках недалёка ад Ашгабаду, пабудаваных літаральна за апошнія тры гады. Я папрасіў з нашага роду людзей, каб тыя аб’ехалі тэрыторыю, але нават на 10 кілямэтраў немагчыма туды наблізіцца. Моцная варта, любога правяраюць, адразу ж страляюць. Дарэчы, было некалькі спробаў Ніязава атруціць, што ўрэшце наблізіла яго канец. Сам па сабе ён быў малады, бо ўсё жыцьцё правёў на адміністрацыйных пасадах, мог бы жыць і да 100 гадоў. Але канкурэнты паціху труцілі, зьявіліся хваробы, і чарговага прыступу перажыць ня здолеў”.

На эўрапейскай тэрыторыі кланавасьць ва ўладзе не такая заўважная
На эўрапейскай тэрыторыі кланавасьць ва ўладзе не такая заўважная і мае свае нюансы ў залежнасьці ад палітычнага ладу. Прыкладам, у Латвіі сваіх людзей угару піхаюць не намінальныя кіраўнікі краіны, а партыі. У гэтай дзяржаве і кіраўнік абіраецца дэпутатамі, то бок партыйная кааліцыя фактычна прызначае свайго прэзыдэнта. Расказвае сябра сацыял-дэмакратычнай партыі “Дабрабыт”, латыскі мільянэр зь беларускімі каранямі Ян Апаленіс:

“Цягнуць сваіх, натуральна. Але больш цягнуць не прэзыдэнты, а партыі, якія захапілі ўладу. Вядучыя партыі штурхаюць наверх сваіх вылучэнцаў, у тым ліку й прэзыдэнта. Бо ў Латвіі прэзыдэнта прызначае парлямэнт, а калі звузіць — то фактычна тры чалавекі. Тры партыі складаюць кааліцыю і выбіраюць прэзыдэнта, астатнія прагаласавалі — і ўсё. То бок, як і ўсюды, кадры фармуюцца свае. Прыйшоўшы з вуліцы ў каманду, ты нічога ня зробіш. Таму й ставяць сваіх, мы не выключэньне. Прынамсі, самых блізкіх у атачэньні мяняюць, на каго потым можна пакласьціся. Калі гэтая палітыка ў цэлым надзейная, правільная, кадры залучаюцца пісьменныя, то гэта нармальна. Але калі цягнуць ва ўладу, як у брэжнеўскі час, сваячкоў, зладзеяў, якіх і блізка падпускаць нельга, дык тая ўлада ўрэшце й рухнула. Займаў месца адзін дурань, а каго ён браў сабе ў намесьнікі? Тых, хто за яго дурнейшы, каб не падседзелі. І так усё ўніз па нахільнай пайшло. Ня той камандзір палка варты, хто сам сьмелы, а той, у каго камандзіры батальёнаў надзейныя”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG