Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Перад Дзядамі здавалася: чарнавой працы яшчэ гадоў на пяць”


30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі ў гонар Дня памяці продкаў “Дзяды”. Мітынг 30 кастрычніка 1988 году быў гвалтоўна разагнаны. Скульптар Генік Лойка -- адзін з актыўных удзельнікаў аб’яднаньня “Талака”, якое непасрэдна спрычынілася да арганізацыі шэсьця. “Талака” была адным зь ініцыятараў стварэньня Канфэдэрацыі Беларускіх Суполак і БНФ “Адраджэньне”.


Лойка: “Можна сказаць што на аснове “Талакі” урэшце ўтварыўся Фронт. Калі дзейнічалі ў “Талацэ”, зразумела, ведалі, што ёсьць дарослыя такія ж нацыяналісты, што ёсьць сярод іх мастакі – Купава, Марачкін, Кулік. Пра Пазьняка даведаліся ўжо пасьля. Але адразу адчулі, наколькі моцная гэта асоба. Ён якраз у тыя часы загучаў і ня дзіўна, што вакол яго мы зьбіраліся.

Тады людзі вельмі прагнулі інфармацыі, прыходзілі да нас у “Талаку”, проста перапаўнялі залі. Бо хацелі ведаць праўду. Мы мелі намер зьбіраць народ на мітынгі, але было такое ўражаньне, што нам яшчэ працаваць і працаваць, чорнай працы -- найменей гадоў на пяць. А тут народ падняўся і атрымалася, што ўжо сьледам за народам мы пайшлі на гэты мітынг.

Натуральна, што ўвесь Савецкі Саюз быў на дыбах, і нам ужо трэба было падымацца. Але я чамусьці меркаваў, што яшчэ шмат недароблена, што мы яшчэ не данесьлі беларускасьць на ўсю нацыю, а толькі-толькі падумвалі пра гэта – як узьняць народ.

І вось 30 кастрычніка людзі выйшлі. Я глядзеў на гэта з захапленьнем -- людзі абудзіліся, прадэманстравалі сваю волю. Але было, як кажуць, і страшна – міліцыя ціснула. Праўда, тады і міліцыянты не навучаныя яшчэ былі; гэта цяпер усё зразумела, як каго душыць. А тады і яны былі ў разгубленасьці, і народ. Людзі, зразумела, ня могуць так арганізавацца, каб пайсьці шыхтамі; сэрца куды вяло -- туды і ішлі. Праўда была на нашым баку, хоць нас і разганялі.

Дарэчы, мяне тады ўпершыню пасадзілі. Разышліся мы з мітынгу і я пайшоў у парк Янкі Купалы -- якраз прайшоў скульптурны плэнэр, а я так працаў і не пабачыў. Разьвітаўся з сябрамі, прыехаў і стаў глядзець скульптуры. І якраз побач праяжджала міліцэйская машына, таксама пасьля мітынгу. Глядзяць – патлаты хлапец: “Хто такі? Вашыя дакумэнты!”. Я ім на беларускай мове адказваю: у мяне ёсьць пашпарт. “Пусьціце”, -- крычу, патламі трасу. Яны адразу зразумелі -- такога трэба браць. Сказалі, што ноч будуць трымаць, але не пратрымалі. Бо мітынг быў у Першамайскім раёне, а мяне ўзялі за мітынг у цэнтры, на Купалы. Няўвязка аказалася паміж раёнамі і мяне адпусьцілі”.


XS
SM
MD
LG