Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пляцоўка для АЭС – 5 х 5 км <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Урадавая камісія наведала магчымую пляцоўку для будаўніцтва АЭС, што паміж вёскамі Газа ды Міхалішкі ў Астравецкім раёне Гарадзеншчыны. Раней была заява старшыні Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіла Мясьніковіча, што тое месца “найбольш дапушчальнае”. Прагучала і афіцыйнае паведамленьне: асноўная барацьба за права будаўніцтва разгорнецца паміж Расеяй і Кітаем. Што думаюць пра ўсё гэта мясцовыя жыхары?

І ў Менску, і нават у прылеглых да будучай пляцоўкі вёсках шмат чуў пра тое, што, маўляў, кар’ер для будаўніцтва АЭС выкапаны. Ніхто, аднак, ня ведаў, дзе ён знаходзіцца. Пасьля доўгіх блуканьняў на аўто заўважыў пасярод вялізнага – ня бачна краю – палетка машыну з надпісам: “Вышукная”. Земляныя работы тут не пачаліся, але начальнік геафізычнага атрада аб’яднаньня “Геасэрвіс” Леанід Малей упершыню паведаміў пра месца ды памеры будучай будоўлі.
“Тут працуюць і зь “Белгідрагеалёгіі”, Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя. Вось пляцоўка – 5 км у даўжыню на 5 у шырыню. Гэта ўжо ня толькі вышук, мы тут трэці месяц. Пра вывады гаварыць ня буду – толькі ўрад. Стаіць знак круглы – значыць, сейсмазнак для вызначэньня калыханьня глебы. Вунь там адзнака глыбіні – даламіт залягае на 94, а глеба на 142, 170 мэтраў...”
Па дарозе паміж Газай ды Міхалішкамі спыніўся ля трактара, дзе корпаўся кіроўца Валера. Побач – рознарабочая Тацьцяна. Пытаюся пра суседзтва з АЭС. Дарэчы, побач з Міхалішкамі заўважыў знак “Забароненая зона”. Аднак суразмоўцы гавораць з аптымізмам:
“Нармальна, хай будзе! Эканоміка падвысіцца, бюджэт раёну напоўніцца. Дый працоўныя месцы... А радыяцыя – дзяцей адсюль вывезу... А яе і так хапае...”
А вось 71-гадовы спадар Міклашэвіч, які спыніўся ля дарогі з конікам.



“Не ведаю, – кажа дзядуля. – Пэнсія 400 тысяч, конік свой і гаспадарка – на старасьць хопіць...”
Рознарабочы Віктар Астрагляд 7 год таму прыехаў на Астравеччыну з Украіны, дзе жыў у 15 км ад Кахоўскай АЭС. Да развагаў пра нібыта новыя працоўныя месцы ставіцца скептычна.
“Ды ну, мана, – кажа ён. – Людзі моцна мерці будуць. У нас невялікі магільнік быў. А цяпер... Бацька ад раку памер – ад АЭС. У суседкі сын 5 годзікаў – ад раку таксама. Ходзяць, кажуць: усё разьлічана, а ўсё роўна выхлапы ідуць. Атрымліваецца забруджаная вада, рыба моцна мрэ, і на ёй чырвоныя плямы. І птушкі нават травяцца. З’іхалы адтуль...”
Тэлефаную акадэміку Нацыянальнай акадэміі навук спадару Нікітчанку. Ён дасьледуе ўзьдзеяньне радыяцыі на зямлю, арганізм чалавека ад пачатку чарнобыльскай эры:
“Я ня ведаю, ці ёсьць хоць грам сумленьня ў тых, хто прапануе будаваць у Беларусі атамную станцыю. Радыяцыя ў любой колькасьці і дозе небясьпечная для арганізма. Ізатопы радыёактыўныя маюць розную колькасьць энэргіі, і лішняя выкідаецца ў навакольнае асяродзьдзе. Спачатку элемэнты патрапляюць у клетку, паслабляюць органы. Падвышаецца ўспрымальнасьць да хваробаў. Таму і скарачаецца век беларусаў, нараджальнасьць падае...”
Са мной разам вандраваў старшыня Смаргонскай філіі Партыі БНФ Алесь Дзергачоў.
“Пакуль што ніхто рэальна не разумее, што за небясьпека. Зараз інфармацыі ўсё больш, ёсьць афіцыйнае паведамленьне наконт будаўніцтва. Таму, магчыма, грамадзкі пратэст будзе. Для апазыцыі гэта сыгнал...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG