Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыне адновяць скрадзены мэмарыяльны крыж


Леанід Аўтухоў

Леанід Аўтухоў

Актывіст з райцэнтру Гарадок Леанід Аўтухоў мяркуе ўжо другі раз на ўласныя сродкі ўшанаваць памяць мясцовых удзельнікаў антыбальшавіцкага паўстаньня.


Мэмарыяльны крыж, усталяваны летась, быў скрадены невядомымі злодзеямі, якіх дагэтуль ня можа знайсьці міліцыя.

Паводле Леаніда Аўтухова, старшыні Гарадоцкай суполкі партыі БНФ, крыж з надпісам “Змагарам за СВАБОДУ, загінуўшым у лістападзе 1918 г.”, будзе ўсталяваны на ранейшым месцы каля вёскі Фралова, за 26 кілямэтраў ад райцэнтру Гарадок. Актывіст сабраў 75 подпісаў жыхароў Гарадоцкага раёну і адаслаў іх у райвыканкам разам з прапановаю ўзяць удзел ва ўсталяваньні мэмарыяльнага знаку.

“Мы можам сабраць і тысячу подпісаў, і больш! Колькасьць не была маёй мэтай. Мяне найбольш хвалявала, як да гэтага ставяцца жыхары вёскі Фралова. Я паехаў у вёску, і выявілася, што 83—90 адсоткаў жыхароў ставяцца да гэтага станоўча, усе яны падпісаліся. Нават чалавек, які для кнігі “Памяць” у інтэрвію казаў, што гэта былі бандыты, якія хацелі задушыць у Гарадку савецкую ўладу, і той пагадзіўся, што гэта былі змагары за свабоду, якія баранілі сваё майно, і таксама даў подпіс”, — распавёў Леанід Аўтухоў.

Крыж, які актывіст мяркуе ўсталяваць на пачатку лістапада, будзе зроблены з дрэва. У мінулым годзе Леанід Аўтухоў паставіў каля вёскі Фралова жалезны крыж, выдаткаваўшы на гэта каля 200 даляраў уласных грошай. Роўна год таму, якраз 27 лістапада, гэты крыж зьнік, прастаяўшы ўсяго тры дні. Леанід Аўтухоў адразу зьвярнуўся ў міліцыю, каб злодзеяў знайшлі ды пакаралі, аднак гэта дагэтуль ня зроблена.

“Калі мы размаўлялі са сьледчым пракуратуры, я запытаў: “Калі ж урэшце знойдуць таго, хто скраў крыж?” Ён кажа: “А вы ведаеце, хто яго скраў?” Кажу: “Ведаю. Гэта ўлады, больш няма каму!” — “І я ведаю, — кажа ён. — Таму нічога не магу зрабіць”. Ён сказаў, што пяць год крымінальная справа будзе расьсьледавацца, хадзіць туды-сюды, а потым яе здадуць у архіў”, — перадае зьмест гутаркі са сьледчым Леанід Аўтухоў.

Пасьля таго як летась актывіст зьвярнуўся ў міліцыю з заявай пра скрадзены крыж, яго самога спрабавалі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці за нібыта незаконны захоп зямлі ды самаўпраўства. Аднак справу не распачалі, бо дагэтуль ня знойдзены скрадзены невядомымі галоўны рэчавы доказ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG