Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Тыя “Дзяды” – факт нацыянальнай гісторыі, разуменьня сябе як народу"


30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі ў гонар Дня памяці продкаў “Дзяды”, якія былі гвалтоўна разагнаныя. Успамінае архіёляг Валянціна Вяргей.

“Мяне вельмі ўразіла на “Дзяды” колькасьць людзей, якіх я ня ведала. Калі напярэдадні на ўтварэньні “Мартыралёгу” мы зьбіраліся ў касьцёле, то я там значную частку людзей ведала. А тут... Нават не памятаю, з кім я была. Адчуваньне зараз, што я была адна, без знаёмых ў тым натоўпе.

Запомніла гэтыя вялікія машыны з вадамётамі – гэта было ўпершыню і ўспрымалася вельмі сёр’ёзна. Але дзіўна, што страху нейкага не было. Проста натоўп расьсеклі гэтай “сьвіньнёй”, натоўп стаў больш шчыльным па баках, а потым пачаў разыходзіцца. Скажу нават, што ўцёкаў не было. Памятаю, як перайшла праз вуліцу па пераходзе, не ўцякала.

Была надзея нейкая, што пачнуцца перамены ў жыцьці краіны і тваім жыцьці. Што гэтая магутная машына не заўсёды можа спрацаваць, нешта пачне адбывацца і прывядзе да кардынальных зьменаў.

Тыя “Дзяды” – факт нацыянальнай гісторыі, разуменьня сябе як народу, беларускага народу. І можа быць яшчэ разуменьне таго, што тыя савецкія ўлады, як і пасьлясавецкія, абсалютна не ўспрымаюць тое, што зьвязана з нацыянальнымі традыцыямі, з адраджэньнем народу”.

XS
SM
MD
LG