Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Чалавек-джаз” арганізаваў 5-гадзінны маратон


Незаменны спадарожнік Уладзімірава – джазавы трамбон

Незаменны спадарожнік Уладзімірава – джазавы трамбон

У менскім “Джаз-клюбе” адбыўся бэнэфіс аднаго з найбольш вядомых беларускіх джазмэнаў, мультыінструмэнталіста Яўгена Ўладзімірава. Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што апошнія некалькі гадоў вакол Уладзімірава сканцэнтраванае практычна ўсё джазавае жыцьцё ня толькі Менску, але й Беларусі, а яго самога часта так і называюць — чалавек-джаз.

Трамбаніста Яўгена Ўладзімірава небеспадстаўна называюць чалавекам, які прарваў джазавую блякаду Беларусі і наблізіў краіну да цывілізаванага сьвету. Дагэтуль музыкі, якія гралі некамэрцыйную музыку для гурманаў, зьбіраліся дзе давядзецца. Аднак нядаўна Ўладзіміраву ўдалося рэалізаваць даўнюю мару — арганізаваць “Джаз-клюб” у напаўпадвальным памяшканьні Палацу Рэспублікі, пасьля чаго ў аматараў “чорнай музыкі” зьявіўся свой легальны куточак на сто месцаў. Цяпер кожную нядзелю ў клюбе граюць майстры джазу — ня толькі выконваюць клясыку жанру, але й спаборнічаюць у абавязковым для такога кшталту сэйшнаў майстэрстве імправізацыі. Нягледзячы на ня самыя танныя квіткі (ад 30 тысяч рублёў), вольных месцаў тут практычна не бывае. Слухачоў Яўген Уладзіміраў традыцыйна вітае сам:

Труба ў джазе – інструмэнт №1
“Што цяпер у Менску ёсьць за нашы грошы ў клюбах, якія забавы? Караоке, дыскатэка, стрыптыз, казіно. Вось і ўсё. “Джаз-клюб” не такі, у нас зусім іншая публіка. І таму мы ўсьцешаныя, што можам ня толькі граць і слухаць, але й атрымліваць задавальненьне адзін ад аднаго. То бок у залі — толькі свае. Джаз, як вы ведаеце, гэта загадка. Нават само па сабе слова “джаз” складана перакласьці. Хтосьці казаў, што быў такі чарнаскуры Джаз Боб Браўн, які “запальваў” на берагах Місысыпі. Можа і такое было. Джордж Бэнсан джаз трактуе як проста “драбязу”. Але ня сутнасна важна, што такое джаз.
У цэнтры – джазавая сьпявачка Кацярына Кошалева
У славутага Луіса Армстранга пыталіся: маўляў, вы граеце джаз, як вы яго сабе ўяўляеце, чаму менавіта так усё робіце? На што Армстранг толькі пасылаў далей надакучлівых журналістаў і джазавых крытыкаў: “Проста граю — і ўсё”.

У нядзелю пад дахам “Джаз-клюбу” адбыўся бэнэфіс самога Яўгена Ўладзімірава, які днямі адзначыў свой 43-ці дзень нараджэньня. Дапамагалі імяніньніку найлепшыя музыкі, якія, нягледзячы на маладосьць, зрывалі гучныя авацыі прысутных. Са сцэны гучаў як архаічны “Джазавы блюз” (менавіта пад такой назвай праходзіў бэнэфіс Уладзімірава), так і ўласныя творы джазмэна.

Уладзіміраў бесьперапынна мяняў інструмэнты
Бэнэфіс атрымаўся ўдарны — пяць гадзінаў доўжыўся джазавы маратон. На сцэну падымаліся перадусім людзі, якія ўжо маюць вагу ў джазавым асяродку — саксафаністы Канстанцін Ваўчковіч, Уладзімер Міхновіч, трубач Улад Сянкевіч, сьпявачка Кацярына Кошалева; бесьперапынна мяняў інструмэнты сам Уладзіміраў — ад любімага трамбона да духавога піяна.

Яўген Уладзіміраў — пасьлядоўны папулярызатар джазу ў Беларусі. Згадвае, што яшчэ будучы савецкім піянэрам даў свой адказ на кампанію Беларускага тэлебачаньня пад назвай “Піянэр! Скажы джазу — НЕ!”. Ён стварыў джазавую імправізацыю на тэмы песень грамадзянскай вайны. Можна толькі ўявіць, якім “ворагам народу” стаў бы падлетак, каб такі твор пачулі ў партыйных ды ідэалягічных структурах. Але ўжо ў сярэдзіне 1990-х, пасьля абвяшчэньня музычнай лібэралізацыі, Уладзіміраў больш за чатыры гады вёў на тым самым тэлебачаньні праграму “Я люблю джаз”. Цяпер усьцешаны, што джаз-культура ўсё больш ахоплівае ня толькі адданых гэтай музыцы “вэтэранаў”, але й зусім маладых людзей. Пацьверджаньнем таму — і публіка ў залі “Джаз-клюбу”, і ўзрост саміх музыкантаў:

“Музыкі, якія сёньня са мной, усе маладыя. І ў гэтым таксама закладзены пэўны падтэкст, хоць джаз, адрозна ад папулярнай музыкі, — мастацтва якраз не маладых. Лічыцца, што калі табе за 50 і далей, толькі тады ты пакрыху падыходзіш да ўсьведамленьня сўінгу, драйву, мудрасьці. Таму, у адрозьненьне ад папсы, джаз цэняць найперш тыя, каму за 50 — 60. А магутная чарнаскурая нэгрыцянка 70 гадоў у джазе запатрабаваная незвычайна. То бок ува ўсіх нас вялікая будучыня ў джазе. І гэта прыемна. Аднак граць з маладымі музыкамі ўдвая прыемней, таму што яны “незайграныя”, яны не абцяжараныя ў пэўнай ступені праблемамі жыцьцёвымі. Яны зьяўляюцца вельмі чыстым матэрыялам, зь іх лёгка “ляпіць”. Тым больш калі яны падпарадкоўваюцца нашым поглядам і робяць гэта з задавальненьнем, як быццам гэта іх уласныя погляды. Тады атрымліваецца нармальны працэс — калі ўсе захоплена пачынаюць ствараць нейкую дзею, якая вельмі крута ўсіх “заводзіць”.

Малалдыя памочнікі джазмэна
За некалькі месяцаў ад пачатку працы “Джаз-клюбу” яго ганаровымі гасьцямі сталі больш за дзесяць вядомых калектываў з усіх куткоў сьвету. Тут выступалі амэрыканскія віртуозы Алвін Аткінсан, Ада Дайлер, Джордж Каліган; прызнаныя ўва ўсім сьвеце джазавыя зоркі літоўскага джазу, джазмэны з Латвіі, Эстоніі, Швэцыі, Нямеччыны. А 30 кастрычніка “Джаз-клуб” Яўгена Ўладзімірава прадстаўляе самага папулярнага джазмэна балтыйскага джазу Містэра Конга. Схаванага за гэтым сцэнічным псэўданімам Вітаўтаса Грабляўскаса ўва ўсім сьвеце называюць яшчэ літоўскім Армстрангам.
XS
SM
MD
LG