Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН не зьбіраецца скарачаць дапамогу Беларусі


Сёньня — Міжнародны дзень ААН. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый была ўтвораная пасьля заканчэньня Другой усясьветнай вайны. Яе статут быў падпісаны 26 чэрвеня 1945 году на канфэрэнцыі ў Сан-Францыска прадстаўнікамі 51-й краіны, у тым ліку і БССР.


Статут уступіў у сілу 24 кастрычніка 1945 году — гэтая дата і адзначаецца як Міжнародны дзень ААН. Зараз у складзе ААН больш за 180 дзяржаваў сьвету.

Зь верасьня 1992 году ў Беларусі стала працуе прадстаўніцтва ААН.

Цяпер дзейнічае Краінная праграма ПРААН для Рэспублікі Беларусь на 2006—2010 гады. У межах гэтай праграмы пасьпяхова рэалізуюцца 29 праектаў на суму больш як 70 мільёнаў даляраў. Гэта спрыяньне эканамічнаму росту і павышэньню ўзроўню жыцьця; экалёгія, аднаўленьне і ўстойлівае разьвіцьцё тэрыторый, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС; пашырэньне транспамежнага супрацоўніцтва, эфэктыўнае дзяржаўнае кіраваньне. Дарадца прадстаўніка ААН у Беларусі Ўладзімер Шчэрбаў кажа, што зараз прыярытэт аддаецца вузкім тэхнічным напрамкам:

“Напрыклад, наша супраца з урадам і канфэрэнцыяй ААН па гандлі і разьвіцьці, па падрыхтоўцы агляду інвэстыцыйнай палітыкі Беларусі. Менавіта гэты агляд павінен падказаць Беларусі, якім чынам яна зможа з улікам фінансавага крызісу і іншых розных варункаў прыцягваць больш зьнешніх інвэстыцыяў. Гэта прыклады кропкавых “інтэрвэнцыяў”. Мы ня можам ствараць працоўныя месцы, але ж мы падказваем, прапануем экспэртызу, падказваем краіне, як гэта можна зрабіць найлепшым чынам. Увогуле, нашыя праекты цяпер скіроўваюцца на тое, што па-ангельску завецца Policy advice — на мэтадычныя рэкамэндацыі”.

Паводле прагнозаў прадстаўніка ААН у Беларусі Антоніюса Брука, агульная грантавая падтрымка Беларусі праз сыстэму ААН дасягне да 2010 году 80—85 мільёнаў даляраў. Спадар Брук адзначыў, што задача прыцягненьня рэсурсаў у Беларусь няпростая:

“Узровень разьвіцьця Беларусі, калі вымяраць яго паводле крытэраў ААН — валавога ўнутранага прадукту, узроўню адукацыі, меркаванай працягласьці жыцьця — даволі высокі. Краінам-донарам і ААН усё цяжэй накіроўваць рэсурсы ў тым жа аб'ёме ў Беларусь, бо ёсьць значна бяднейшыя краіны. Але патэнцыял ёсьць, і ААН будзе працягваць тут працаваць. Да таго ж і Беларусь можа прапаноўваць свае веды, досьвед, а магчыма, і рэсурсы, дзяліцца імі зь іншымі краінамі”.

Спадар Брук падкрэсьліў, што ААН не зьбіраецца пакідаць Беларусь альбо скарачаць дапамогу. Ужо сёлета пачне абмяркоўвацца рамачная праграма на 2011—2015 гады. Будуць працягвацца праекты па барацьбе са СНІДам і сухотамі, праекты па энэргаэфэктыўнасьці і выкарыстаньні аднаўляных крыніцаў энэргіі, праца ў рэгіёнах, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, праекты ў галіне ўдасканаленьня дзяржаўнага кіраваньня. У бліжэйшай пэрспэктыве распачнецца праект, мэта якога — дапамагчы Беларусі далучыцца да Канвэнцыі па правох інвалідаў.


XS
SM
MD
LG