Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі трыбунал вынес абвінавачаньне сталінізму <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Георгі Штыхаў чытае абвінаваўчае заключэньне грамадзкага трыбуналу: “Незавершаны працэс дэсталінізацыі на постсавецкай прасторы стварае глебу для пэрыядычных спробаў рэабілітацыі сталінізму і яго лідэра”.

Георгі Штыхаў чытае абвінаваўчае заключэньне грамадзкага трыбуналу: “Незавершаны працэс дэсталінізацыі на постсавецкай прасторы стварае глебу для пэрыядычных спробаў рэабілітацыі сталінізму і яго лідэра”.

Сёньня ў Менску адбылося паседжаньне грамадзкага трыбуналу, на якім было агучана абвінаваўчае заключэньне злачынствам сталінізму ў Беларусі.


З 2005 году ў сядзібе Партыі БНФ праходзілі грамадзкія слуханьні на тэму “Злачынствы сталінізму ў Беларусі”. Грунтуючыся на матэрыялах гэтых слуханьняў, а таксама на дакумэнтах дзяржаўных і асабістых архіваў, сьведчаньнях пацярпелых грамадзкі трыбунал і вынес абвінаваўчае заключэньне. Гісторык Ігар Кузьняцоў заявіў:

“Мы прысутнічаем пры гістарычнай падзеі. 20 гадоў пасьля таго, як былі адкрытыя Курапаты, як у Беларусі пачалі гаварыць праўду пра рэпрэсіі, як упершыню 20 гадоў таму 30 кастрычніка было шэсьце на Курапаты, усе марылі пра адно, і асабліва рэпрэсаваныя людзі, каб прыйшоў момант, калі хаця б грамадзкасьць аб’явіла абвінаваўчае заключэньне рэжыму, які ўчыніў усе гэтыя злачынствы на нашай тэрыторыі”.

Сябрамі трыбуналу былі 12 асобаў — Якаў Басін, Анатоль Белы, Анатоль Валахановіч, Марат Гаравы, Ігар Кузьняцоў, Леанід Маракоў, Уладзімер Раманоўскі, Вячаслаў Сіўчык, Зінаіда Тарасевіч, Сяргей Ханжанкоў, Уладзімер Халіп і Георгій Штыхаў. Яны паставілі свае подпісы пад заключэньнем. Ігар Кузьняцоў адзначыў:

Ігар Кузьняцоў падчас пасяджэньня: “Важна гэтую інфармацыю данесьці да ўсёй грамадзкасьці”.
“Мы не дачакаліся дзяржаўнага суду. Мы не дачакаліся, калі дзяржава прыме хоць бы мінімальны ўдзел ва ўвекавечаньні памяці сваіх грамадзянаў. І таму ў гэты гістарычны дзень мы сабраліся, каб зрабіць першы рашучы крок — аб’явіць нашае рашэньне, якое мы вынесьлі праз свае сэрцы, душы, якое не зьяўляецца яшчэ канчатковым. Магчыма, пасьля гэтага будуць яшчэ нейкія грамадзкія ці дзяржаўныя судовыя працэсы. І мы не дапусьцім адраджэньня сталінізму на тэрыторыі Беларусі”.

Тэкст абвінаваўчага заключэньня зачытаў першы прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, доктар гістарычных навук, прафэсар Георгій Штыхаў. У ім адзначаецца:

“Вынікі рэпрэсіўнай палітыкі бальшавіцкай улады трагічныя. За кароткі гістарычны пэрыяд кожны восьмы жыхар Беларусі апынуўся за кратамі ці калючым дротам. Кожны пяты быў дыскрымінаваны, пазбаўлены грамадзянскіх правоў як “прадстаўнік непрацоўнай часткі насельніцтва, лішэнец” ці як чалец сям’і “ворага народа — шпіёна і дывэрсанта”. У шэрагу населеных пунктаў у выніку савецкіх рэпрэсіяў загінула больш жыхароў, чым у пэрыяд нацысцкай акупацыі”.

Падчас пасяджэньня трыбуналу
У абвінаваўчым заключэньні грамадзкага трыбуналу таксама адзначаецца, што без справядлівага суду нашчадкаў над дзяржаўнымі злачынцамі немагчыма станаўленьне прававой дзяржавы:

“Вінаватыя ў генацыдзе ня маюць тэрміну даўнасьці. Бальшавізм як сацыяльная катэгорыя не павінен мець шанцаў на аднаўленьне. Краіна, якая ня здатная адкрыта асудзіць памылкі свайго недалёкага мінулага, асуджаная на іх паўтор у будучыні”.

Сябры трыбуналу таксама выказаліся адносна ўсталяваньня помніка ў Трасьцянцы ня толькі ахвярам нацызму, але й сталінізму. Адносна заключэньня трыбуналу Вячаслаў Сіўчык заявіў:

Вячаслаў Сіўчык: “Улады паставілі ў Трасьцянцы помнік — менскі сьметнік».
“Гэта падтрымка будучых грамадзянаў Беларусі, бо і нацызм, і бальшавізм ня павінны зноў быць на нашай зямлі. Бо разрываць злачынствы камунізму і нацызму на нашай зямлі не выпадае. Гэта будзе проста вялікая гістарычная памылка. І калі мы кажам пра нацызм, то гэта ўжо асуджаная ідэалёгія. У камунізму ўсё яшчэ наперадзе. Вось гэтыя пытаньні сёньня й пастаўленыя”.

Сябры грамадзкага трыбуналу заклікалі адзначыць чарговы раз 29 кастрычніка як Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. З гэтай нагоды адбудзецца наведваньне мэмарыялу ў Курапацкім лесе і ўсталяваньне там шостага памятнага знаку. Таксама людзі запаляць сьвечкі памяці і прынясуць кветкі да магілаў ахвяраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG