Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Застануся з бацькоўскаю моваю…” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У нядзелю ў вёсцы Гарошкаў, што непадалёк ад Рэчыцы, ладзілася сьвята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса. На могілках адкрыты надмагільны помнік знанаму паэту.


Гарошкаў – радзіма паэта, яго калыска й ягоная апошняе прыстань. Толіку, ці як яго тут называлі Цішка, сёньня было б толькі сорак дзевяць. 26 кастрычніка ў яго - дзень народзінаў.

У траўні 2005-га паэта заўчасна ня стала. Яго прывезьлі зь Менску і пахавалі тут, на гарошкаўскіх могілках побач з бацькам Ціханам – пад белымі бярозамі па-над Дняпром. І пад бел-чырвона-белым нацыянальным сьцягам.

Чытае Акулін: “Кахаю – вочы прачыталі.

Кахаю – вусны прашапталі.

Кахаю – душы прастагналі.

Кахаю – людзі закрычалі.

Каго?

Паэт сказаў: “Айчыну”.

Жаўнер: “Дзяўчыну”.

Хтось – сябе.

І сталі дружна, шчыра, шчыльна,

Як на касьбе ці на сяўбе…”

Гэтымі трапяткімі радкамі намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Эдуард Акулін распачаў а 12-й гадзіне на могілках урачыстую цырымонію адкрыцьця надмагільнага помніку Анатолю Сысу.


Скульптар Генік Лойка высек помнік з чырвона-чорнага граніту. На фоне масіўнага, нібы абскубанага стагодзьдзямі, крыжа – барыльеф паэта й надпіс: “Анатоль СЫС, 1959-2005”. Справа зьверху – срэбны салоўка на галінцы цярноўніка. На тыльным баку – высечанае чатырохрадкоўе паэта:


“Як па зорах, па расе

Твой апошні шлях праляжа.

Памірай, а жыта сей –

Рунь пра сейбіта раскажа”.

На адкрыцьцё помніку зьехалася шмат люду – паэты, мастакі, журналісты і проста прыхільнікі таленту Сыса зь Менску, Гомеля, Рэчыцы, з роднага Гарошкаву.

Эдуард Акулін так сказаў нашаму радыё пра ўшанаваньне памяці паэта:

“Сёньня мы спрычыніліся да беларускай вечнасьці, часткай якой ёсьць ужо сёньня Анатоль Сыс і ягоная паэзія. Бо сёньня мы – адкрылі помнік генію нацыянальнай паэзіі”.

Камяні на скрушню пад помнік зьбіралі сябры паэта пад Менскам. У іх ліку й Алесь Наварыч:

“Існуе духоўная культура і матэрыяльная. Помнік Анатоль ужо даўно зрабіў сабе сам – ён напісаў вершы, якія зьяўляюцца гэтым помнікам. І як бы патрэбы ў такім вялікім камяні, каб яго памятала інтэлігенцыя, няма. Людзі будуць чытаць ягоныя вершы. Будуць выдавацца й перавыдавацца кнігі. Ён будзе ўнесены ў хрэстаматыі, розныя падручнікі”.

Паэт Леанід Дранько-Майсюк ужо трэці раз на сьвяце паэзіі у гонар Сыса:

“ Успамінаецца Анатоль – і спакойны, і лагодны, і няўрымсьлівы. Думаю пра яго, як вельмі-вельмі значнага паэта, чыя творчасьць будзе ўвесь час прывабліваць усё новых і новых чытачоў. Мне хацелася б, каб чытачы большую ўвагу зьвярталі й на яго прозу. Я маю на ягоныя артыкулы, якія ён прысьвячаў Дубоўку. Дануце Бічэль-Загнетавай. Запамінальна, творча й зьмястоўна ён напісаў і пра слуцкія паясы”.

Гісторык літаратуры Язэп Янушкевіч на на ўрачыстасьці заявіў, што сяброўства з Анатолем Сысам пашырыла яго радзіму:

“Мая радзіма і магілы бацькоў ля Менску. Сяброўства з Анатолем і яго магіла пашырыла маю радзіму да ўзьбярэжжаў Сожа й Дняпра. На гэтай радзіме, на Гомельшчыне, прабілася яшчэ адна крыніца. І калі вы сёньня тут, то, можа, нечым спрагненыя ці задурманеныя хлусьнёў, вы прыходзіце сюды, як да чыстай вады”.

Пасьля адкрыцьця помніку сьвята перамясьцілася ў цэнтр вёскі Гарошкаў. На падворку роднай хаты Анатоля Сыса прайшлі паэтычныя чытанні ў музычны канцэрт. Выступілі паэты Васіль Жуковіч, Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч. Песьні сьпявалі Кастусь Герашчанка, Андрэй Мельнікаў ды іншыя барды.

Выступае сястра паэта Тамара


Помнік быў усталяваны сёлета ўлетку высілкамі сяброў, пісьменьнікаў, музыкаў, сваякоў ды проста нераўнадушных беларусаў.
XS
SM
MD
LG