Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары скончыліся, пакараньні штрафамі працягваюцца


У Сьветлагорску судзьдзя раённага суду Ірына Алісейка пакарала буйнымі штрафамі ў памеры 1 мільён 400 тысяч рублёў адразу трох мясцовых дэмакратычных актывістаў – кіраўніка раённай арганізацыі ПКБ Сьвятлану Міхальчанку, сяброў Партыі БНФ Віктара Ахрамчука і Сяргея Шавяленку.

“Ня ведаю, як там у сталіцы, – кажа Віктар Ахрамчук, – а ў рэгіёнах сыстэма па-ранейшаму настроеная на рэпрэсіі супраць іншадумцаў. Я працую сьлесарам у аб’яднаньні “Хімвалакно”, зарабляю на месяц 700 тысяч рублёў. Мне трэба два месяцы ня піць і ня есьці, каб выплаціць такі штраф”.

Як паведамлялася, актывістаў міліцыя затрымала ў горадзе напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Усе яны ўваходзілі ў групу падтрымкі кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Сяргея Дайнэкі – былі ягонымі даверанымі асобамі. У іх канфіскавалі газэты “Товарищ”, а таксама малафарматныя выданьні “Выбар-08” і “Глоток воздуха”. Апрача гэтага, міліцыянты правялі ператрус на кватэры ў спадарыні Міхальчанкі.

Пасьля выбараў апазыцыянэраў выклікалі ў мясцовую пракуратуру, якая й накіравала адміністрацыйныя пратаколы ў суд. Усе трое абвінавачаны ў распаўсюдзе бюлетэняў “Выбар-08” без выходных зьвестак, а таксама ў абразе гонару і годнасьці высокіх дзяржаўных асобаў, якая нібыта ўтрымліваецца ў публікацыях бюлетэню “Глоток воздуха”.

Паказальна, што хадайніцтва адваката й абвінавачаных на правядзеньне экспэртызы зьместу публікацыяў судзьдзя Алісейка адхіліла.

Актывісты наважаныя абскардзіць пакараньне буйнымі штрафамі ў абласным судзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG