Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 28 кастрычніка, аўторак.


Міжнародны валютны фонд разглядае магчымасьць выдзяленьня Беларусі крэдыту stand-by на 2 мільярды даляраў. Камэнтар слухача:

Спадар:

“Крэдыт добра браць.
А хто будзе аддаваць?
А хутка… памром?
Мільярды на шыі дзяцей
Будуць вісець ярмом?”

Вайсковыя вучэньні ў Беларусі, а таксама ўдзел у іх Аляксандра Лукашэнкі разам з пяцігадовым сынам Мікалаем — тэма, якую працягваюць абмяркоўваць слухачы “Свабоды”.

Спадар: “Які канал ні глянеш, паўсюль паказваюць, як наш маршал ваюе: страляюць, танкі рухаюцца, самалёты лётаюць. На Беларусь не нападуць. Калі штосьці і можа здарыцца, то толькі празь яго, таму што ён мілітарызуе, насьцярожвае ўвесь сьвет”.

Ільля Копыл: “Слухачы зьвярнулі ўвагу толькі на тое, што генэралітэту быў паказаны будучы галоўнакамандуючы — пяцігадовы Мікола. Асабіста мне рэзала вушы агрэсыўнасьць гэтых рэпартажаў. Здавалася, што гэтыя манэўры гатовыя перайсьці ў стадыю вайны і што нейкі вораг ужо вядомы. Яшчэ мяне насьцярожыла наступнае выказваньне: “Хацелася б маштабнейшай, большай прысутнасьці Расеі”. Але куды яшчэ больш? Пануе расейская мова, пануе Руская праваслаўная царква, пашыраецца ў Беларусі расейскі бізнэс, пашыраецца вайсковая прысутнасьць. На маю думку, усё гэта вельмі небясьпечна”.

Выказваньне камэнтуе былы вайсковец і сёньняшні палітык Мікола Статкевіч:

“Уся гэтая рыторыка і пажаданьні пра большую прысутнасьць Расеі зьвязаныя зь першакрыніцай небясьпекі нашай незалежнасьці — з эканамічнай мадэльлю, якую пабудаваў спадар Лукашэнка. Гуляюць у гэтую “вайнушку” са сваім шкадоблівым войскам, узброеным састарэлай тэхнікай, разам з расейцамі для таго, каб ізноў атрымоўваць эканамічныя падачкі для далейшага існаваньня гэтай неэфэктыўнай эканомікі. Але слухач мае рацыю: могуць і дагуляцца. Бо бясплатнага сыру не бывае, за выключэньнем толькі аднаго месца, куды нас спадар Лукашэнка гэтак упарта цягне”.

Далей слухач задае пытаньне:

Спадар: “Чуў праз Радыё Свабода, што будуць здымаць спадарожнікавыя талеркі з 20 лістапада. А хто даў такі ўказ? Раскажыце, калі ласка. Можа, Лукашэнка? Ня хоча слухаць праўды?”

Адказвае юрыст грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец:

“Размовы пра тое, што спадарожнікавыя антэны будуць здымаць, вядуцца ўжо даволі даўно. Такія спробы рабіліся і ў Менску, і ў Пінску, і ў іншых гарадах. ЖЭСы дасылалі патрабаваньні, каб людзі дэмантоўвалі антэны, якія былі ўсталяваныя без дазволу. А атрымаць такі дазвол было амаль немагчыма. Пры гэтым спасылаліся на кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Маўляў, гаворка вядзецца пра тое, каб ачысьціць фасады дамоў і г.д. Але сапраўды ўсе гэтыя меры пачалі рабіцца пасьля таго, як пачаў вяшчаньне тэлеканал “БелСат”. І я думаю, што слухач мае рацыю, калі задае такое пытаньне”.

У ЗША 4 лістапада адбудуцца выбары прэзыдэнта краіны. Выказваньне на гэтую тэму:

Зіноўеў: “Гледзячы на выбары ў ЗША, я думаю, што калі-небудзь і ў Беларусі будуць дэбаты ня ў Менску, а ў правінцыі, і будуць адкрытымі”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG