Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўропа вырашае, з кім весьці дыялёг у Беларусі


Працоўны візыт першага намесьніка міністра замежных спраў Чэхіі Томаша Пояра ў Беларусь мае сваю адметнасьць.

З 1 студзеня 2009 году менавіта Чэхія пачне старшыняваць у Эўразьвязе. Так што перамовы ў Менску ахопліваюць ня толькі двухбаковыя дачыненьні Чэхіі і Беларусі, але і наўпрост тычацца дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам.

Свае сустрэчы ў сталіцы Беларусі Томаш Пояр пачаў зь лідэраў апазыцыі. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які цяпер старшынюе ў АДС, пасьля перамоваў сказаў “Свабодзе”:

Мы перадалі ў пісьмовым выглядзе нашы прапановы
“Мы перадалі ў пісьмовым выглядзе нашы прапановы. Гэта наша бачаньне таго, што пажадана, каб зрабілі беларускія ўлады для наладжваньня паўнавартаснага дыялёгу з Эўрапейскім Зьвязам.

І ў Варшаве, і на сёньняшняй сустрэчы гаварылі пра тое, што дыялёг можа быць толькі на трохбаковай аснове. У ім абавязкова павінен быць такі суб’ект, як Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, якія прэзэнтуюць інтарэсы прыхільнікаў дэмакратычных зьменаў у Беларусі. Гэта наша прынцыповая пазыцыя. Я ведаю, што кіраўнікі ня ўсіх дыпляматычных ведамстваў, якія акрэдытаваныя ў Беларусі, прытрымліваюцца гэтай лініі. Сёй-той хацеў бы зьвесьці гэта да двухбаковых стасункаў. Але тое, што і Сікорскі ў Варшаве, і сёньня Пояр праводзяць кансультацыі з намі, сьведчыць, што пакуль дэ-факта так і адбываецца”.

Палітоляг, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў лічыць: сваімі апошнімі дзеяньнямі Брусэль паказвае, што гатовы да двухбаковых перамоваў з уладамі Беларусі:

“Мэсыдж, які ідзе ад беларускіх уладаў, такі: з Захадам мы размаўляць гатовыя. Але безь ніякага ўдзелу апазыцыі. З другога боку, апазыцыя артыкулюе, што любыя перамовы Захаду з уладамі павінны быць з удзелам апазыцыі. І Захаду паміж гэтымі скрайнімі пазыцыямі даводзіцца лявіраваць і нешта выбіраць.

Я думаю, што канчатковае рашэньне наконт гэтага яшчэ не прынятае. І якім яно будзе, пакуль што цяжка сабе ўявіць”.

Што тычыцца двухбаковых дачыненьняў Беларусі і Чэхіі, то, на думку беларускага МЗС, “ім патрэбна актывізацыя”. І тут трэба згадаць, што беларуска-чэскія дачыненьні рэзка пагоршыліся пасьля таго, як МЗС Чэхіі ў лістападзе 2002 году адмовіў ва ўязной візе Аляксандру Лукашэнку. Тады кіраўнік беларускай дзяржавы зьбіраўся прысутнічаць на саміце Рады Эўраатлянтычнага партнэрства. А афіцыйны Менск абвінаваціў беларускую апазыцыю, у прыватнасьці асабіста Анатоля Лябедзьку, што той нібыта спрабаваў сарваць пастаўкі чэскага зерня ў Беларусь. Спадар Лябедзька сёньня так камэнтуе гэты эпізод:

Я не пісаў ніякіх лістоў — ні чэскаму ўраду, ні чэскім парлямэнтарам
“Гэта нейкі такі прывід, які выцягнулі зь нейкай шафы ці яшчэ аднекуль, каб напалохаць беларускіх грамадзянаў. Насамрэч нічога такога не было. Я не пісаў ніякіх лістоў — ні чэскаму ўраду, ні чэскім парлямэнтарам.

Мы заўсёды выступалі за тое, каб было супрацоўніцтва. Але мы выступалі супраць таго, каб яно зводзілася да пустой рыторыкі. Гэта сутнасны падыход, які можна аднесьці да ўзаемаадносінаў Менску ня толькі з Прагай, але і зь іншымі эўрапейскімі сталіцамі”.
XS
SM
MD
LG