Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз камунальныя службы ўладальнікам разасланыя спавешчаньні з патрабаваньнем зьняць антэны з фасадаў дамоў да 20 лістапада.


Спавешчаньні атрымалі ўладальнікі як спадарожнікавых, так і звычайных антэн. Камунальнікі спасылаюцца на тое, што былі праведзены абсьледаваньні дахаў дамоў і зафіксаваны незаконныя ўстаноўкі антэнаў. Жыхарам прапануюць карыстацца калектыўнымі антэнамі, якія прымаюць да 16 праграмаў.

Аднак многіх людзей гэта абурыла, бо антэны стаяць ужо па 10 і больш гадоў.

Спадар: “Чаму я павінен глядзець 16 каналаў, калі ў мяне на талерцы прымаецца 160? Пазьней скажуць: а навошта вам 16, хопіць 4. Навошта вам мабільны тэлефон, хопіць звычайнага, навошта кампутар?..”

Жыхары некалькіх дамоў зьвярнуліся да дэпутата Мастоўскага райсавета Зьмітра Кухлея, сябра партыі БНФ, каб ён высьветліў правамоцнасьць патрабаваньняў камунальнікаў. Зьміцер Кухлей скіраваў афіцыйны зварот у ЖКГ і пракансультаваўся зь юрыстамі, а таксама меў размову зь Сьвятланай Урбановіч, якая падпісвала спавешчаньні. Ён кажа, што людзі згодныя ўзаконіць свае антэны, заплаціць за гэта грошы, аднак справа выглядае больш складана.

Кухлей: “Як, якім чынам узаконіць гэтыя антэны — у камунальных службаў няма такіх правіл. І сапраўды, мы глядзелі зь юрыстамі, і нічога не знайшлі”.

У Мастах у шматпавярхвых дамах цяпер ідзе кампанія па правядзеньні кабэльнага тэлебачаньня. Некаторыя мастаўчане лічаць, што спадарожнікавыя антэны перашкаджаюць прымаць праграмы па кабэлі.

Я запытаўся ў кіраўніка кабельнага апэратара ў Мастах, Барыса Якусіка, ці не перашкаджаюць спадарожнікавыя антэны працы кабельнага тэлебачаньня.

Якусік: “Спадарожнікі працуюць у зусім іншым дыяпазоне й не перашкаджаюць кабельнай сыстэме, дакладна. Гарадзкім ўладам лепш бачна, якія антэны здымаць. Яны зрабілі гэта, каб захаваць цэлымі дахі.”.

Летась падобныя загады выдалі ўлады Горадні й Ліды, але пасьля таго, як справа атрымала розгалас у СМІ, усё заціхла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG