Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ролю праваслаўя ў Беларусі аніяк не параўнаць з украінскай сытуацыяй”


Наталька Васілевіч

Наталька Васілевіч

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — Наталька Васілевіч. Сёньня Наталька Васілевіч дзеліцца ўражаньнямі пра наведваньне Беларусі патрыярхам Аляксіем II.


"Улетку гэтага году мне давялося прысутнічаць на ўрачыстасьцях з нагоды 1020-годзьдзя хрышчэньня Русі ў Кіеве, таму проста немагчыма ўстрымацца ад параўнаньня.

Увесь Кіеў быў напоўнены плякатамі, расьцяжкамі, бігбордамі з фатаздымкам патрыярха, спэцыяльна запрошанага Прэзыдэнтам Юшчанкам, — Усяленскага патрыярха Варфаламея. Украінская праваслаўная царква намагалася не адставаць — на многіх вуліцах і праспэктах гораду на мінакоў гэтаксама глядзеў і патрыярх Аляксій. Візыт жа патрыярха Аляксія ў нашую краіну праходзіць амаль зусім незаўважна: пара расьцяжак над праспэктам — гэта зусім іншы маштаб.

Можна параўнаць і стаўленьне дзяржаўнай улады да прыезду Патрыярха: калі ў Кіеве прэзыдэнт памчаўся ў аэрапорт сустракаць яго ўсясьвятасьць патрыярха Варфаламея І, у прыезьдзе якога ён быў зацікаўлены і ад якога не адыходзіў ні на крок, то ўжо ў беларускім кантэксьце сустрэча патрыярха Аляксія і прэзыдэнта гучыць як “аўдыенцыя ў кіраўніка дзяржавы”.

Ну і, вядома, зусім іншым было прадстаўніцтва гасьцей — у Кіеў прыехалі з многіх краінаў сьвету, з розных праваслаўных юрысдыкцый. Столькі эпіскапаў у адным месцы мне ніколі не даводзілася бачыць. Храм, у якім праходзіла богаслужэньне, наш Катэдральны сабор — маленькая царква, якой не хапіла б, каб зьмясьціць усіх прысутных архірэяў і клірыкаў, што бралі ўдзел у кіеўскіх сьвяткаваньнях.

А людзі запаўнялі цэлыя плошчы! Літургію, якую ў Кіеве служылі на Ўладзімерскай горцы, наведалі дзясяткі тысяч чалавек. Каб туды патрапіць, трэба было прыходзіць як мінімум за гадзіну. І прэзыдэнт Юшчанка таксама прысутнічаў на гэтай літургіі. Менскае ж сьвяткаваньне стала, па словах самога Патрыярха ў казаньні пасьля літургіі, віншаваньнем мітрапаліта Філарэта зь ягоным асабістым сьвятам — 43-годзьдзем эпіскапскай хіратоніі.

А людзей на самую літургію сабралася не нашмат больш, як у звычайны нядзельны дзень, і не нашмат менш, чым зьбіраюць у Менску выступленьні дыякана Кураева…

Колькасьць прысутных вернікаў была параўнальнай з той, што ўдзельнічала ў літургіі, калі прыяжджаў дзяржсакратар Ватыкану кардынал Тарчызіё Бертонэ — пры тым, што каталікоў, паводле афіцыйных дадзеных, у некалькі разоў менш.

Гэта ўсё паказвае: сама фігура патрыярха, як і наагул праваслаўе ў Беларусі, ня маюць такога ўплыву і значнасьці, як на той жа Ўкраіне.

Чаму?

Калі на Ўкраіну як Усяленскі, так і Маскоўскі патрыярхі ехалі, бо прынцыпова маглі ўплываць на сытуацыю, то ў Беларусі ёсьць толькі адзін чалавек, які можа ўплываць і на сытуацыю, і на Патрыярха — гэта прэзыдэнт Лукашэнка".

Наталька Васілевіч — кіраўнік беларускага хрысьціянскага парталу “Царква”, рэгіянальны прадстаўнік Сусьветнага брацтва праваслаўнай моладзі “Сындэсмас”.

Пасьля “коласаўскага” ліцэю скончыла аддзяленьне паліталёгіі юрфаку Белдзяржунівэрсытэту, затым магістратуру. Зараз завяршае вучобу ў асьпірантуры, піша кандыдацкую дысэртацыю на тэму рэлігійнай ідэнтычнасьці ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG