Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія лекі: танныя і ня вельмі эфэктыўныя?


У Беларусі вырабляецца 656 найменьняў лекаў. Усясьветны рынак фармацэўтычнай прадукцыі характарызуецца паказьнікам на парадак вышэй — больш за 6 тысяч лекавых прэпаратаў.


Паводле генэральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белфармацыя” Ігара Кавальчука, прырост продажу лекавых сродкаў айчыннай вытворчасьці ў аптэках штогод складае 20%.

Найбольш буйны вытворца лекаў — канцэрн “Белбіяфарм”, у склад якога ўваходзіць 18 прадпрыемстваў. Сярод іх 6 фармацэўтычных заводаў — два ў Менску (“Белмэдпрэпараты” і “Дыялек”), па адным у Барысаве, Нясьвіжы, Скідалі, Драгічыне. “Белбіяфарм” выпускае 550 найменьняў лекавых сродкаў, зь іх вытворчасьць 138 прэпаратаў зьяўляецца стратнай. Таму “Белбіяфарм” узгадніў з Міністэрствам эканомікі павелічэньне розьнічных цэнаў на 64 найменьні айчынных лекавых прэпаратаў. Старшыня канцэрну Міхаіл Чарапок патлумачыў неабходнасьць павышэньня коштаў на лекі рэзкім падаражаньнем імпартных субстанцыяў, зь якіх вырабляюцца мэдпрэпараты. Прэсавы сакратар “Белбіяфарму” Міхаіл Бондараў кажа:

“Калі цана прэпаратаў, якія зараз каштуюць 70 рублёў, вырасьце да 100 рублёў, я ня думаю, што такое істотнае з пункту гледжаньня чыноўнікаў падаражаньне будзе заўважана насельніцтвам. Гаворка ідзе менавіта пра такія цэны і такое падаражаньне”.

У параўнаньні зь імпартнымі лекамі беларускія прэпараты сапраўды танныя. Возьмем самыя распаўсюджаныя. Сіроп ад кашлю беларускай вытворчасьці амбраксол каштуе 3900 рублёў; нямецкі аналяг лазалван — 13450. Беларускі бромгексін — 580 рублёў, латыскі аналяг з такой жа назвай — 2050 рублёў. Кроплі ў нос: нафтызін — 390 рублёў, нафазалін — 690; чэскі санарын — 3440, амэрыканскі назол — 7900, а швайцарскі атрывін — 10820 рублёў. З больш сур’ёзных кардыялягічных прэпаратаў беларускі прэтуктал каштуе 24 тысячы, францускі — 38 тысяч. Фармаколяг Вольга, якая працуе аналітыкам у адной са сталічных аптэк, пацьвярджае, што беларускія лекі даволі танныя:

“Што танныя, гэта сапраўды так. Але ў нас некаторыя прэпараты заводы вырабляюць зь імпартных субстанцыяў, якія закупляюцца. І я б не сказала, што яны высокай ачысткі, таму што грошай на добрую ачыстку няма. І таму лекі атрымліваюцца такія танныя”.

Айчынныя фармацэўты ня згодныя, што іх прадукцыя саступае замежным прэпаратам. Калі і саступае, то толькі ў дызайне, упакоўцы. Прадстаўнік “Белбіяфарму” Міхаіл Бондараў кажа:

Найбольш масавыя пазыцыі імпартных лекаў — яны ні ў чым ня лепшыя за нашы
“Беларуская прадукцыя істотна, у некалькі разоў таньней за імпартную. А найбольш масавыя пазыцыі імпартных лекаў — яны ні ў чым ня лепшыя за нашы, ні па якасьці, ні па эфэктыўнасьці”.

Безумоўна, кожны прэпарат праходзіць строгі кантроль, і лекавая субстанцыя ў асноўным адпавядае, кажа фармаколяг менскай аптэкі:

“Так, з аналізамі ўсё строга, усё адпавядае. Дапусьцім, антыаксыкапсы — вітамінаў С, А, Е дастаткова, так, як і павінна быць. Але дадатковыя інгрыдыенты, сумяшчальнасьць… Возьмем эсэнцыяле і эсэнцыкапс, і там і там аднолькавыя складаныя субстанцыі для печані, але біядапушчальнасьць у эсэнцыяле значна вышэй”.

Прадстаўніца адной з замежных фармацэўтычных кампаній кажа, што Беларусь амаль не выпускае арыгінальных лекаў, у асноўным “джэнэрыкі”, як толькі што ўзгаданы эсэнцыкапс:

“Іх недзе прыдумалі — у Нямеччыне, Англіі, Бэльгіі. Такога ж кшталту субстанцыі робяць у трэціх краінах і прадаюць. Дзейснае рэчыва, якое купілі, напрыклад, у Індыі, фасуюць у нейкую лекавую форму, і потым яно прадаецца па адпаведным кошце. Усё робіцца для бабулек, у якіх няма грошай”.

І ўсё ж я папрасіла знаёмага фармаколяга, якая мае чырвоны дыплём айчыннай ВНУ, праходзіла замежныя стажыроўкі ў Нямеччыне і Польшчы, параіць мне добрыя лекі, бо на здароўі грэх эканоміць:

“Я б для вам асабіста параіла імпартныя прэпараты. Канечне, калі бабулька прыходзіць у аптэку, у яе грошай няма, але яна настолькі верыць, што лекі ёй дапамогуць, то прапануеш ёй тое, што таньней. Але якасныя імпартныя — у іх меншы пабочны эфэкт. Возьмем эналапрыл. Нашы бабулькі прымаюць, а праз два месяцы пачынаецца кашаль, гэта пабочны эфэкт. І вазьміце бэрліпрыл, вытворчасьці “Гэдэон Рыхтэр”. Там субстанцыя больш чыстая. Лепш купляць імпартныя”.

Бальшыня беларускіх лекаў ня мае міжнароднага стандарту GMP — сыстэмы забесьпячэньня якасьці
Да таго ж, бальшыня беларускіх лекаў ня мае міжнароднага стандарту GMP — сыстэмы забесьпячэньня якасьці. Яны маюць іншыя сэртыфікаты якасьці, але тыя не даюць права выйсьці на міжнародныя рынкі. Гэта бяда ўсіх краінаў СНД, дзе быў крыху іншы падыход да фармацэўтычнай прамысловасьці. Пакуль сэртыфікавана стандартам GMP толькі 4 вытворчыя ўчасткі трох фармацэўтычных прадпрыемстваў Беларусі.

“Яны адпавядаюць правілам GMP, міжнародным стандартам. Астатняе ў нас нічога не адпавядае. То бок экспарту ў нас амаль няма. Я ня маю на ўвазе, тое, што мы экспартуем у краіны СНД. А ў нармальныя заходнія краіны нашы лекі ніхто ня возьме”.

Сэртыфікацыю GMP плянуецца завершыць да 2010 года. Зараз задача — мадэрнізаваць усю фармацэўтычную галіну. Замежныя інвэстыцыі — адна з крыніца фінансавага аздараўленьня галіны. Цягам трох гадоў мяркуецца акцыянаваць амаль усе прадпрыемствы “Белбіяфарму”. Да прыкладу, Барысаўскім заводам медпрэпаратаў зацікавіліся 5 вядомых фармацэўтычных кампаній, у тым ліку з краінаў Эўразьвязу і Індыі.

У наступным годзе мяркуецца адкрыць найбольшае ў Беларусі фармацэўтычнае прадпрыемства “Вітуніфарм”, якое будзе выпускаць прадукцыі на 100 мільярдаў рублёў у год — траціну аб’ёму ўсіх беларускіх фармвытворчасьцяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG