Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адмаўляемся ад мяса, ад рыбы, ад садавіны, гародніны...”


Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, толькі 10% беларусаў харчуюцца паўнавартасна.

Для астатніх альтэрнатыва здаровага харчаваньня застаецца нескарыстанай парадай урачоў.

У Нацыянальнай праграме дэмаграфічнай бясьпекі Беларусі на 2007-2010 г.г. сьцьвярджаецца, што сьмяротнасьць ад захворваньняў органаў страваваньня з 1990 году па 2005 ўзрасла на 96,8%. Больш за чвэрць насельніцтва мае лішнюю вагу. У гэтых людзей значна вышэйшая рызыка разьвіцьця пухліны нырак, лёгкіх, цукровага дыябету й г.д.

Мой суразмоўца – супрацоўнік катэдры Агульнай гігіены Гарадзенскага мэдунівэрсітэту Яўген Майсіёнак наўпрост зьвязвае гэта зь нездаровым харчаваньнем. Яно павінна складацца найперш зь зернявых прадуктаў, свежай садавіны і гародніны, ужо меней – мяса-малочных прадуктаў, варта абмяжоўваць ужываньне солі й цукру і зусім выключыць з рацыёну алькаголь ды тытунь.

Аднак у гарадзенцаў атрымліваецца часьцей наадварот, асабліва зараз, калі цэны на прадукты пачалі імкліва расьці.

мяса мы ўжываем пераважна сьвініну, яна ўтрымлівае 30% тлушчу, яго нельга аднесьці да
здаровага
Майсіёнак: “Напрыклад, мяса мы ўжываем пераважна сьвініну, яна ўтрымлівае 30% тлушчу, яго нельга аднесьці да здаровага. Ва ўсім сьвеце ядуць маргарыны, спрэды, дзе частка малочнага тлушчу і алею. У нас ядуць малочны тлушч, насычаны выключна тлустымі кіслотамі. Плюс танны даступны алькаголь і г.д.”

А вось што наконт свайго харчаваньня кажуць самі гарадзенцы.

Спадарыня: “Бярэм пераважна свае прадукты з агарода. Зарплаты ў нас не такія высокія, таму жывем ня так як хочацца, а так, каб абы працягнуць як-небудзь”.

Карэспандэнт: “А мяса часта ўжываеце?”

Спадарыня: “Ня вельмі, няма за што яго купляць”.

Спадарыня: “Адмаўляемся ад мяса, ад рыбы, ад садавіны, гародніны, усё болей на адну бульбу налягаем”.

Спадарыня: “Даводзіцца купляць харчы якія таньней каштуюць. Абмяжоўваесься ва ўсім: і мяса, і шынкі... Пераходзіш на тое, што таньней”.

Ейная сяброўка: “Асабліва, калі яшчэ сам студэнт і дзеці вучацца. Наагул такія вялікія перапады з грашыма. Даводзіцца на ўсім эканоміць: на сабе, на адзежы, а харчы дарагія немагчыма. Купляем субхарчы, варым. Шынку толькі вараную бярэм, асатняя дарагая. Малочныя прадукы купляем, яны таньнейшыя. І ўсё”.

Спадарыня: “А хіба ў нас ёсьць нейкі выбар? Кошты вялікія, але есьці ўсё роўна трэба”.
XS
SM
MD
LG