Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя сустрэнецца зь “неўязнымі” эўрадэпутатамі


Сёньня ў Вільні адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазыцыі з дэпутатамі Эўрапейскага парлямэнту.

Паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, сустрэча адбудзецца ў Вільні, бо беларускія ўлады пазбавілі эўрапарлямэнтароў магчымасьці прыехаць у Беларусь. У сярэдзіне кастрычніка старшыня Эўрапарлямэнту і кіраўнікі фракцый заклікалі беларускія ўлады “зьняць забарону на ўезд у Беларусь палітыкаў з краін Эўразьвязу”.
Прэсавы сакратар беларускага міністэрства замежных справаў Андрэй Папоў сказаў, што нібыта тут эўрапарлямэнтары нешта пераблыталі. І наогул гэтае пытаньне трэба разглядаць з пункту гледжаньня ўзаемнасьці:
“Мы за тое, каб супрацоўнічаць, езьдзіць адзін да аднаго. І абмяркоўваць пытаньні, якія складаюць наш узаемны інтарэс у нашым супрацоўніцтве з ЭЗ. Таму ня бачым для гэтага ніякіх перашкодаў”.
Запрашэньне на сустрэчу ў Вільні кіраўнік дэлегацыі па Беларусі Эўрапарлямэнту Яцэк Пратасэвіч даслаў Аляксандру Казуліну, Віктару Карняенку, Сяргею Калякіну, Анатолю Лябедзьку, Міколу Статкевічу, Аляксею Янукевічу і Жане Літвіной.
9 кастрычніка Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі. Пасьля яе рада Эўразьвязу прыпыніла на паўгода візавыя санкцыі адносна шэрагу беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. А таксама заклікала афіцыйны Менск да дэмакратызацыі Беларусі.
Паводле намесьніка старшыні партыі БНФ Аляксея Янукевіча, пад час сустрэчы неабходна абмеркаваць мэтазгоднасьць рашэньняў, прынятых радай Эўразьвязу. Ён нагадаў пра агульную пазыцыю прадстаўнікоў аб’яднаных дэмсілаў:
“Ёсьць вельмі канкрэтны пералік тых крокаў, якія варта было б патрабаваць эўрапейскім структурам, эўрапейскім краінам ад цяперашніх уладаў Беларусі. Дыялёг, пра які шмат гаворыцца цягам апошніх месяцаў, на нашу думку, павінен адбывацца не паміж цяперашнімі ўладамі Беларусі і эўрапейскімі ўладамі. А для нас найбольш важна, каб дыялёг адбываўся ўнутры беларускага грамадзтва – паміж беларускім грамадзтвам і беларускімі ўладамі. Вось пачатак такога дыялёгу і мог бы толькі сьведчыць пра намеры цяперашніх уладаў зьмяняць сваю палітыку”.
Старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін адзначыў, што агульны падыход дэмсілаў быў агучаны і пад час нядаўняй сустрэчы зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім:
“Сёньня мы будзем гаварыць пра тое, што павінна адбывацца далей. Бо цяпер па рознаму чытаюць прынятыя дакумэнты. Некаторыя лічаць, што дастаткова, каб у Беларусі адмянілі сьмяротнае пакараньне, і на гэтым можна скончыць дэмакратызацыю Беларусі. І наогул адмяніць усе санкцыі, якія былі. У нас іншы падыход. Мы лічым, што павінны адбыцца зьмены, якія можна адчуць. Я думаю, гэта будзе гутарка пра будучыню”.

XS
SM
MD
LG