Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 28 кастрычніка.


Учора пачала працу Палата прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня. У чым асаблівасьці новага складу дэпутацкага корпусу? Ці варта чакаць нейкіх самастойных крокаў ад гэтых дэпутатаў? Як можна ацаніць новае кіраўніцтва Палата прадстаўнікоў?

Удзельнікі: дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Ўладзімер Нісьцюк і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч.


У чым асаблівасьці новай Палаты прадстаўнікоў?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Пасьля выбараў цікавасьць да новага складу Палаты прадстаўнікоў неяк адразу аціхла. Тым ня менш найвышэйшы фармальна орган заканадаўчай і прадстаўнічай улады пачаў сваю працу. У чым асаблівасьці гэтага складу Палаты прадстаўнікоў? Ці адрозьніваецца нечым цяперашні дэпутацкі корпус?”

Уладзімер Нісьцюк: “Адрозьніваецца тым, што з гледзішча Лукашэнкі ён зрабіў стэрыльна чысты склад Палаты прадстаўнікоў. Там няма ніводнага чалавека, які мог бы нават дома ня тое што сказаць — нават падумаць дрэннае пра цяперашнюю ўладу.

Адрозьненьне яшчэ ў тым, што там вялікая частка дэпутатаў — гэта дзяржаўныя чыноўнікі. Плюс гэта ў асноўным немаладыя людзі. Таму яны менш здатныя на нейкія навацыі, баяцца за свой лёс. Палата прадстаўнікоў ня будзе ні ў чым пярэчыць Лукашэнку. Гэта парлямэнт, які Лукашэнка падрыхтаваў да свайго выбраньня на чацьверты тэрмін.

Аляксандр Старыкевіч: “Па-першае, давайце будзем называць рэчы сваімі імёнамі. Гэта не парлямэнт, а Палата прадстаўнікоў Аляксандра Лукашэнкі. Прынцыповых адрозьненьняў ад Палаты прадстаўнікоў папярэдніх скліканьняў я ня бачу. Так, сапраўды, яго канчаткова стэрылізавалі. Але хіба што мянялі, напрыклад, гучныя заявы Кучынскага ў Палаце прадстаўнікоў? Гэта орган абсалютна падкантрольны Адміністрацыі прэзыдэнта”.


Палата прадстаўнікоў у пэрыяд пэўных пераменаў

Карбалевіч: “Тое, што вялікая колькасьць дэпутатаў — гэта прадстаўнікі выканаўчай вэртыкалі, і тое, што большасьць дэпутатаў — людзі пэнсійнага ці перадпэнсійнага ўзросту, можа азначаць зьяўленьне яшчэ адной функцыі Палаты прадстаўнікоў: быць кадравым адстойнікам, месцам ганаровай ссылкі кіроўных кадраў.

Але Палата прадстаўнікоў будзе працаваць у пэрыяд пэўных пераменаў. Пачынаецца эканамічны крызіс, магчымы рост незадаволеньня насельніцтва. Ці будзе Палата прадстаўнікоў вымушана на гэта неяк рэагаваць?

Затым — новыя адносіны з Эўразьвязам. Будуць пашырацца кантакты з эўрапейскімі парлямэнтарыямі. Потым, чакаецца маштабная прыватызацыя, прэзыдэнцкія выбары. Ці можна чакаць нейкай самастойнай ролі ад гэтага дэпутацкага корпусу?”

Нісьцюк: “Чакаць няма чаго. Таму што, найперш, усе перамены, якія будуць адбывацца ў Беларусі, будуць рабіцца з дазволу і па загадзе аднаго чалавека. Па-другое, яны ня будуць насіць прынцыповага характару. Бо
Лукашэнка баіцца праводзіць рэформы. 2011 год для яго самы галоўны, і ён да яго рыхтуецца
Лукашэнка баіцца праводзіць рэформы. 2011 год для яго самы галоўны, і ён да яго рыхтуецца.

Што тычыцца кантактаў з эўрапейскімі дэпутатамі, то мне б хацелася, каб заходнія палітыкі былі больш пасьлядоўнымі. І яны ня будуць мець справу зь людзьмі, якія прызначаныя на ролю народных выбраньнікаў. Хіба што толькі каньюнктурныя палітыкі, якія маюць бізнэс-інтарэсы ў Беларусі. Думаю, будуць вялікія складанасьці ў Палаты з замежнымі кантактамі”.

Аляксандар Старыкевіч
Старыкевіч: “Працытую новага старшыню Палаты прадстаўнікоў Андрэйчанку: “У некаторых вонкавых і ўнутраных колах хочуць, каб парлямэнт стаў асяродкам нестабільнасьці. Я ўпэўнены, калегі, што для разагрэву такіх ілюзій мы не дамо ніякіх падстаў”. Тут камэнтары залішнія.

На што яны мусяць рэагаваць? Гэтых людзей выбіралі ня выбаршчыкі, а ў адміністрацыі Лукашэнкі. І менавіта перад адміністрацыяй яны будуць трымаць справаздачу. Там сабраліся ўсе дарослыя людзі, добра разумеюць, у якую гульню яны гуляюць. Гэта ж ужо чацьверты склад Палаты прадстаўнікоў. Таму ніякіх сюрпрызаў чакаць не даводзіцца”.


Новае кіраўніцтва Палата Прадстаўнікоў

Карбалевіч: “Чакалася, што старшынём Палаты прадстаўнікоў стане намесьнік кіраўніка адміністрацыі Папкоў. Аднак выбралі былога старшыню Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімера Андрэйчанку, а ягоным намесьнікам — былога старшыню Шклоўскага райвыканкаму Валерыя Іванова. Што азначае зьяўленьне гэтых людзей у кіраўніцтве Палата прадстаўнікоў?”

Уладзімер Нісьцюк
Нісьцюк: “14 гадоў Андрэйчанка кіраваў Віцебскай вобласьцю, і Лукашэнка шмат разоў яго крытыкаваў за дрэнныя вынікі працы. Вядома, што на пасаду кіраўніка Палаты прадстаўнікоў чалавека падбірае сам Лукашэнка. І Андрэйчанка будзе працаваць на яго карысьць.

А Іванова я не магу характарызаваць як палітыка, бо нічога пра яго ня чуў. Але калі сама Палата прадстаўнікоў ня здольная на самастойнасьць і падначалена волі аднаго чалавека, то і кіраўнікі гэтай структуры будуць выконваць загады адміністрацыі прэзыдэнта”.


Значэньне пасады кіраўніка Палаты Прадстаўнікоў

Старыкевіч: “Ня надта прынцыпова, хто займае гэтую пасаду. Сьпікер Палаты — гэта назіральнік за ўпарадкаваным калектывам, які добра ведае, як сябе паводзіць. Таму гэта мог быць Папкоў, мог быць Папоў — кіраўнік папярэдняй Палаты прадстаўнікоў.
Для любой краіны была б дзіўнай сытуацыя, калі б другой асобай у парлямэнце стаў невядомы грамадзтву чалавек. А ў нас — нармальна.
Як можна было адказаць на пытаньне, чаму Папоў?

Для любой краіны была б дзіўнай сытуацыя, калі б другой асобай у парлямэнце стаў невядомы грамадзтву чалавек. А ў нас — нармальна. Бо Іваноў — са Шклоўскага раёну, вядомай крыніцы кадравага рэзэрву”.

Карбалевіч: “Хачу запярэчыць. Вы кажаце, што ня мае значэньня, хто займае гэтую пасаду. Але мы маем прыклад, калі быў адпраўлены ў адстаўку старшыня Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Канаплёў мінулым годам. У 2003 годзе быў адпраўлены ў адстаўку старшыня Савету Рэспублікі (таксама бяспраўнага органу) Вайтовіч. Дзеля гэтага нават зладзілі адмысловую сэсію. То бок Лукашэнка лічыць гэтыя пасады значнымі, і для яго мае пэўнае значэньне, хто іх займае”.

Старыкевіч: “Канаплёў быў пакараны за справы, якія ня мелі ніякага дачыненьня да Палаты прадстаўнікоў. Каб ён на той момант узначальваў нейкае міністэрства, то яго б вызвалілі з пасады міністра. Кіраўнік пазбаўляецца свайго крэсла, калі зьяўляецца сумнеў у яго абсалютнай ляяльнасьці.

Так было і з Аляксандрам Вайтовічам. Пытаньне ня ў тым, што ўладзе Лукашэнкі пагражала ягонае знаходжаньне на пасадзе старшыні Савету Рэспублікі. Проста кіраўнік дзяржавы не цярпіць крытыкі ў свой адрас ад чалавека, які займае такую пасаду”.


Як грамадзтва ставіцца да Палаты прадстаўнікоў?

Карбалевіч: “Вось вы кажаце, што Палата прадстаўнікоў — гэта дэкаратыўны орган, улады ён ня мае. Але калі паглядзець на сацыялягічныя апытаньні, то грамадзтва бачыць Палату прадстаўнікоў трохі інакш. Значная частка людзей лічыць яе сапраўдным органам улады”.

Нісьцюк: “Думаю, стаўленьне насельніцтва да гэтага складу Палаты прадстаўнікоў памяняецца ў горшы бок. Адчуваю гэта па ўласным досьведзе ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Шмат хто разумее, што іх абдурылі. Чым больш стэрыльная Палата прадстаўнікоў, тым меншай падтрымкай яна будзе карыстацца ў грамадзтве”.

Старыкевіч: “Тая частка грамадзтва, якая сочыць за грамадзка-палітычнымі працэсамі, бачыць гэтую дэкаратыўнасьць. І наадварот”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG